Завяршыўся афіцыйны візіт прэзідэнта Егіпта ў Беларусь

19 июня 2019

У аэрапорце  свайго калегу праводзіў асабіста Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Гэта знак асаблівай сяброўскай прыхільнасці  і паспяховасці  візіту. Аляксандр Лукашэнка і Абдэль Фатах ас-Сісі  правялі кароткую размову перад адлётам. Прэзідэнт Егіпта асабліва адзначыў гасціннасць, з якой сустракалі дэлегацыю на беларускай зямлі,  а таксама той факт, што, нягледзячы на ранні час,  беларускі лідар прыняў рашэнне асабіста праводзіць госця.

З моманту папярэдняй сустрэчы ў Егіпце ў 2017 годзе  паміж лідарамі краін склаліся вельмі добрыя і цёплыя адносіны. Цяперашні візіт лідара арабскай рэспублікі  стаў дадаткам да ўжо дасягнутых пагадненняў і дамоўленасцяў.

Абдэль Фатах аль-Сісі,  Прэзідэнт Егіпта: "Мы знайшлі паразуменне ў інтарэсах умацавання супрацоўніцтва і двухбаковых адносін паміж нашымі краінамі на карысць народаў Егіпта і Беларусі. Перамовы, якія ў нас адбыліся, адлюстроўваюць, наколькі вялікія перспектывы ёсць для развіцця двухбаковых адносін. Але яшчэ больш важна:  паказваюць, наколькі Вы вялікі, харызматычны, выдатны чалавек. Для мяне заўсёды вялікі гонар і радасць з Вамі сустракацца".

Па добрай традыцыі  высокі госць не застаўся без падарункаў ад беларускага лідара. Аляксандр Лукашэнка перадаў прэзідэнту Егіпта прэзенты:  чорную ікру айчыннай вытворчасці, клубніцы і хлеб.

А напярэдадні адбыўся вялікі перагаворны дзень у Палацы Незалежнасці. Лідары адзначылі:  створана добрая база супрацоўніцтва, але гэты ўзровень  далёка не мяжа. Галоўнае - сяброўскія адносіны і жаданне глядзець у адзін бок. Зараз дзяржавы прапрацоўваюць і рэалізуюць больш  за 15 сумесных праграм - у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, навуцы і падрыхтоўцы кадраў. Па выніках перамоў прынялі дарожную карту супрацоўніцтва. Яна разлічана на найбліжэйшыя  два гады.