Завяршыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Пакістан

29 мая 2015

Меней за гадзіну таму борт нумар адзін прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Вынікам сённяшніх перамоў Кіраўніка беларускай дзяржавы і прэм'ер-міністра Пакістана стала падпісанне Ісламабадскай дэкларацыі двухбаковага партнёрства. Бакі абмеркавалі ўзаемадзеянне ва ўсіх сферах: у гандлі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, інвестыцыях, культуры, адукацыі. Аляксандр Лукашэнка запрасіў пакістанскі бізнес інвесціраваць у Беларусь, напрыклад, у стварэнне сумесных швейных прадпрыемстваў. А пляцоўкай для стварэння вытворчасцяў можа стаць Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк "Вялікі камень". Дамовіліся краіны развіваць і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Пра сур'ёзнасць намераў сведчыць адкрытасць і здольнасць ісці насустрач адзін аднаму. У літаральным сэнсе. Чакаецца, што прэм'ер Наваз Шарыф наведае Мінск у жніўні. Пра гэта таксама стала вядома сёння. Усяго ж за час знаходжання Аляксандра Лукашэнкі ў Ісламабадзе падпісана каля дваццаці дакументаў.

З вынікамі другога, заключнага, дня афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Пакістан - Сяргей Гусачэнка.

Другі дзень афіцыйнага візіту беларускага лідара ў Пакістан пачаўся тут - у рэзідэнцыі прэм'ер-міністра Ісламскай Рэспублікі. Картэж беларускага лідара прыбыў ва ўрадавы квартал Ісламабада раніцай. Яшчэ ўчора кіраўнік урада сустракаў Аляксандра Лукашэнку ля трапа самалёта, і палітыкі нават паспелі трохі пагутарыць, сёння ёсць магчымасць дэталёва абмеркаваць эканамічнае і палітычнае супрацоўніцтва дзвюх краін.

У пакістанскага прэм'ера няпросты лёс. Урад узначальваў яшчэ ў 90-х, а пасля паспеў пабываць нават у палітычнай ссылцы. У знаёмае крэсла вярнуўся два гады таму. Сёння ў Пакістане палітычная стабільнасць, і краіна паслядоўна развівае адносіны, у тым ліку і з новымі партнёрамі.

Урачыстую цырымонію сустрэчы мясцовыя тэлеканалы паказваюць у прамым эфіры. Рота ганаровай варты, гімны дзвюх краін. Нібы па заказе, у Ісламабадзе сёння злёгку пахмурна і не так горача - фактычна беларускае лета.

Палітыкі пачынаюць гутарку ў вузкім складзе, журналістам даступны толькі невялікі пратакол, пасля да размовы далучаюцца дэлегацыі.

Для Беларусі цікавасць выклікае ўдзел у рэалізацыі буйных праектаў у Пакістане. Наша краіна здольная пад ключ узвесці буйныя прамысловыя аб'екты, вопыт будаўніцтва ёсць - ад Туркменістана да Венесуэлы. Абмеркавалі таксама пастаўкі беларускай тэхнікі, узаемадзеянне ў нафтаздабываючым сектары.

Завяршэнне двухдзённага візіту і фактычна тыднёвых перамоў беларускай дэлегацыі - падпісанне двухбаковых дакументаў. Пэўна, самую прыемную цырымонію афіцыйнага пратаколу адкрываюць Прэзідэнт і прэм'ер. Палітыкі падпісваюць дэкларацыю беларуска-пакістанскага партнёрства.

Бакі дамовіліся пашырыць узаемадзеянне ў прававой і ваенна-тэхнічнай сферы, у галіне адукацыі, навукі і тэхналогій. Адразу некалькі дакументаў датычацца інфармацыйнай сферы.

Мемарандумы аб паразуменні падпісалі міністэрствы прамысловасці дзвюх краін і Акадэміі навук Беларусі і Пакістана. Знешнепалітычныя ведамствы маюць намер стварыць механізм двухбаковых кансультацый. У пакеце - і пагадненні гандлёва-прамысловых палат. Усяго ж падпісана дваццаць дакументаў. Пакістан для Беларусі - перспектыўны партнёр у Азіі, падкрэсліць Аляксандр Лукашэнка ў гутарцы з журналістамі. А таму і супрацоўніцтва павінна быць усебаковае. Ужо ў жніўні пакістанскі прэм'ер прыляціць у Мінск. Таксама ў беларускай сталіцы з'явіцца і дыппрадстаўніцтва Пакістана.

Тавараабарот паміж дзвюма краінамі патэнцыялу не адпавядае. 60 млн долараў – відавочна, не тая лічба, якой можна пахваліцца. Даказалі гэта і актыўныя перамовы дзелавых колаў: усяго за тыдзень паўтара дзясятка кантрактаў амаль на такую ж суму. Лічбы статыстыкі выпраўляць прыйдзецца сур'ёзна. Бо толькі праектаў па сумесным выпуску тэхнікі адразу некалькі. Першы "Беларус" ужо зроблены ў Карачы, і сёння сертыфікат, дзе намаляваны першы трактар, Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэм'еру. Мерапрыемства, не прадугледжанае пратаколам, прыемна здзівіла Наваза Шарыфа.

Акрамя таго, у Лахоры спецыяльную тэхніку будзе збіраць "Амкадор". Грузавікі МАЗ ужо сёлета сыдуць з канвеера ў Пакістане.

ВУП Пакістана расце дзесяць гадоў запар. Не распешчаная вуглевадародамі краіна змушаная ўкладваць у тэхналогіі, новыя вытворчасці і засваенне карысных выкапняў. У Пакістане - вялізны рынак, у Беларусі - сучасныя тэхналогіі: выгада ўзаемная. На перспектыўным двухсотмільённым рынку наша краіна спрабуе замацавацца загадзя. Зрэшты, адкрывае і свае дзверы. Так, у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку чакаюць пакістанскія кампаніі.

Ужо па дарозе ў аэрапорт беларускі лідар заязджае ў адно са знакавых месцаў Ісламабада для ўдзелу ў цырымоніі, якая для першага візіту падаецца знакавай удвая. Парк "Шакарапарыян" знаходзіцца ў гістарычным цэнтры Ісламабада. На вяршынях растуць сады руж і язміну, а таксама хвоі, паводле традыцыі, пасаджаныя кіраўнікамі дзяржаў, якія наведвалі Пакістан. Сёння ў парку з паўвекавой гісторыяй з'явілася і дрэва Прэзідэнта Беларусі.

А ў кнізе ганаровых гасцей - запіс беларускага лідара.

Інфармацыйных падстаў з пазнакай "Беларусь - Пакістан" у найбліжэйшы час, напэўна, будзе нямала. Увосень пакістанскія бізнесмены прыедуць у Мінск для ўдзелу ў першым пасяджэнні дзелавога савета, яшчэ раней група навукоўцаў наведае выставу "Белагра". Афармляць мясцовыя візы не раз давядзецца і прадстаўнікам прадпрыемстваў і бізнесу. Бо механізм запушчаны на вышэйшым узроўні. Доўгія гады эканамічныя кантакты паміж Ісламабадам і Мінскам амаль адсутнічалі. І сёння краінам, відавочна, ёсць што наганяць.