Завяршыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў КНР

17 июля 2013

Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з прэм'ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянам. Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з'яўляецца асновай у развіцці адносінаў Беларусі з Кітаем, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Па словах Прэзідэнта, зараз у беларуска-кітайскіх адносінах неабходна нарошчваць менавіта інвестыцыйны складальнік. Беларускі бок асабліва зацікаўлены ў прыцягненні інвестараў у Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк. Прыярытэтнымі сектарамі з'яўляецца біяфармацэўтыка, новыя матэрыялы, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. У сваю чаргу Лі Кэцян выказаў упэўненасць, што цяперашні візіт Прэзідэнта Беларусі дазволіць вывесці двухбаковыя адносіны на якасна новы ўзровень і надасць новы імпульс шматпланаваму супрацоўніцтву.


Пасля Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета. Юй Чжэншэн выказаў упэўненасць, што цяперашні візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы, падчас якога падпісана дэкларацыя аб наладжванні адносінаў усебаковага стратэгічнага партнёрства, будзе стымуляваць сяброўства і супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.


Плённыя перамовы ў Пекіне правялі і члены беларускай дэлегацыі. Па іх выніках падпісана больш за 30 двухбаковых дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах на агульную суму каля 1,5 мільярда долараў.