Завяршыўся афіцыйны візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Егіпет

16 января 2017

Другі перагаворны дзень стаў вельмі выніковым.  Сёння прэзідэнты дзвюх краін прадоўжылі перамовы наконт актывізацыі дыялогу - спачатку  сам-насам, а пасля ў прысутнасці дэлегацый у рамках беларуска-егіпецкага дзелавога форуму.  Цяперашні візіт стварыў добрую платформу для пашырэння двухбаковага партнёрства. Бакі заключылі кантракты на дзясяткі мільёнаў долараў. У прыватнасці, Мінскі трактарны завод падпісаў дамову аб пастаўцы тэхнікі ў Егіпет. МАЗ вядзе перамовы аб адкрыцці зборачнай вытворчасці ўжо да канца гэтага года. Таксама Беларусь і Егіпет настроены на пашырэнне сувязяў у галіне атамнай энергетыкі і будаўнічай сферы. У планах і распрацоўка дарожнай карты ўсебаковага супрацоўніцтва, што дазволіць  вывесці партнёрства на якасна новы ўзровень.  Вынікі афіцыйнага візіту беларускага лідара ў Егіпет -   з Каіра Ілона Красуцкая.

 Гэтая раніца для беларускай дэлегацыі, удзельнікаў бізнес-форуму ў Каіры выдалася надта ранняй. Самы вялікі і густанаселены горад арабскага свету, 20- мільённы Каір, дыктуе свае правілы. Гаворачы простай мовай,  увесь Каір -  гэта адзін суцэльны затор. У сталіцы Егіпта ўсяго 2 дзясяткі святлафораў. Менавіта таму бізнесмены і афіцыйныя асобы часта спазняюцца на сустрэчы. Многім і зусім даводзіцца праводзіць нарады ў сваіх машынах.

Улічваючы гэтую акалічнасць, служба дзяржпратакола і вярстала графік беларускага лідара. Пакуль бізнесмены дабіраліся на пляцоўку форуму, Кіраўнік беларускай дзяржавы праводзіў перамовы з прэм'ер-міністрам Егіпта. Дарэчы, гэтыя кадры насамрэч унікальныя. У краіне ён, мабыць, самая непублічная персона, усяляк пазбягае ўвагі журналістаў. У аснову супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі павінны легчы пытанні эканомікі і абароны.

Цяперашні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет і  сустрэчы з яго лідарам стварылі добрую платформу для пашырэння двухбаковага партнёрства.  Напярэдадні на перамовах у Каіры закрытых тэм не было. Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся: узаемнае супрацоўніцтва неабходна зрабіць больш паўнаважкім і выніковым. Пасля візіту ў Судан беларуская дэлегацыя вернецца ненадоўга ў Мінск і зноў адправіцца ў Егіпет - вярстаць дарожную карту супрацоўніцтва. Гэта ключавая дамоўленасць кіраўнікоў дзяржаў. А ў пацвярджэнне таго, што новыя праекты не аддаленая перспектыва, палітыкі паставілі подпісы пад канкрэтнымі дамоўленасцямі. Усяго 10 двухбаковых дакументаў.

Першае, гэтае развіццё прамысловай кааперацыі. Сёння з канвеераў у Каіры сходзяць беларускія трактары і грузавікі. У сталіцы Егіпта дзейнічае зборачная вытворчасць МАЗ і два брэнды МТЗ. За больш як паўвекавую гісторыю прысутнасці на афрыканскім рынку Мінскі трактарны паставіў больш за 40 тысяч "Беларусаў". Літаральна пару дзён таму мадэрнізаваная вытворчасць адкрылася ў егіпецкай Александрыі.

Мадэль 1221 гендырэктар МТЗ Фёдар Дамаценка называе люксавым трактарам. Энерганасычаны, 2 у 1. Памочнік у сельскай гаспадарцы і будаўніцтве. Самая папулярная мадэль у краінах СНД, асабліва ў Расіі. Рухавік пад тропікі - вытрымлівае ўсе плюс 50. Сёлета МТЗ адправіць у Егіпет яшчэ  1,5 тысячы машына-камплектаў на суму  20 мільёнаў долараў.

У 2015 годзе краіны дасягнулі максімальнай адзнакі ў гісторыі ўзаемнага гандлю. Размова пра амаль 200 мільёнаў долараў. Аднак гэтая лічба ўжо не актуальная. Праўкі ў бок павелічэння ўносяць  дамоўленасці лідараў і беларуска-егіпецкі бізнес-форум. Гасцінічны комплекс "Аль Масах" стаў сапраўдным сімвалам будучага эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін. Цяперашні форум трэці па ліку. Але такі маштаб упершыню. Удзельнікі -  паўтысячы  кампаній. Гэта прадстаўнікі самых розных сфер: энергетыкі, транспарту, нафтахіміі, фармацэўтыкі і перапрацоўкі. З сумеснай прадукцыяй партнёры гатовыя выходзіць на рынкі трэціх краін.

Топ-менеджары буйных егіпецкіх кампаній ужо знаёмыя з беларускімі калегамі. Зрэшты, нашы бізнесмены ўжо паспелі прывыкнуць да спецыфічнага арабскага стылю перамоў. Візітоўкі і дакументы тут прынята перадаваць толькі правай рукой. І толькі пасля гутарак аб здароўі, настроі можна пераходзіць да абмеркавання ўзаемавыгадных ініцыятыў. Затое гэтая частка перамоў была канкрэтнай. Мы атрымліваем сучасныя вытворчасці. Егіпет - выхад на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза.

Перамовы ў фармаце "бі ту бі" (сам-насам) - ужо сусветны трэнд. Для пасоўвання дамоўленасцяў, нягледзячы на выгоды ХХІ стагоддзя (тэлефоны, інтэрнэт) па-ранейшаму ў прыярытэце асабістыя кантакты. Тым больш што ўсходнія партнёры, у тым ліку ў Егіпце - праніклівыя і асцярожныя бізнесмены. Дзелавыя адносіны фарміруюць выключна падчас узаемных візітаў, бізнес-форумаў і выстаў.

Яшчэ напярэдадні бізнес дзвюх краін атрымаў сігнал - форум адкрыюць прэзідэнты Беларусі і Егіпта. Па сутнасці заручыліся падтрымкай на вышэйшым узроўні. Кіраўнікі дзяржаў прыбываюць на пляцоўку форуму і адразу ідуць на чарговы раўнд перамоў. У прысутнасці міністраў яшчэ раз дэталёва абмяркоўваюць праекты.

Бізнесмены таксама не марнуюць часу - дыскутуюць і падпісваюць кантракты. МАЗы ў Егіпце збіраюць ужо 10 гадоў. Беларускае прадстаўніцтва адкрылі ў Каіры летась у сакавіку. Сёлета з'явіцца яшчэ адна зборачная вытворчасць. У партфелі Мінскага аўтамабільнага кантракт на мільён долараў. Гэта пастаўкі грузавікоў, дарожнай і будаўнічай тэхнікі.

Пастаянны рост насельніцтва (а ў Егіпце пражываюць ужо больш за 90 мільёнаў чалавек) і попыту на харчаванне вымушае ўрад стымуляваць развіццё сельскай гаспадаркі. Уласнымі прадуктамі харчавання краіна забяспечвае сябе толькі на 40 працэнтаў. На афрыканскім плацдарме маюць намер замацавацца і беларускія экспарцёры. Кантракт не на адзін мільёнаў долараў зараз і ў агракамбіната "Дзяржынскі". У найбліжэйшы час з'явіцца і сумеснае прадпрыемства па перапрацоўцы мяса птушкі.

Гісторыя паставак тэхнікі БелАЗ у Егіпет пачалася ў 1960-я гады. Нядаўна 130-тоннік у Жодзіне асабіста выпрабаваў губернатар Паўднёвага Сіная. Кар'ерныя самазвалы задзейнічаюць у праекце пад назвай "Залаты трохвугольнік". У Егіпет БелАЗы адправяцца на распрацоўку радовішчаў карысных выкапняў (гліны, граніту, мармуру).

 

Пасля гадзінных перамоў кіраўнікі дзяржаў адпраўляюцца на выставу беларускай тэхнікі. На адкрытай пляцоўцы шматлікія мадэлі трактароў "Беларус", самазвалы, цягачы МАЗ. Аляксандр Лукашэнка паўтарае: мы партнёры, сакрэтаў няма. Беларусь гатовая перадаць тэхналогіі па вытворчасці аўтамабільнай тэхнікі.

Пасля прэзідэнты вяртаюцца да бізнесменаў. Ужо з трыбуны Аляксандр Лукашэнка папросіць прабачэння за затрымку, але ў той жа час палітыкі аблегчылі топ-менеджарам працу. Многія праекты ўзгодненыя на вышэйшым узроўні, зараз ініцыятыва за вамі - рэзюмуе беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка па сутнасці арганізуе публічную прэзентацыю эканамічнага патэнцыялу краіны. Толькі гучныя факты. 30% цяжкіх кар'ерных самазвалаў, што вырабляюцца ў свеце, і 17% камбайнаў - беларускія. МТЗ уваходзіць у васьмёрку найбуйнейшых вытворцаў трактароў на планеце. Знакавую сустрэчу прысутныя фіксуюць на тэлефоны, планшэты і тут жа тыражуюць у сацсетцы. Аляксандр Лукашэнка заўважае: можа, вы не засяроджвалі ўвагу, але Viber таксама наш!

 

Абдэль Фатах аль-Сісі, прэзідэнт Егіпта: "Пачаўся прагрэсіўны этап у нашых адносінах. Мы дамовіліся, што адбудзецца новы раўнд перамоў паміж нашымі краінамі па падтрымцы двухбаковага супрацоўніцтва ў розных галінах. Прамысловасць галоўная ў гэтым спісе. Мы запрашаем беларускі бізнес мадэрнізаваць нашу сельскую гаспадарку. Егіпецкая эканоміка адчувала вялікія цяжкасці за апошнія гады. Мы чакаем замежныя інвестыцыі ў Егіпце".

Зараз Каір нагадвае вялікую будоўлю. Менавіта новы прэзідэнт краіны Абдэль Фатах аль-Сісі ініцыіраваў запуск маштабнага праекта па будаўніцтве жылля. Доўгачаканыя квадратныя метры нарэшце атрымаюць паўмільёна егіпцян. Яшчэ 8 мільёнаў пераедуць у новую сталіцу Егіпта. Яе пабудуюць за 60 км ад Каіра і Суэцкага канала. Праект ужо называюць другім Дубаем. Горад зможа пасапернічаць з самым шыкоўнымі бізнес-цэнтрамі ААЭ і свету і разгрузіць перанаселены Каір. Асноўныя інвестары - Эміраты і Кітай. А вось жыллё для навасельцаў дапамогуць пабудаваць беларускія будаўнікі і наша тэхніка "Амкадор".

 

Ад пляцоўкі бізнес-саміту картэж беларускага Прэзідэнта адпраўляецца да будынка егіпецкага парламента. Ужо год у Егіпце працуе новы склад. Сёлета амаль 600 дэпутатаў. Кіраўнік - Алі Абдэль Алем. Дарэчы, ён адзін з ініцыятараў стварэння груп сяброўства ў парламентах Беларусі і Егіпта.

 

Егіпет імкнецца нагнаць упушчанае за час ваенных канфліктаў, эканамічнага і палітычнага крызісу. Каб дасягнуць прагрэсу ў розных сферах, краіне яшчэ трэба прыкласці нямала намаганняў. Бо невыпадкова ў перакладзе з арабскай назва сталіцы гучыць як "Аль-Кахіра", г. зн. "Пераможная". Пераадолець цяжкасці, выйсці на запланаваныя межы значна прасцей разам з партнёрамі, якія ў любы момант гатовыя падставіць плячо. Зараз у арабскім свеце дакладна ведаюць: сярод іх і Беларусь. Бо ва ўсходняй вялікай палітыцы не бывае дробязяў. Аляксандра Лукашэнку ў аэрапорце асабіста праводзіў прэзідэнт Егіпта. Значыць, зусім хутка можна чакаць працяг беларуска-егіпецкіх кантактаў.