Завяршыўся афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан

21 ноября 2013
Галоўныя навіны ў беларускай палітыцы і эканоміцы ўжо другі дзень маюць бакінскую прапіску. Сёння мы зноў пачынаем з перамоў у Азербайджане, дзе некалькі гадзін таму завяршыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта гэты дзень перамоў эксперты загадзя называлі асноўным. І ведаючы, што адносіны паміж лідарамі дзвюх краін носяць блізкі і сяброўскі характар, мала хто сумняваўся, што сённяшні дыялог будзе адкрытым і канструктыўным. Так і атрымалася. Спачатку ў вузкім, а затым у пашыраным складзе прэзідэнты гаварылі галоўным чынам пра тое, як і без таго паспяховаму супрацоўніцтву надаць яшчэ больш дынамікі.

Перспектыўным вызначылі развіццё вытворчай кааперацыі (як адзін з прыкладаў - вялікія азербайджанскія планы Амкадора), затым - выхад сумеснай прадукцыі на рынкі трэціх краін, актывізацыі патрабуе і інвестыцыйнае ўзаемадзеянне.

Тавараабарот мае з аднаго боку добрую дынаміку, з іншага - патэнцыял для павелічэння. У наступным годзе плануем паставіць на Апшэронскі паўвостраў прадукцыі на 300 мільёнаў долараў.

Яшчэ адна сфера - нафтавая. І тут у беларусаў ёсць што партнёрам прапанаваць. Пакет дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах і сумесная дэкларацыя, падпісаная кіраўнікамі дзяржаў, - такі вынік мінулых перамоў. Канкрэтную карысць якіх, зрэшты, мы адчуем ледзь пазней, калі новыя сумесныя праекты пачнуць увасабляцца.

З Баку - рэпартаж Сяргея Хамянтоўскага.


Упершыню на берагі Каспія Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у маі 2007-га. Тады і прызнаўся, што яшчэ з юнацтва хацеў пабываць у Баку. У горадзе, які стаў для савецкага кіно замежным Усходам. Менавіта тут на вузкіх вуліцах старога Баку з крыкам Чорт пабяры! падалі персанажы Брыльянтавай рукі.


Не ў кіношны, а на сапраўдны Каспій адкрылася дарога для Беларусі ў 2007 годзе. На Гянджынскім аўтазаводзе пачалі збіраць беларускую тэхніку. За 6 гадоў з канвеера сышло сем тысяч адзінак трактароў і аўтатэхнікі МАЗ.


Сёння ў Баку дамовіліся пастаўкі прадукцыі машынабудавання нарасціць і паглыбіць прамысловую кааперацыю.


Выходзіць на мясцовы рынак найбуйнейшы ў СНД вытворца спецтэхнікі Амкадор. На Апшэронскім паўвостраве ўжо ёсць дылер, праз год - два пад Баку з'явіцца завод Амкадора.


Загульба - фешэнэбельны курорт на Апшэронскім паўвостраве. Тут і сустрэліся Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў. Афіцыйны візіт заўсёды падпарадкаваны дакладным канонам пратакола. За тым толькі выключэннем, што ў кожнай краіне свае асаблівасці сустрэчы. У Азербайджане цырымоніі вельмі ўрачыстыя.


Шчырыя ўсмешкі падчас сустрэчы - доказ таго, што Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў не проста палітыкі, хутчэй, сябры. Пад стаць і адносіны паміж краінамі, якія выйшлі на ўзровень стратэгічных. Гандаль з 2006 года вырас у 6 разоў. Тавараабарот дасягнуў чвэрці мільярда долараў.


Калі нас здзіўляе нафтавае багацце, азербайджанцаў - беларуская прамысловасць. Знайсці тут нашу тэхніку без прабегу не праблема. З 2007 года Гянджынскі аўтазавод сабраў сем тысяч трактароў, аўтамабіляў і аўтобусаў МАЗ. Спіс дапоўняць зборкай сельгасмашын. Прэзідэнты пацвердзілі гатоўнасць развіваць прамысловую кааперацыю. Дамовіліся разам гандляваць на вялікім рынку Каспійскага рэгіёну.


Нафта - гэта драйвер эканамічнага росту Азербайджана. Бізнес, завязаны на чорнае золата, гатовы ўкладваць капіталы за мяжой. Беларусь зацікаўленая ў прыходзе буйных азербайджанскіх фундатараў і гатовая стварыць для іх па-азербайджанску цёплы бізнес-клімат.


Беларусь прапаноўвае дапоўніць партфель дамоўленасцяў праектамі ў навукова-тэхнічнай сферы. Сумгаіцкі тэхналагічны парк - адзін з мегапраектаў Ільхама Аліева. Найбуйнейшы тэхнапарк у Еўропе. Тут усё валодае экспартным патэнцыялам і заснаванае на зялёных тэхналогіях. Гэты вопыт нам карысны. Інавацыйна-тэхналагічны кластар стварае і Беларусь. Азербайджанскім навукоўцам цікавая беларуская сістэма прасоўвання інавацыйных праектаў ад распрацоўкі да ўкаранення ў рэальны сектар эканомікі.


Адзін са складальнікаў партнёрства - яго чалавечае вымярэнне. Расце лік студэнтаў з Азербайджана, якія навучаюцца ў Беларусі. Сёння два прэзідэнты знайшлі новыя формы ўзаемадзеяння ў адукацыйнай сферы.


Сур'ёзнае пашырэнне двухбаковых адносін у эканамічнай і гуманітарнай сферах дазволіла выйсці да сённяшняй сустрэчы з вялікім пакетам дакументаў. Іх падпісанне падагульнілі перамовы.
Спачатку прэзідэнты, а потым і міністры завізавалі двухбаковыя пагадненні. Падлічылі магчымы прыбытак. Аб выніках перамоў Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў распавялі журналістам.


Рэалізацыя бакінскіх дамоўленасцяў абяцае краінам немалую выгаду. У наступным годзе Мінск і Баку маюць намер узяць эканамічную планку ў 300 мільёнаў долараў. У Беларусі на Каспіі сапраўды вельмі добры партнёр. Партнёр стратэгічны.


Завяршыўшы афіцыйную частку, прэзідэнты прадоўжылі зносіны за не менш афіцыйным абедам у гонар Кіраўніка Беларусі.