Пасяджэнне беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве пройдзе ў лістападзе

20 сентября 2018

Для Беларусі важна далейшае паглыбленне ўзаемадзеяння з Кітаем. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з членам пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК Кампартыі КНР, дзе Чжаа Лэцзі таксама ўзначальвае дысцыплінарную камісію. Палітык сапраўды высокага рангу, з'яўляецца даверанай асобай Старшыні Кітая Сі Цзіньпіна. Беларусь і КНР злучае давернае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства. Такі высокі ўзровень узаемадзеяння афіцыйны Пекін падтрымлівае толькі з чатырма дзяржавамі, уключаючы нашу краіну. Да таго ж Беларусь - стратэгічны пункт маштабнага праекта, які рэалізуе Кітай, - "Адзін пояс - адзін шлях". За больш як чвэрцьвекавую гісторыю дыпадносін тавараабарот вырас амаль у сто разоў. Зараз гэты паказчык перавышае тры мільярды долараў.

За ўсімі гэтымі вынікамі стаіць і асабістае сяброўства лідараў Беларусі і Кітая. Кіраўнікі дзяржаў штогод абменьваюцца візітамі і праводзяць двухбаковыя сустрэчы на палях розных самітаў. Адна з нядаўніх адбылася ў чэрвені на палях Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Адзін з самых паказальных праектаў дзвюх краін - індустрыяльны парк "Вялікі камень", дзе ўжо зарэгістраваныя 37 рэзідэнтаў. Гэта высокатэхналагічныя кампаніі Кітая, Беларусі, Расіі, Аўстрыі і Германіі. Улетку наступнага года на яго пляцоўцы пройдзе глабальны эканамічны форум.

Сёння ў Палацы Незалежнасці бакі абмеркавалі новыя праекты, а таксама абмяняліся меркаваннямі па якасці двухбаковага ўзаемадзеяння і яго паглыблення.

Чжаа Лэцзі, член пастаяннага камітэта палітбюро ЦК Кампартыі Кітая, сакратар Цэнтральнай камісіі КПК па праверцы дысцыпліны: "Вельмі рады пабываць у прыгожай краіне Беларусі. У першую чаргу хачу Вам перадаць самае цёплае прывітанне ад вашага добрага сябра Сі Цзіньпіна. Вы больш чым 10 разоў наведвалі Кітай, асабіста ўнеслі вялікі ўклад для развіцця нашых адносін. Кітай і Беларусь добрыя сябры, партнёры, якія аказваюць адно аднаму шчырую дапамогу. Як Вы сказалі, гэта краіны - жалезныя браты, жалезныя сябры. Галоўная мэта нашага візіту - рэалізацыя дамоўленасцяў, што былі абазначаны на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва сёлета ў чэрвені. А таксама нарошчванне ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўмацаванне адносін паміж нашымі дзяржавамі".

Пасяджэнне беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве пройдзе ў лістападзе. Гэта стала вядома ўжо па выніках перамоў ва ўрадзе. Абмяркуюць, як ідзе рэалізацыя таго, наконт чаго дамовіліся лідары. Таксама прэм'ер-міністр Сяргей Румас заклікаў кітайскіх інвестараў актыўна ўкладваць сродкі ў прамысловы і банкаўскі сектары краіны на ўзаемавыгадных умовах. Беларусь і Кітай у 2019-ым сумесна правядуць Год адукацыі. Практыка правядзення тэматычнага года ў двухбаковых адносіны паспяховая. Так, галоўны вынік Года турызму Беларусі ў Кітаі ў 2018-ым - гэта падпісанае ў Цындаа пагадненне аб узаемным бязвізавым рэжыме для грамадзян дзвюх краін.