Захад-2013 - завяршальны этап

26 сентября 2013
Сёння ў сумесных беларуска-расійскіх стратэгічных манеўрах бяруць удзел Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін.

Пасля прыбыцця на Гожскі палігон Кіраўнік беларускай дзяржавы прайшоў на дапаможны пункт кіравання рэгіянальнай групоўкай войскаў, дзе яму было даложана аб механізме і варыянтах сумесных дзеянняў Узброеных Сіл. Пасля прыбыцця на палігон Уладзіміра Пуціна лідары краін прайшлі на назіральную вышку, дзе назіралі за баявымі дзеяннямі.

На палігоне было разыграна некалькі тактычных эпізодаў. Згодна са сцэнарыем беларуска-расійскіх вучэнняў, на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы спрабуюць трапіць незаконныя бандфарміраванні. Калона ўмоўных тэрарыстаў на аўтамабілях паспрабавала перасячы дзяржмяжу і абысці блокпост. Аднак выявіла сябе і паспрабавала схавацца. Па парушальніках наносіцца ракетна-бомбавы ўдар самалётамі Су-25 і верталётамі ваеннай авіяцыі. На шляху адыходу тэрарыстаў з верталётаў высаджваецца дэсант, вядзецца агонь артылерыі. Пасля падаўлення агнявых пунктаў саперніка ў бой уступаюць мотастралковыя падраздзяленні.

Адрозненне цяперашніх вучэнняў Захад-2013 ад папярэдніх у адначасовасці дзеянняў. На палігоне былі задзейнічаныя ваенная авіяцыя, танкі, бранятэхніка. Разведку на мясцовасці правялі з дапамогай беспілотнікаў. Галоўная задача - не толькі праверыць новыя ўзоры ўзбраенняў, але і на практыцы ў палявых умовах вызначыць эфектыўнасць узаемадзеяння кантынгентаў дзвюх краін. Сёлета манеўры праходзяць на тэрыторыі Беларусі і Расіі. І не толькі на сушы. Пасля завяршэння вучэнняў на Гожскім палігоне прэзідэнты Беларусі і Расіі накіраваліся ў Калінінград - на ваенны палігон Хмялёўка. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін вылецелі на адным самалёце. На балтыйскім узбярэжжы зараз працуюць нашы карэспандэнты. Усе падрабязнасці маштабных манеўраў сёння а 9 гадзіне вечара ў інфармацыйнай праграме Панарама.