Задачы на наступны год парламентарыям паставіў Кіраўнік дзяржавы

29 сентября 2014

Сустрэча прайшла ў Палацы Незалежнасці напярэдадні адкрыцця V сесіі Палаты прадстаўнікоў пятага склікання. Адно з галоўных пытанняў - бюджэт на наступны год. І тут прагучала прынцыповая ўмова - ён не павінен быць марнатраўным. Для беларускай эканомікі пачынаецца новы этап - з новага года мы будзем дзейнічаць ва ўмовах ЕўрАзЭС. Таму пры фарміраванні прававой базы дэпутаты павінны арыентавацца ў першую чаргу на інтарэсы нашай краіны.


У цэлым жа, усе прававыя акты павінны адпавядаць не толькі запатрабаванням дадзенага часу і інтарэсам грамадзян, але і быць максімальна эфектыўнымі на практыцы. Вялікае значэнне мае і тое, ці будзе зразумелай і даступнай мова гэтых законаў для звычайных беларусаў.


Усе падрабязнасці з Палаца Незалежнасці ў рэпартажы Ілоны Красуцкай.


Апошні час яны не так часта з'яўляліся на экранах тэлевізараў. Аднак па завяршэнні вясновай сесіі - не сышлі на канікулы. Тры апошнія месяцы працавалі над праектам закона аб рэспубліканскім бюджэце на наступны год. Сёння (напярэдадні новай сустрэчы ў Авальнай зале) трымаюць справаздачу перад Прэзідэнтам. Аляксандр Лукашэнка ставіць прынцыповую ўмову - дакумент не павінен быць марнатраўным.


29 мая ў Астане быў падпісаны дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Лідары тройкі дамовіліся: агульны энергетычны рынак запрацуе не пазней за 2025 год.


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка інфармуе Прэзідэнта: у падатковым заканадаўстве Расіі будуць папраўкі, якія датычацца нафтавай галіны. Беларускі бок можа не далічыцца больш як 1,5 мільярда долараў.


Гаварылі сёння і аб заработнай плаце. Дэпутаты рыхтуюць папраўкі ў Кодэкс аб адукацыі. Спрэчнае пытанне - ці фіксаваць у дакуменце сярэдні парог зарплаты педагогаў. Закранаючы фінансавыя пытанні, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: сацыяльна-арыентаваны курс застанецца нязменным. А вось утрыманскім настроям даўно не месца ў сучаснай Беларусі.


Далей размова хутчэй нагадвала імправізаваную прэс-канферэнцыю. Прэзідэнт сам не раз арыентаваў дэпутатаў на тое, што акрамя заканатворчасці іх прамы абавязак - рашэнне праблем простых грамадзян. Кіраўніку дзяржавы дакладваюць: пытанне нумар адзін (асабліва ў малых гарадах) - прыватызацыя жылля. Кошт працэдуры ў залежнасці ад мясцовасці вагаецца ад 40 да 300 мільёнаў. Гэтыя сумы для шматлікіх непад'ёмныя.


Паводле слоў дэпутатаў, таксама адна з самых абмяркоўваемых тэм у рэгіёнах - харчовае эмбарга Расіі. Людзей хвалюе бяспека на ўнутраным рынку, ці не чакаць скачка цэн?! Аляксандр Лукашэнка ўпэўнівае: усе хваляванні безгрунтоўныя.


Заканадаўцы сыходзяцца ў меркаванні: беларускаму парламенту неабходна вярнуць статус спецзапрошанага Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы. Такая дыпламатыя, няйначай - прасоўванне нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Прэзідэнт не супраць. Толькі пры адной умове: развіццё палітычных кантактаў павінна прыносіць эканамічны эфект.


За мінулыя два гады дэпутатамі гэтага склікання прынята амаль 2 сотні заканадаўчых актаў. Прыкметна ўзмацнілася і міжнародная дзейнасць парламента. У Авальнай зале ратыфікавалі дзясяткі дакументаў. У новым жа партфелі заканадаўцаў больш як 60 законапраектаў.


Мадэрнізацыя эканомікі, інавацыі і прыцягненне інвестыцый. Для рэалізацыі гэтых задач, з улікам даручэнняў Прэзідэнта, у парламентарыяў застаецца не так шмат часу. 2 кастрычніка акрываецца восеньская сесія.