Вывесці лясную гаспадарку на ўзровень перадавых краін

19 августа 2014

Такую задачу паставіў сёння Кіраўнік дзяржавы падчас наведвання Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насенняводчага цэнтра.


Наша краіна багатая ляснымі рэсурсамі. Але пры іх выкарыстанні неабходны рацыянальны падыход. І тут мэтазгодна пераняць вопыт перадавых краін у гэтым кірунку, такіх як Фінляндыя. Іншым важным аспектам, над якім варта працаваць, гэта стапрацэнтная перапрацоўка драўніны. Сыравіну больш выгадна перапрацоўваць у сябе, а за мяжу прадаваць гатовую прадукцыю.


Усе падрабязнасці ў Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.


Рэспубліканская лесанасенная станцыя была створана амаль 70 гадоў таму, у 47-м. Тады перад супрацоўнікамі стаяла задача - выбраць лепшыя па генетыцы сарты дрэў і заняцца іх селекцыяй. Супрацоўніцтва з навукоўцамі, укараненне новых тэхналогій дало значны вынік. Сёння тут вырошчваюць сапраўдную лясную эліту.


Эліта - гэта дрэвы, якія і вонкава, і ўнутрана лепшыя ў сваім відзе раслін. Інакш кажучы - парода. Не схільныя да хвароб, прыгожыя і моцныя, а галоўнае даюць цудоўнае патомства. Усё пачынаецца з унікальнай лабараторыі мікракланальнага размнажэння, прасцей кажучы - кланіравання. Яе адкрылі ў 2013-м у супрацоўніцтве з Палескім універсітэтам. Першыя 2 000 бяроз, размножаныя такім спосабам, ужо растуць у доследным Стаўбцоўскім лясгасе. Сёлета ўжо збіраюцца кланіраваць не менш за 65 тысяч штук ліставых і іглічных раслін.


Тут ёсць і свой банк насення. У халадзільных камерах пры тэмпературы мінус 11 градусаў элітны генафонд можа захоўвацца дзесяцігоддзямі. Як здабываюць гэта насенне, Кіраўніку дзяржавы паказалі ў цэху па перапрацоўцы шышак. Штогадовы аб'ём - 150 тон. Вытворчасць безадходнае. Насенне ідзе на расаду, а шышкамі топяць мясцовую кацельню, якая забяспечвае цяплом увесь цэнтр.


Потым насенне высейваюць. І тут на дапамогу таксама прыходзяць сучасныя тэхналогіі. Секачы і лапаты даўно ў мінулым, усё механізавана.


Пасля канвеера насенне ператвараецца ў пасадачны матэрыял з закрытай каранёвай сістэмай. І іх чакае інкубатар. Тут, у цяплічных умовах, іглічныя дрэвы знаходзяцца два гады, пакуль не стануць моцнымі і не вырастуць да 20 сантыметраў. Потым яны ўступаюць у сталае жыццё.


У гадавальніку штогод вырошчваюць больш за 400 тысяч штук дрэў. І ён мае патрэбу ў новых плошчах для сяўбы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што зямлёй трэба распараджацца разумна.


Сёння ў Беларусі лясы займаюць каля 40% тэрыторыі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэты здабытак краіны, да якога трэба ставіцца беражліва і з розумам. На жаль, з-за цяжкадаступнасці некаторых участкаў лес перарастае і становіцца непрыдатным для перапрацоўкі. Каб не было страт, трэба выкарыстоўваць вопыт вядзення лясной гаспадаркі іншых краін. Зрабіць гэта неабходна ўжо з наступнага года, а прыкладам можа паслужыць Фінляндыя.


Падчас наведвання Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як выкарыстоўваюцца лесасыравінныя рэсурсы, бо Беларусь уваходзіць у дзясятку вядучых лясных дзяржаў Еўропы. Кіраўнік дзяржавы даручыў з 1 студзеня 2016 года забараніць вываз круглай драўніны на экспарт. Летась прыбытак ад продажаў склала амаль 145 мільёнаў долараў. Прэзідэнт адзначыў, што больш выгадна перапрацоўваць сыравіну ў сябе ў краіне, а за мяжу прадаваць ужо гатовую прадукцыю.


Сёння Кіраўніку дзяржавы паказалі і сучасную айчынную тэхніку па нарыхтоўцы і перапрацоўцы лесу маркі Амкадор. Машыны разумныя, і ў кожнай свая задача. Напрыклад, харвестар сам валіць дрэвы і абразае сукі. А форвардар збірае і згружае іх у кузаў. Сёння Амкадор выпускае 17 мадэляў машын. Усе яны на 60% складаюцца з беларускіх камплектуючых, праз два гады доля айчынных запчастак складзе 90%.


Сёння Рэспубліканскі лесанасенны цэнтр займаецца вырошчваннем не толькі асноўных відаў, такіх як хвоя і яліна. Тут займаюцца і дэкаратыўнымі раслінамі: карлікавай бярозай, туяй, ядлоўцам. Таксама тут ёсць свой пчальнік і яблыневы сад.


У 2015 годзе ў Беларусі павінна з'явіцца яшчэ 15 падобных лесагадавальнікаў. Такім чынам, іх стане 80. І ўсе, паводле слоў міністра лясной гаспадаркі, будуць самаакупнымі. Так у будучыні Беларусь зможа цалкам адмовіцца ад імпартнай прадукцыі, якую сёння завозяць з еўрапейскіх краін.