Другі дзень паездкі Прэзідэнта ў Брэсцкую вобласць

11 августа 2017

Прадпрыемствы з нізкай зарплатай у 2018 годзе трэба падцягнуць да ўзроўню ў тысячу рублёў. Гэта даручэнне Прэзідэнта. Сёння ў Брэсце Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём горада. Праз два гады самы паўднёвы абласны цэнтр краіны адсвяткуе сваё тысячагоддзе. Аб падрыхтоўцы да юбілею далажылі Прэзідэнту. Аляксандр Лукашэнка пабываў на аб'ектах, якія будуюцца ў новым мікрараёне, а таксама наведаў буйное малакаперапрацоўчае прадпрыемства "Савушкін прадукт", дзе сустрэўся з калектывам завода. Падрабязнасці раскажа Вольга Макей.

Брэст - буйны прамысловы і лагістычны цэнтр краіны. І вароты ў Еўропу. Цяжка паверыць, але яшчэ 7-8 гадоў таму горад быў ледзь ці не горшым з абласных цэнтраў у краіне, сёння - лічы, візітная картка. Праз 2 гады Брэст адзначыць сваё тысячагоддзе - падстава абавязвае! Зменьваюцца вуліцы, з'яўляюцца новыя аб'екты, мадэрнізуюцца прадпрыемствы.

Чым жыве і як жывецца ў самым паўднёвым абласным цэнтры краіны - цікавіць і Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы традыцыйна - адразу да справы. Першы аб'ект у цэнтры ўвагі - аэрапорт. Яго трэба прывесці ў парадак. Нявыкарыстаныя тэрыторыі задзейнічаць, аддаць, напрыклад, фундатарам. Прадумаць і як загрузіць паветраную гавань, бо пакуль аэрапорт прымае толькі рэйсы з Калінінграда. Вядома, цэнтральнай тэмай сёння стала сацыяльна-эканамічнае развіццё горада і рэгіёна. Аляксандр Лукашэнка пабываў у новым мікрараёне, які завецца Лагуна. Тут будуць жыць каля 10 тысяч чалавек. Вядома, у перспектыве з'явіцца дзіцячы садок, школа, медцэнтр, кафэ, магазіны… У цэлым, гаворачы аб жыцці Брэста, Прэзідэнт у першую чаргу цікавіцца ўзроўнем зарплат. Арыенцір па-ранейшаму - тысяча рублёў.

Яшчэ адно важнае пытанне - занятасць насельніцтва. Нельга дапусціць, каб у краіне з'явіўся клас беспрацоўных - звяртае ўвагу Прэзідэнт. А абноўлены Дэкрэт №3 у пытанні занятасці насельніцтва пашырыць паўнамоцтвы мясцовых органаў.

Сёння Прэзідэнт наведаў і прадпрыемства, дзе даюць працоўныя месцы больш чым тром тысячам чалавек, а сярэдняя зарплата даўно пераваліла за тысячу. "Савушкін прадукт" - малочны брэнд, вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Гэты прадукт ахвотна купляюць у Расіі, Сінгапуры, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах і шматлікіх іншых дзяржавах. За апошнія 10 гадоў на пашырэнне і абнаўленне вытворчасці кампанія накіравала амаль 300 мільёнаў долараў. Пры гэтым, што важна, сродкі ідуць не толькі на тэхнічнае пераабсталяванне, але і на ўмацаванне сыравіннай базы. На мадэрнізаванай вытворчасці пабываў і Прэзідэнт. Тут за рэкордна кароткія тэрміны наладзілі выпуск новага прадукту - мяккіх сыроў і тварагу. Дарэчы, толькі за мінулы год на экспарце кампанія зарабіла 200 мільёнаў долараў. А калі глядзець больш шырока, то сродкі, якія дзяржава выдаткоўвае на мадэрнізацыю прамысловых прадпрыемстваў, сёння прыносяць добрую аддачу. Але фінансавы складальнік - не самае галоўнае, куды важнейшая харчовая бяспека краіны. А яна ў Беларусі забяспечаная.

За дасягненні ў гаспадарчым развіцці Кіраўнік дзяржавы ўручыў камандзе завода Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Гэта, вядома, прызнанне заслуг усяго калектыву, асноўная частка якога - моладзь, сярэдні ўзрост - 36 гадоў. Для іх сённяшні дзень - не толькі падстава для гонару, але і стымул працаваць больш актыўна і эфектыўна, бо ад якасці іх тавару залежыць імідж і краіны, і горада. Зрэшты, адпраўляць на экспарт прадукцыю завода хутка будзе больш ёмка, у Брэсце ўзводзяць новую аб'язную магістраль - Заходні абход. На будаўнічай пляцоўцы сёння таксама пабываў Прэзідэнт. Развязка дазволіць разгрузіць горад ад вялікага аўтамабільнага трафіку. Жыхары горада забудуць аб пробках, ды і дыхацца будзе больш лёгка!