Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Украіны ў Абу-Дабі

2 ноября 2017

Кіраўнік беларускай дзяржавы сёння правёў сустрэчу з прэзідэнтам Украіны ў Абу-Дабі. Пётр Парашэнка ў гэтыя дні таксама знаходзіцца з рабочым візітам у ААЭ. Напярэдадні ён здзейсніў афіцыйны візіт у Саудаўскую Аравію. Палітыкі абмеркавалі ўвесь спектр двухбаковых адносін, у тым ліку ход рэалізацыі дасягнутых раней дамоўленасцяў. Новы імпульс развіццю адносін паміж краінамі павінен надаць першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які рыхтуюцца правесці ў Гомелі. Гэтую ініцыятыву Аляксандр Лукашэнка абвясціў у ліпені падчас свайго афіцыйнага візіту ў Кіеў.

Пётр Парашэнка, Прэзідэнт Украіны: "Урад напружана працуе над рэалізацыяй дамоўленасцяў, пачынаючы ад дэмаркацыі і заканчваючы гандлёва-эканамічным супрацоўніцтвам. Я гэта трымаю на кантролі і магу канстатаваць задавальненне, што ўкраінскі і беларускі бакі пашыраць нашы эканамічныя, сацыяльныя, культурныя сувязі".

Рынак Украіны для беларускіх вытворцаў - адзін з найважнейшых кірункаў. Гэтая краіна займае другое месца сярод усіх нашых знешнеэканамічных партнёраў.

Летась тавараабарот паміж краінамі перавысіў 3,8 мільярда долараў. Рост у параўнанні з 2015 на 10,5 %. Па выніках першага паўгоддзя гэтага года - дадатная дынаміка і прыкметнае паскарэнне.

Імпартам-экспартам з двух бакоў займаюцца больш як 5 000 кампаній і фірм. Прычым сальда гандлю складаецца на нашу карысць. Летась Беларусь прадала ва Украіну амаль на два мільярды долараў больш, чым купіла.

Эканоміку афіцыйныя Мінск і Кіеў развіваюць на моцным палітычным падмурку. У гэтай плоскасці няма рознагалоссяў, толькі максімальна даверны і адкрыты дыялог.

Лідары дзвюх краін сёлета бачыліся некалькі разоў. У красавіку за адзін дзень паспелі правесці перамовы на тэрыторыі і Беларусі, і Украіны.

А крыху меней як праз тры месяцы ў ліпені па запрашэнні Пятра Парашэнкі Аляксандр Лукашэнка наведаў Кіеў з афіцыйным візітам.

Цяперашняя сустрэча на тэрыторыі ААЭ стала трэцяй сёлета. Нагадаем, у гэтыя дні Аляксандр Лукашэнка наведвае Аб'яднаныя Арабскія Эміраты з рабочым візітам. Запланаваныя перамовы Кіраўніка беларускай дзяржавы з кіраўніцтвам краіны, а таксама некалькі сустрэч з прадстаўнікамі бізнес-колаў.