Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Туркменістана прайшла ў Ашхабадзе

5 ноября 2013

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка пацвярджае цікавасць Беларусі да развіцця супрацоўніцтва з Туркменістанам па ўсіх кірунках. Пра гэта Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў у Ашхабадзе на сустрэчы з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым.


Сёння асноўны дзень перамоў у рамках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Туркменістан. Кіраўнікі дзяржаў раней дамовіліся бачыцца штогод і зараз час праводзіць рэвізію сумесных праектаў. Пасля цёплага і сяброўскага поціску рукі - цырыманіял на чырвонай дарожцы. Рота ганаровай варты і гімны дзвюх краін - абавязковыя атрыбуты.


Штогадовыя сустрэчы кіраўнікоў дзвюх краін даюць добры эканамічны эфект, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка на перамовах у фармаце сам-насам. За 5 гадоў узаемны тавараабарот вырас у 5 разоў і перавысіў 300 мільёнаў долараў. Асноўным праектам у гандлёва-эканамічнай сферы туркменскі лідар назваў Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат па вытворчасці калійных угнаенняў. Беларусь будуе яго пад ключ. Чакаецца, што чырвоную стужку на адкрыцці прэзідэнты перарэжуць у пачатку 2015 года.


Актыўна падтрымліваюць краіны адна адну на міжнароднай арэне, дынамічна развіваецца супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Зараз некалькі тысяч студэнтаў з Туркменістана атрымліваюць адукацыю ў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў стварыць у нашай краіне так званы маладзёжны туркменскі астравок з інтэрнатамі або гасцініцамі. Па выніках перамоў у пашыраным складзе прэзідэнты завізавалі сумесную заяву аб паглыбленні адносін сяброўства і супрацоўніцтва. Таксама ў прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў падпісаны пакет дакументаў.


Сёння Аляксандр Лукашэнка наведае маўзалей першага прэзідэнта Туркменістана Сапармурата Ніязава. Завершыцца візіт урачыстай цырымоніяй ля манумента Канстытуцыі ў Ашхабадзе.