Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Азербайджана праходзіць у Палацы Незалежнасці

19 ноября 2018

У Мінску праходзіць сустрэча лідараў Беларусі і Азербайджана. Абмяркоўваюцца ўсе аспекты ўзаемадзеяння Мінска і Баку. Ільхам Аліеў прыбыў у нашу краіну з афіцыйным візітам, ужо пятым у гісторыі беларуска-азербайджанскіх адносін. У цэнтры ўвагі - гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, рэалізацыя сумесных праектаў. Бакі зацікаўленыя ў развіцці партнёрства ва ўсіх кірунках - ад транспарту і лагістыкі да IT-сферы.

Перамовам папярэднічала прыгожая цырымонія сустрэчы паводле ўсіх канонаў афіцыйнага пратаколу з гімнамі дзвюх краін і ротай ганаровай варты.

За студзень - верасень тавараабарот паміж Беларуссю і Азербайджанам склаў 331,5 мільёна долараў. У аснове беларускага экспарту - прадукцыя машынабудавання і дрэваапрацоўкі, харчаванне, лекі. У Азербайджане дзейнічаюць больш за 70 прадстаўніцтваў і дыстрыб’ютараў беларускіх кампаній. Створана зборачная вытворчасць трактароў, МАЗаў і прадукцыі МЗКЦ на базе Гянджынскага аўтамабільнага завода. З 2007 года сабрана больш як 10 000 трактароў розных мадыфікацый і спецтэхнікі, а таксама звыш трох з паловай тысяч аўтамабіляў, аўтобусаў і прычэпаў.

Перамовы сёння запланаваныя таксама ў пашыраным складзе: да прэзідэнтаў далучацца члены дэлегацый. Па выніках чакаецца падпісанне некалькіх міжнародных дакументаў.