Усе нюансы парламенцкай кампаніі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з кіраўніком Цэнтрвыбаркама

4 августа 2019

Так, у наш час, эпоху фэйкаў і чорнага піяру, інфармацыйная сфера, на жаль, не заўсёды мяжуе з прыстойнасцю. Але вось дзе ўжо сапраўды павінны быць парадак і стабільнасць - дык гэта ў аснове электаральных працэсаў. 

Усе нюансы парламенцкай кампаніі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў на тыдні на сустрэчы з кіраўніком Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай. Тэрмін паўнамоцтваў у парламента і Прэзідэнта мінае ў адзін год - у 2020-ым. Закон не забараняе праводзіць гэтыя выбарчыя кампаніі адначасова. Але ў Беларусі склалася такая практыка - імкнуцца не сумяшчаць. Прэзідэнцкія выбары, як і планавалася, пройдуць у наступным годзе, а парламенцкія - ужо ў лістападзе. 

Так, Цэнтрвыбаркам лічыць аптымальным выбраць членаў Савета Рэспублікі 7 лістапада, а дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў - 17-га. Аляксандр Лукашэнка даручыў распрацаваць гэтыя прапановы, яшчэ раз праінфармаваць яго і падрыхтаваць адпаведныя праекты ўказаў да панядзелка. Пазіцыя Кіраўніка дзяржавы адназначная: усё павінна прайсці адкрыта, дэмакратычна і згодна з законам. 

Аб кампаніі і яе новаўвядзеннях кіраўнік Цэнтрвыбаркама эксклюзіўна расказала ў праекце "Размова ў Прэзідэнта". Згодна з прагнозам Лідзіі Ярмошынай, выбары будуць альтэрнатыўнымі. Конкурс на дэпутацкае крэсла, улічваючы вопыт мінулай парламенцкай кампаніі, можа скласці 4 з паловай чалавекі на месца. 

Пры гэтым не выключана, што прыкладна 30 працэнтаў дэпутатаў цяперашняга склікання захочуць захаваць сваё крэсла. На думку Кіраўніка ЦВК, беларускае грамадства гатова да большай прысутнасці жанчын у парламенце. Дарэчы, знайсці свой выбарчы ўчастак і пракласці да яго маршрут можна будзе ўсяго за некалькі клікаў - да выбараў распрацуюць мабільныя дадаткі. 

Будуць даступныя і падрабязныя карты выбарчых акруг. Гэта, у тым ліку, дазволіць пазбегнуць памылак пры вылучэнні, бо подпісы ў падтрымку кандыдатаў за межамі яго акругі не ўлічваюцца.