Пытанні паглыблення эканамічнай інтэграцыі абмеркавалі прэзідэнты Беларусі і Расіі

21 декабря 2019
Напярэдадні пільная ўвага была прыкавана да перамоў афіцыйных Мінска і Масквы. У Санкт-Пецярбургу пытанні паглыблення эканамічнай інтэграцыі абмеркавалі прэзідэнты Беларусі і Расіі. Так, бакі поўнасцю ўзгаднілі пытанні ў сферах сельскай гаспадаркі, сувязі, мытні, рэгулявання алкагольнага рынку. Пакуль не знойдзены кампраміс па трох дарожных картах  з  трыццаці адной, а менавіта  ў нафтавай, газавай і падатковай сферах. Разам з тым пэўныя дамоўленасці ў краін па энерганосьбітах усё ж ёсць, падвёў вынікі перамоў Аляксандр Лукашэнка. Цэны вызначаць ужо ў найбліжэйшыя дні. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў цэлым бакі задаволены вынікамі дыялогу. І калі будзе неабходнасць, прэзідэнты гатовы сустрэцца яшчэ раз да канца гэтага або ў пачатку наступнага года. 

На саміце ЕАЭС лідары краін "пяцёркі" падагульнілі ход развіцця еўразійскай інтэграцыі і вырашылі шэраг аргпытанняў. Так, зараз ужо афіцыйна Беларусь - старшыня Еўразійскага эканамічнага саюза з 1  студзеня, а на пасаду кіраўніка калегіі ЕЭК з 1 лютага заступіць Міхаіл Мясніковіч. Таксама ўрэгулявана пытанне аб пенсіённым забеспячэнні ў саюзе. Завяршыў вялікі перагаворны дзень нефармальны саміт  кіраўнікоў дзяржаў СНД. 

Перамовы, што прайшлі ў Санкт-Пецярбургу, выклікалі прыкметны рэзананс сярод  экспертаў. Палітолагі, журналісты, парламентарыі сходзяцца ў меркаванні: цяжкасці саюзнага будаўніцтва можна пераадолець. Трэба прыходзіць да кампрамісу і цаніць тое, што ўдалося зрабіць на інтэграцыйным полі.