Пытанні развіцця эканомікі абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта з ключавымі чыноўнікамі і экспертамі.

19 сентября 2019

Пустыя прагнозы дзяржаве і эканоміцы не патрэбныя, калі не выконваюцца ранейшыя тактычныя і стратэгічныя задачы і даручэнні. Гэты тэзіс сёння стаў лейтматывам вялікай нарады па эканамічных параметрах года і ключавых дакументах на год 2020. Нагадаем, гэта бюджэт, параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця, асновы грашова-крэдытнай палітыкі і дзяржпраграма кіравання фінансамі. Менавіта гэтыя чатыры сферы ўрэшце вызначаюць самаадчуванне эканомікі і дабрабыт кожнага беларуса, у прыватнасці, даходы бюджэтнікаў, курс беларускага рубля, кошт крэдытаў, занятасць і дынаміку асноўных экспарцёраў. 

Вынікі 8 месяцаў пакуль не выклікаюць аптымізму. Больш павольна за прагноз растуць: экспарт - галоўны артыкул даходаў краіны, прадукцыйнасць працы - а гэта тэхналагічнасць эканомікі, і валавы ўнутраны прадукт - колькі эканоміка ўсяго вырабіла і рэалізавала. 

Зрэшты, ва ўрада яшчэ ёсць час  завяршыць год і пяцігодку з добрым запланаваным вынікам. Галоўнае, і гэта асобна падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, дакладная персанальная адказнасць урада і губернатараў за вынік, праца без аглядкі на выбарную кампанію - выбіраем дэпутатаў, а не эканамічны курс. Плюс дысцыпліна і парадак у кожнай галіне і на кожным прадпрыемстве, каб не было эксцэсаў як у адукацыі. 

Аб выніках глыбокай і падрабязнай эканамічнай размовы на вышэйшым узроўні  Андрэй Крывашэеў. 

Адзін з найвялікшых эканамістаў новага часу  амерыканец Джон Кейнс неяк пажартаваў, што горшай за  яго прагнозы можа быць толькі яго гульня на біржы. Ён і праўда некалькі разоў моцна прайграўся з каштоўнымі паперамі, але яго прагнозы ўжо перажылі аўтара на стагоддзе наперад. І сёння Кейнс амаль як новы Маркс для капіталістычнай эканомікі ад ЗША да Японіі. 

Сакрэт не складаны - кейнсіянства ставіла на моцную дзяржаву і абапіралася на тое, што можна памацаць: дарогі, прадпрыемствы, рабочыя месцы і даходы простых амерыканцаў, а не толькі на спекулянтаў і фінансавых верхаводаў з Уол-Стрыт. 

Галоўнае абмежаванне для такой мадэлі толькі адно - планы і стратэгіі павінны выконвацца безумоўна, цалкам і ў тэрмін. І менавіта гэты пастулат для рэальнага сектара ўзяты на ўзбраенне ў беларускай эканоміцы. Менавіта так яна застаецца кіруемай, празрыстай, рыначнай, але і сацыяльнай. 

Нарада ў пачатку восені - традыцыйная і лагічная ў такой амаль кейнсіянскай мадэлі. У верасні ўжо праглядаюцца вынікі года, але іх яшчэ можна паправіць і нагнаць да студзеня. Хоць ёсць асаблівасці. Па-першае, наступны - фінальны год пяцігодкі, а значыць, даганяць прыйдзецца ўсе хвасты з 2015. Па-другое, Кабінет Міністраў усе прагнозы вызначыў для сябе сам - наракаць няма  на каго. Прэзідэнт спытае за вынік. 

Вынікі насцярожваюць па трох пазіцыях. Экспарт, а гэта валютная выручка, стабільны курс рубля плюс прыбыткі бюджэту і прадпрыемстваў. Тыя самыя заробленыя заработныя платы. 

Аляксей Аўдонін, эканамічны аглядальнік: "Экспарт з'яўляецца найбольш важным паказчыкам, які ў першую чаргу паказвае эфектыўнасць кіравання як дзяржаўных структур, так і саміх дзяржпрадпрыемстваў. Таму што замежныя рынкі - высокаканкурэнтныя... Больш за тое, экспарт дае падладжвацца пад сучасныя ўмовы бізнесу нашым кіраўнікам, нашым спецыялістам, якія занятыя ў знешнім гандлі".

Другое - прадукцыйнасць працы. За гэтай лічбай  тэхналогіі, рэсурсы і эканоміка канкрэтнага прадпрыемства. Гэта  зона адказнасці дырэктарата. Лепш за кіраўніка ніхто не пралічыць бізнес- і інвестплан, не наладзіць дыктатуру тэхналогій і дысцыпліну ў калектыве. Адсюль прамое даручэнне аж да Адміністрацыі Прэзідэнта - кадравае пытанне на кантроль. 

Трэці паказчык, што пакуль ніжэйшы за план,  - ВУП, сумарны аб'ём эканомікі. Важны і для краіны, і для інвестараў. Ад яго адштурхоўваюцца, вырашаючы  крэдытаваць развіццё або згортваць актыўнасць. Кіраўнік урада дакладвае сітуацыю (відэа). 

Нагадаць зоны адказнасці  не лішняе. Менавіта экспарту ў выніку Прэзідэнт прысвяціць ільвіную частку нарады. Акрамя віцэ-прэм'ераў, гэта яшчэ і праца МЗСа. Яшчэ з пачатку нулявых выразна агучана стратэгія: мы не гонімся за геапалітыкай. Наш пасол - гэта перш прадстаўнік беларускай эканомікі ў краіне знаходжання. Валодае мовай, ведае асаблівасці, мае прамы выхад на ўрад. Можа ў крайнім выпадку за руку завесці экспарцёра на рынак. Абсалютная большасць дыпламатаў з такой місіяй спраўляецца. Але ёсць пасіўнасць прадпрыемстваў, многім прасцей як раней працаваць з блізкімі і зразумелымі Расіяй або Польшчай. Яркі прыклад непаваротлівасці экспарту - краіны Персідскага заліва. 

Андрэй Лучанок, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў ААЭ: "Беларускія прадпрыемствы ў большай ступені арыентаваныя на расійскі рынак, які для іх традыцыйны, добра знаёмы. Рынак арабскіх краін у гэтым сэнсе значна больш складаны для асваення, але мае бясспрэчныя перавагі. Побач Саудаўская Аравія, 30 мільёнаў насельніцтва. Сельская гаспадарка там не самая развітая. У прадпрыемстваў Беларусі з'явілася магчымасць атрымліваць сертыфікат "Халяль". Але, на жаль, пакуль яны гэтай магчымасцю не скарысталіся".

У мінусе экспарту ёсць і аб'ектыўны фактар. З-за расійскай атрутнай нафты і падатковага манеўру  сур'ёзна недабрала беларуская нафтахімія. А гэта сотні мільёнаў недаатрыманых долараў. Прэзідэнта не столькі цікавіла, чаму недаатрымалі, а за кошт чаго і як хутка нагонім? 

Сяргей Румас, Прэм'ер-міністр Беларусі: "Разам з тым выніковы паказчык - сальда тавараў і паслуг - у нас дадатны: больш за Br400 мільёнаў за 7 месяцаў. Прэзідэнт падкрэсліў, што зацверджаныя летась з падачы ўрада планы павінны быць выкананыя. Таму за астатнія 4 месяцы ўрад прыкладзе ўсе намаганні, каб нагнаць прапушчанае".

Чаму яшчэ так важны кожны элемент у тактычных планах? За імі  даходы грамадзян. Сувязь прамая: меншы экспарт, менш сродкаў у распараджэнні бюджэту і прадпрыемстваў, меншыя зарплаты. Прэзідэнт патрабуе за кожным рашэннем бачыць менавіта такую логіку і вытрымліваць жалезнае правіла. У бюджэтнай сферы зарплата не ніжэйшая за 80 % ад сярэдняй па краіне. Дасягнуць гэтага можна толькі павысіўшы даходы самых незабяспечаных - нянечкі, выхавальнікі, маладыя кадры, малодшы персанал. 

Ацаніўшы год бягучы, звярнуліся на нарадзе і да 2020-га. Кожны кіраўнік у зале меў магчымасць выказацца па галоўных планах і прагнозах. Агучыць заўвагі. Суміраваў аналіз Прэзідэнт - дакументы звярстаныя недастаткова напружана. Як быццам Кабінет Міністраў і губернатары зрабілі сабе скідку ў гонар будучых выбарчых кампаній. Усе скідкі Кіраўнік дзяржавы абнуліў прама на нарадзе: "Выбары не для вас, а для заканадаўцаў. Вас, гэта значыць уладу, ацэняць па выніках эканомікі ў першую чаргу і па выканальніцкай дысцыпліне - у другую".

Яркі прыклад, дзе вертыкаль не пачула прамое даручэнне Прэзідэнта, не навяла парадак і ледзь было бяздушна не паламала жыццё чалавеку - выпадак у 15-ай гомельскай школе. Вучань давёў вопытнага выкладчыка да нервовага зрыву, медыя і сеткі раздулі скандал, настаўніка, не разабраўшыся, звольнілі. І гэта пасля 35 гадоў бездакорнага стажу (відэа). 

Аляксандр Лукашэнка ў сілу характару, жыццёвых і палітычных прынцыпаў адрэагаваў жорстка. Строгае папярэджанне прэм'ер-міністру, кіраўніку Адміністрацыі і профільнаму віцэ-прэм'еру Ігару Пятрышэнку. Міністр адукацыі папярэджаны аб няпоўным службовым. Узроўнем ніжэй - ад намесніка губернатара да намесніка мэра Гомеля - вымовы. Тым, хто непасрэдна і паспешна звальняў Людмілу Чацвярткову, - ад упраўлення адукацыі да дырэктара школы - спагнанні і нават паніжэнні ў кар'еры. Суровае і рэдкае для кіраўніцкай практыкі аднаўленне справядлівасці. 

Акрамя таго, Прэзідэнт, як Кіраўнік дзяржавы, аднавіў Людмілу Іванаўну на пасадзе і на ранейшым месцы працы. А па-чалавечы, як педагог у мінулым, яшчэ раз эмацыйна запатрабаваў навесці парадак не толькі ў адукацыі, у кожнай сферы - палажыўшы ў аснову справядлівае стаўленне да чалавека. Якую б пасаду або пазіцыю ў грамадстве ён ні займаў. 

Яшчэ адзін важны параметр, які горача абмяркоўвалі на нарадзе, - інвестыцыі. І ўрад, і абласная ўлада адкрыта крытыкавалі зладжанасць і свае ж недапрацоўкі. Утойваць - сабе даражэй. Агульная выснова: пры наяўнасці прагнозу, гэта значыць "вала", звярнуць увагу на якасць інвестараў і капіталаўкладанняў. Проста гандаль і пасрэднікі, без новых вытворчасцяў, тэхналогій, рынкаў і рабочых месцаў, Беларусі не патрэбныя. 

Сяргей Румас, Прэм'ер-міністр Беларусі: "Ва ўрада ёсць літаральна 2-3 тыдні, каб ліквідаваць заўвагі і паўторна занесці пакет дакументаў на разгляд Прэзідэнта. Я думаю, што мы разам  з усімі дзяржорганамі крытычна падыдзем да лічбаў прагнозу, зробім іх больш напружанымі. Адпаведна, гэта павінна адбіцца на бюджэце, можа быць, зрабіць яго менш дэфіцытным".

2-3 тыдні на дапрацоўку - тэрмін сціснуты. Прычым, зоймецца гэтым не толькі асабліва ўрад, але і ўся вертыкаль эканамічнай улады: Савет Рэспублікі і маніторынгавая група Мясніковіча, цяперашні састаў дэпутатаў, Адміністрацыя Прэзідэнта, Камітэт дзяржкантролю, а яшчэ Нацбанк і кіраўнікі рэгіёнаў. Па выніку кожны паставіць сваю візу на ўзгодненых дакументах, каб адказнасць была адраснай, а планы рэальнымі. 

Ірына Новікава, доктар эканамічных навук, прафесар БДТУ: "Сусветная эканоміка расце – 3-3,5 працэнта за год. І, зразумела, калі мы не прыважым гэтыя 3,5 працэнта, мы заўсёды застанемся ззаду. А рост  забяспечваем інвестыцыямі. Таму мы павінны быць зацікаўленыя, мы і зацікаўленыя ў тым, каб да нас паступалі інвестыцыі".

Вяртаючыся да Джона Кейнса, у свеце памятаюць і шануюць яго выкладкі зусім не за прыгожасць планавання, а за тое, што яны дапамаглі выцягнуць спачатку амерыканскую, а потым і траціну сусветнай эканомікі з Вялікай дэпрэсіі. Шанц застацца ў беларускай гісторыі эфектыўнымі кіраўнікамі ёсць і ў цяперашняга саставу эканамічнага блока. Вядома, калі за тэорыяй прагнозу ідзе практыка развіцця эканомікі, дзяржавы і грамадства.