Пытанні развіцця беларускай сістэмы адукацыі абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта

9 августа 2016

Вынікі ўступнай кампаніі, новыя падручнікі і школьная форма - пытанні развіцця беларускай сістэмы адукацыі сёння абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта.

Сёлета 63 % абітурыентаў пераадолелі неабходны парог уступнай гонкі. 330 чалавек атрымалі ганаровыя 100-бальныя сертыфікаты. Паводле папярэдніх звестак, у ВНУ залічана 55,5 тысячы першакурснікаў. За парты ў новым навучальным годзе сядуць і 110 тысяч першакласнікаў. У Палацы Незалежнасці гаварылі таксама аб прэстыжу прафесіі настаўніка. Аднак узняць гэту планку адной толькі зарплатай немагчыма, лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што арганізацыйная частка ў адукацыі - правілы прыёму ў ВНУ, агульная структура адукацыйных устаноў - у рэформах не мае патрэбы. А методыка выкладання - наадварот. У партфелях школьнікаў у гэтым навучальным сезоне з'явяцца 28 новых падручнікаў. На старонках менш тэксту, больш карт, графікаў і дыяграм. Галоўная задача аўтараў - прымусіць аналізаваць і разважаць. 

Міхаіл Жураўкоў, Міністр адукацыі Беларусі: "Падручнікі, падрыхтаваныя ў адпаведнасці з нашай новай канцэпцыяй, гэта базавы падручнік. І да яго дадатковыя матэрыялы, якія можна знайсці на нашым партале Нацыянальнага інстытута адукацыі, у хрэстаматыі, бо гэта гісторыя, і ёсць у падручніку інфармацыя, што тычыцца турыстычных паходаў, паездак, звязаных з вывучэннем той або іншай тэматыкі. Ну і такія базавыя падручнікі - новыя хрэстаматыі ў адпаведнасці з нашым планам да 18-19 гг.".

Сёлета выдаткі дзяржавы на адукацыю складуць амаль 5 мільярдаў недамінаваных рублёў. Гэты паказчык у ВУП краіны дасягае 5 %. Для параўнання, у Расіі - 4,3 %, у Казахстане - 3,6 %. Падрабязнасці нарады ў Кіраўніка дзяржавы - у нашых наступных выпусках.