Пытанні працы прадпрыемстваў дражджавой галіны абмяркоўваюць на нарадзе ў Прэзідэнта

15 ноября 2019

Склад удзельнікаў вялікі: гэта дзяржапарат, профільныя міністры, губернатары і кіраўнікі прадпрыемстваў. Да гэтай тэмы вярталіся двойчы і ў 2018 годзе. Здавалася б, акцэнты расстаўлены, трэба працаваць. Але яе зноў вынеслі на ўзровень Прэзідэнта.

У Беларусі функцыянуюць два буйныя заводы: "Дражджавы камбінат" у Мінску (і яго філіял у Ашмянах), а таксама новы завод у Слуцку, пабудаваны на беларуска-нямецкія інвестыцыі. Большая частка нашых сродкаў (27 мільёнаў еўра). Замежныя партнёры ўклалі ў вытворчасць каля 10 мільёнаў еўра. Зараз інвестар настойвае: на рынку павінна застацца толькі адно слуцкае прадпрыемства. Астатнія трэба закрыць. Па словах немцаў, такой была папярэдняя дамова. Аднак у беларускім урадзе гэтую інфармацыю не пацвярджаюць.

Унутраны рынак дражджавой прадукцыі цалкам забяспечаны

Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Прэзідэнт папярэдзіў: размова павінна быць шчырай і аб'ектыўнай без канспіралогіі. За год у Беларусі могуць вырабляць больш як 35 тысяч тон дражджэй. Патрэбнасці краіны ў 4,5 раза меншыя: нашым прадпрыемствам неабходна толькі каля 8 тысяч тон. Гэта значыць унутраны рынак мы закрываем поўнасцю. І большая частка прадукцыі ідзе на экспарт: у дзяржавы ЕАЭС і ў дзясятак еўрапейскіх краін.