Пытанні эканамічнага развіцця краіны сёння разгледзелі на нарадзе Прэзідэнта з урадам

2 августа 2019

Сярод галоўных тэм - інтэграцыя з Расіяй, рэалізацыя інвестпраектаў, праца прадпрыемстваў, бязвіз і ход уборачнай.

У Палацы Незалежнасці сабралася ўсё кіраўніцтва Савета Міністраў і вышэйшыя службовыя асобы краіны. Падобны фармат абмеркавання актуальных пытанняў, якія закранаюць розныя сферы жыцця і патрабуюць выпрацоўкі найболей эфектыўных рашэнняў, у графіку Кіраўніка дзяржавы рэгулярны. Так, Аляксандра Лукашэнку цікавіў лёс буйных інвестыцыйных праектаў. 

Адзін з іх - запуск новай вытворчасці на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце. Ва ўрадзе пацвердзілі: прадпрыемства ўвядуць у тэрмін - гэта значыць, у другім паўгоддзі. Зараз камбінат працуе ў рэжыме доследнай эксплуатацыі. Загрузка каля 70%. Сярод іншых праектаў у сферы дрэваапрацоўкі - заводы ў Добрушы і Шклове. 

Кіраўнік дзяржавы даручыў іх дапрацаваць і ўнесці канчатковы варыянт у Адміністрацыю Прэзідэнта на працягу месяца. У цэлым Аляксандр Лукашэнка нацэліў удзельнікаў нарады на дэталёвае абмеркаванне і канкрэтыку. 

Парадак сённяшняга дня шырэйшы за ўнутрыбеларускія пытанні. Абмеркавалі тэму супрацоўніцтва з Расіяй па лініі паглыблення інтэграцыі. Нагадаем, дарожныя карты ў краін павінны быць цалкам гатовыя ўжо праз 3 месяцы. А да 2021-га года Мінск і Масква разлічваюць прыйсці да адзіных галіновых рынкаў. І размова не толькі аб нафтагазавым сектары, але і аб прамысловай прадукцыі, сельгас- і транспартных рынках.

Сяргей Румас, прэм'ер-міністр Беларусі: "Аляксандр Лукашэнка больш падрабязна паінфармаваў членаў урада аб перамовах, якія адбыліся нядаўна ў Санкт-Пецярбургу, з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і даў даручэнне паскорыць працу над узгадненнем палажэнняў абноўленай праграмы дзеянняў". 

"Усе першапачатковыя тэрміны, якія былі ўстаноўленыя, павінны вытрымлівацца. Літаральна прама зараз урад пачынае адпрацоўку са сваімі калегамі ўсіх пакуль яшчэ не ўзгодненых пытанняў па паглыбленай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй", - расказаў Сяргей Румас. 

Ён нагадаў, што бакам засталося ўзгадніць некалькі пытанняў па праграме дзеянняў. Як толькі гэтая праца будзе завершаная, пачнецца распрацоўка дарожных карт па сектарах. У лістападзе іх плануецца прадставіць кіраўнікам дзяржаў.

Як адзначыў прэм'ер, Кіраўнік дзяржавы даручыў Міністэрству замежных спраў актывізаваць працу па вырашэнні візавых пытанняў з Еўрасаюзам і Расіяй. У найбліжэйшы час МЗС унясе свае прапановы Прэзідэнту. Прынятыя рашэнні і па бязвізе для тых, хто падарожнічае ў нашай краіне. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову пашырыць бязвізавую зону ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Указ ужо падпісаны. 

На пастаянным кантролі ў Прэзідэнта і ўборачная кампанія. Прайшлі ўжо больш за палову плошчаў. Дарэчы, вынік значна лепшы, чым летась. Аднак Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што не ва ўсіх рэгіёнах краіны аднолькава паспяховая сітуацыя. Віной таму не толькі надвор'е, але і чалавечы фактар. Прэзідэнт даў адпаведныя даручэнні, каб адкарэкціраваць сітуацыю і забяспечыць сельгасарганізацыі неабходным запасам паліва.