Пытанні далейшага функцыянавання Дзяржсакратарыята Савета бяспекі абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта

29 ноября 2019
Пытанні далейшага функцыянавання Дзяржсакратарыята Савета бяспекі Беларусі Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў сёння з Дзяржсакратаром Станіславам Засем і кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта. Як вядома, Станіслаў Зась зойме пасаду генеральнага сакратара АДКБ. Гэту працу ён пачне ўжо з 1 студзеня, але фактычна яго дзейнасць на гэтай адказнай пасадзе ўжо пачалася. Напярэдадні ён разам з лідарамі краін - членаў арганізацыі прыняў удзел у закрытай частцы саміту Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

І яшчэ адна сустрэча Прэзідэнта. Перспектывы старшынства Беларусі і прадстаўнікоў краіны ў інтэграцыйных аб'яднаннях на постсавецкай прасторы сталі галоўнай тэмай размовы са старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам. Як вядома, у лютым 2020 года старшынства ў Еўразійскім эканамічным саюзе пяройдзе да Беларусі. Адначасова краіна атрымае права прызначыць на чатыры гады свайго старшыню калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы,  прапанова аб кандыдатуры Міхаіла Мясніковіча на гэту пасаду была дэталёва прааналізавана і падрыхтавана.

Важныя кадравыя змяненні сёння адбыліся ва ўрадзе і сталічным рэгіёне. Прэзідэнт прыняў рашэнне аб прызначэнні Міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога на пасаду першага намесніка прэм'ер-міністра, а Аляксандра Турчына, які займае зараз гэту пасаду, - старшыні Мінаблвыканкама. 

Усе падрабязнасці сустрэч у Палацы Незалежнасці глядзіце ў "Панараме".