Прэзідэнт: Мы хочам, каб у рэгіёне і Еўропе ў цэлым быў мір

28 октября 2019
Ваенна-палітычнае становішча і актыўнасць НАТА ля меж Беларусі стала падставай для размовы Прэзідэнта з кіраўніцтвам Савета бяспекі і Мінабароны. Манеўры Паўночнаатлантычнага альянсу "Абаронца Еўропы" пройдуць вясной 2020 года. Але наступальныя танкі для абаронных вучэнняў ужо абжываюцца за 15 кіламетраў ад беларускай мяжы на літоўскім палігоне. Такая дзейнасць ля нашых меж не ўяўляе пагрозы. Але і адназначна не падстава для самазаспакаення. Мы нікога не баімся, але ёсць прэцэдэнт, факт прысутнасці цяжкай бранятэхнікі ля нашага парога. Беларусь проста абавязана рэагаваць. І адказ павінен быць адэкватным. Яшчэ на мінулым тыдні Кіраўнік дзяржавы даручыў унесці прапановы  - канкрэтныя меры рэагавання і гарантавання бяспекі дзяржавы. Пра гэта сёння і ішла размова. Падрабязна  Наталля Брэвус.

Гэта сустрэча Прэзідэнта з кіраўніцтвам Савета бяспекі і Мінабароны нікога не здзівіла. Яшчэ на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка даручыў падаць план дзеянняў па рэагаванні на падзеі, якія адбываюцца ля самых нашых меж. Яшчэ толькі  вясной запланаваны маштабныя вучэнні НАТА, а на зімоўку ў Літву ўжо сцягваюцца амерыканскія танкі і вайскоўцы. Апошнім часам гэту тэму актыўна абмяркоўваюць у грамадстве - бурліць інтэрнэт і СМІ. Вялікай небяспекі няма, але не заўважаць таго, што адбываецца,  мы проста не можам. Вайскоўцы і разведка трымаюць Прэзідэнта ў курсе.    

Нягледзячы на 75 спакойных гадоў, у Беларусі не забываюць, якой цаной нам далося мірнае неба над галавой. Непрыманне любых праяў агрэсіі і ваяўнічасці цяперашняе маладое пакаленне ўбірае з малаком маці. Так, шануем гісторыю,  а галоўнае - памятаем яе ўрокі.  Таму рыторыка нашага Прэзідэнта сёння была менавіта такой - прынцыповай і адназначнай. Малы  прэцэдэнт,  які можа паўплываць на нашу бяспеку,  без увагі і рэакцыі не застанецца.  


А. Лукашэнка: Мы хочам, каб у рэгіёне і Еўропе ў цэлым быў мір

 
Што турбуе перш за ўсё. Нават не тое, што Паўночнаатлантычны альянс рыхтуецца да правядзення самых маштабных вучэнняў за апошнія  чвэрць стагоддзя. Чакаецца, што ў манеўрах возьмуць удзел каля 40 тысяч вайскоўцаў з 18 дзяржаў - членаў НАТА. Пры гэтым каля паловы вайскоўцаў - са Злучаных Штатаў Амерыкі.  Прыбыццё амерыканскіх "абрамсаў" на палігон у Пабрадэ  - гэта толькі вяршыня айсберга. Мінск не можа не заўважаць, што  ў  цэлым за апошнія гады групоўка НАТА ў суседніх краінах вырасла ў некалькі разоў:  было паўтысячы чалавек - стала больш за 7 тысяч. Плюс нарошчваюць матэрыяльную базу:  тэхніка, боепрыпасы.  Гэта прытым што палігон Пабрадэ ўсяго за 15 кіламетраў ад нашых меж. Такая актыўнасць выклікае зусім заканамерную занепакоенасць жыхароў прыгранічча.  

Ваенныя вучэнні сёння не рэдкасць. У такіх рэгулярна ўдзельнічаюць і беларускія вайскоўцы разам з саюзнікамі. Але ў адрозненне ад альянсу не трымаем вайскоўцаў на палігоне паблізу дзяржмяжы па паўгода.  Так што ўсё гэта разам   трывожны званочак, які не застаецца без увагі. 


Прэзідэнт: Мы самі сябе зможам абараніць


У Беларусі ёсць магутны шчыт - за апошнія гады зроблена нямала, каб нацыянальная армія была сучаснай і мабільнай. Плюс прыняты дальнабачныя рашэнні па мадэрнізацыі і стварэнні сучаснага ўзбраення. Але ў пытаннях вайны і міру наша краіна заўсёды вельмі педантычная. Столькі намаганняў прыкладвае Мінск, каб сфарміраваць вакол пояс добрасуседства, разумеючы, што парушэнне балансу ў рэгіёне можа ператварыць яго ў дугу нестабільнасці.  


Наземная абарона БелАЭС


Палігон Пабрадэ ў Літве, куды перакідваюцца амерыканскі воінскі кантынгент і, у прыватнасці, бранятанкавыя сілы, знаходзіцца яшчэ і літаральна за некалькі кіламетраў ад Беларускай атамнай станцыі. Так, яна аснашчана сур'ёзнай сістэмай бяспекі, але  ўлічваючы сітуацыю і хай нават перастрахоўваючыся, Прэзідэнт даручае падумаць аб дадатковай наземнай абароне важнага аб'екта.  

І хоць чыноўнікі НАТА пераконваюць, што вучэнні патрэбныя для адпрацоўкі мірных мэт, але ад гэтага не лягчэй. На  фоне росту напружання ў свеце любы неасцярожны крок можа падарваць галоўнае - давер і спакой у рэгіёне. Беларусь прытрымліваецца выключна абароннай стратэгіі -  ні на каго не нападзём, але заўсёды гатовыя пастаяць за сябе. 


Рэакцыя Беларусі на вучэнні НАТА


Улічваючы важнасць тэмы, размова з вайскоўцамі прайшла за зачыненымі дзвярамі. Ацэнка рызык, аб'ектыўны пералік магчымых выклікаў для краіны. Гаварылі пра тое, як Беларусь будзе рэагаваць на такія рэчы. Галоўнае - рэакцыя будзе адэкватнай. Размова не толькі аб ваенным складальніку, прымаецца шэраг інфармацыйных і дыпламатычных мер.

Што датычыцца ваеннага супрацоўніцтва з Расіяй, у наступным годзе бакі планавалі перапрацаваць план прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў. Ён будзе зменены з улікам становішча, што складваецца. Так, вайскоўцы Беларусі і Расіі будуць праводзіць сумесную разведку ў сувязі з натаўскімі вучэннямі. Міністр адкрыта гаворыць, што сітуацыю ў рэгіёне вайскоўцы манітораць пастаянна.   


Меркаванні экспертаў


Не сакрэт, што такая дэманстрацыя магчымасцяў Паўночнаатлантычнага альянсу накіравана перш за ўсё на Маскву. Але такая гульня мускуламі  стабільнасці ў рэгіёне не дадае. 

Палітыка спакойнага дыялогу з усімі партнёрамі - прыярытэт для афіцыйнага Мінска. Так маюць намер дзейнічаць і надалей. Дзейнічаць спакойна, але адказваць  і рэагаваць на ўсе выклікі адэкватна.  І заўсёды быць на варце нацыянальных інтарэсаў і нацыянальнай бяспекі.