Аляксандр Лукашэнка выступіў з дакладам у Палацы Рэспублікі

22 июня 2016

Найважнейшая грамадска-палітычная падзея года - Пяты Усебеларускі народны сход - праходзіць сёння ў Мінску. У Палацы Рэспублікі завяршылася асноўная частка першага дня - з дакладам выступіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адкрыў маштабны форум. Сімвалічна, што краіна закладвае падмурак новай беларускай эканомікі менавіта сёння - 22 чэрвеня. У гэты дзень 75 гадоў таму наш народ быў згуртаваны і адзіны, як ніколі, - пачалася Вялікая Айчынная вайна. Пачынаючы Усебеларускі сход, Кіраўнік дзяржавы прапанаваў дэлегатам і гасцям форуму ўшанаваць хвілінай маўчання памяць тых, хто цаной уласнага жыцця абараніў суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.

Такім чынам, маштабны дыялог вызначыць лёс краіны на наступныя пяць гадоў. Фармат народнага сходу ўжо зарэкамендаваў сябе. Задачы, якія ставілі ўдзельнікі папярэдняга ўсебеларускага форуму, краіна выканала: атрымалася захаваць палітычную стабільнасць, устойлівасць эканомікі і сацыяльную абарону насельніцтва. Галоўная мэта зараз - павысіць якасць жыцця людзей.

Удзельнікі народнага форуму прадстаўляюць усе вобласці Беларусі. Гэта людзі самых розных прафесій і сацыяльных груп. Усе разам яны не толькі ацэняць праробленую ў нашай краіне працу за мінулы перыяд, але і вызначаць асноўныя кірункі, у якіх будзе развівацца дзяржава. На Усебеларускі сход запрошаныя і госці з 55 краін. Зараз на форуме перапынак. А пасля 15 гадзін удзельнікі абмяркуюць тэзісы праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2020 года. Дыскусія будзе развівацца па прынцыпе свабоднага мікрафона.