У Палацы Незалежнасці адбылася вялікая нарада на тэму нацыянальнай бяспекі

16 декабря 2015

На гутарку да Прэзідэнта запрасілі кіраўнікоў усіх ведамстваў сілавога блока. Пытанні - больш чым актуальныя, улічваючы становішча, якое складаецца ў свеце ў гэты момант. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў удасканаліць дзейнасць сілавога блока: сёння наспела неабходнасць паглядзець на сістэму нацбяспекі комплексна і ацаніць, наколькі эфектыўна яна можа супрацьстаяць рэальным пагрозам. Першарадная задача адна: людзі павінны быць пад надзейнай абаронай. З падрабязнасцямі Вольга Макей.

У апошнія некалькі месяцаў пытанні нацыянальнай бяспекі асабліва часта фігуруюць у графіку Кіраўніка дзяржавы. Сустрэчы з сілавым блокам, наведванні воінскіх часцей і прадпрыемстваў абароннага сектара. Ад суладнай працы ўсіх гэтых структур у комплексе залежыць бяспечнае функцыянаванне дзяржавы.

Сітуацыя ў розных частках планеты, дзе цьмеюць і разгараюцца новыя канфлікты, пастаянна змяняецца. У тым ліку і ля беларускіх межаў. Ад таго наколькі зладжана, прафесійна і аператыўна будуць узаемадзейнічаць людзі ў пагонах, залежыць уся сістэма нацбяспекі. Для таго каб вырашаць усе гэтыя задачы кожнаму ведамству неабходная прадуманая стратэгія, яе бачанне на перспектыву павінен выстраіць кожны кіраўнік - такую задачу Прэзідэнт ставіў яшчэ месяц таму. Сённяшняя нарада стала працягам лістападаўскай гутаркі. Прэзідэнта цікавяць канкрэтныя прапановы.

Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч на пасадзе ледзь больш чым месяц. На працу структуры паглядзеў свежым поглядам. З журналістамі дзеліцца апошнімі лічбамі - за няпоўны год завялі 90 тысяч крымінальных спраў, праца над большай часткай ужо завершаная. З 2012-га гэтая сілавая структура аптымізацыю перажывала ўжо двойчы. Таму зараз для эфектыўнага функцыянавання галоўнае правільна расставіць акцэнты ў працы.

Сілавікі павінны эфектыўна процідзейнічаць выклікам і быць гатовымі да розных варыянтаў развіцця сітуацыі ў свеце. Асабліва, калі неспакойна ля нашых межаў. Паводле дадзеных МУС, ваяваць ва Украіну паехалі больш чым сотня беларусаў, яшчэ 10 чалавек зараз у радах ІГІЛ - гэтыя лічбы напярэдадні агучыў міністр унутраных спраў. Баявая статыстыка магла быць і горшай, калі б не своечасовая рэакцыя сілавых структур. Але нават адзін ваюючы на баку тэрарыстаў беларус - гэта ўжо занадта шмат, бо ён здольны вярнуцца на радзіму з баявым вопытам або нават зброяй. Апярэдзіць негатыўныя наступствы - задача сілавікоў.

Станіслаў Зась, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі: "Мы вымушаныя гэта рабіць - выстройваць нармальную цывілізаваную мяжу, якая павінна быць паміж дзвюма незалежнымі дзяржавамі, па паляпшэнні працы на пунктах пропуску, узмацненні кантролю на пунктах пропуску з мэтай недапушчэння траплення ў нашу краіну розных негатыўных праяў".

Сёння без такіх прабораў, гаворыць Леанід Шарамаў, служба на мяжы неймаверная. Як і без сабак - верных памочнікаў. У міжнародным пункце пропуску "Макраны", размешчаным на шляху ад украінскага Ковеля да Брэста, за суткі ў сярэднім праходзіць паўтары тысячы машын. Дбайна правяраюцца дакументы: ультрафіялетавыя промні і павелічальнае шкло дапамагаюць распазнаць падробку дакументаў. Не абысціся на мяжы і без відэаназірання: што адбываецца ў пункце пропуску, у рэжыме анлайн бачыць дзяжурны аператар. На маніторах усё, як на далоні.

Анатоль Васілевіч, в.а. начальніка аддзялення пагранічнага кантролю "Макраны": "З мэтай недапушчэння ўезду на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь асоб, якія займаюцца супрацьпраўнай дзейнасцю, а таксама ўвозу зброі, боепрыпасаў, выбуховых сродкаў дыверсіі, выбуховых рэчываў, прыняты шэраг дадатковых мерапрыемстваў. Па-першае, узмоцненыя пагранічныя нарады, выстаўленыя дадатковыя пагранічныя нарады. Для больш дбайнай праверкі дакументаў выкарыстоўваюцца прыборы спецыяльнай праверкі дакументаў".

Беларускія межы значна ўмацавалі за апошнія два гады. У тым ліку і на паўднёвай мяжы стварылі новыя ахоўныя падраздзяленні. У кожнай змене на пастаяннай аснове працуюць групы кінолагаў і спецыялістаў, каб не дапусціць пранікнення ў Беларусь зброі і іншых забароненых прадметаў.

Быць увесь час напагатове - праца праваахоўнікаў. 26 лістапада. Увагу патруля Мінскага чыгуначнага вакзала прыцягвае малады чалавек.

Пры найбліжэйшым разглядзе пад курткай апынулася бронякамізэлька, пры асабістым вобыску - маска, два беларускія пашпарты з розніцай напісання імя толькі ў адну літару і пісталет. Акрамя таго, у 28-гадовага ўраджэнца Наваполацка пры сабе даведка ад аднаго з батальёнаў "Правага сектара" аб удзеле ў антытэрарыстычнай аперацыі ва Украіне. Такім чынам, паводле папярэдняй інфармацыі, праваахоўнікі высветлілі, што ён меў дачыненне да фарміраванняў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Данецкай вобласці.

Менавіта з такімі негатыўнымі з'явамі і звязана патрабаванне Прэзідэнта пастаянна кантраляваць сітуацыю ля паўднёвых межаў краіны. Датычыцца гэта і бяспекі эканамічнай.

Дамова аб зоне свабоднага гандлю, падпісаная паміж Украінай і ЕС, уступае ў сілу з боем курантаў. З гэтага моманту еўрапейскія тавары змогуць паступаць на рынак суседняй краіны бяспошлінна. Ці выйграе ад гэтага спажывец - пакуль пытанне, зразумела адно, што мясцовым вытворцам прыйдзецца адчуць на сабе ціск заходніх канкурэнтаў. Акрамя таго, эксперты не выключаюць, што пад выглядам украінскіх у Беларусь могуць лінуць еўрапейскія тавары. А гэта ўжо пытанне бяспекі ўсяго Еўразійскага эканамічнага саюза. Пытанні эканамічнай і грамадскай бяспекі фактычна непарыўныя - усё гэта і ёсць бяспека нацыянальная. На думку Прэзідэнта, сілавы блок краіны функцыянуе эфектыўна. Тым не менш, сёння патрабуецца не толькі павышэнне якасці працы, але і разумная аптымізацыя - напрыклад, збавенне ад непатрэбных функцый і за кошт гэтага ўзмацненне працы па больш важных кірунках.