У Палацы Незалежнасці прайшла вялікая нарада з удзелам прадстаўнікоў усіх галін улады

10 марта 2017

З акцэнтам на прафілактыку. У Палацы Незалежнасці сёння прайшла вялікая нарада з удзелам прадстаўнікоў усіх галін улады. Прадмет грунтоўнай размовы - бяспека, і структуры, якія яе гарантуюць. Злачыннасць за апошнія 10 гадоў знізілася ўдвая, расце і раскрывальнасць злачынстваў. Сітуацыя ў сферы правапарадку ў краіне ў цэлым стабільная і кантраляваная. Але, як адзначыў Прэзідэнт, праваахоўны блок не можа заставацца ўбаку ад працэсаў, якія адбываюцца ў дзяржапараце ў цэлым. І тут немалаважнымі з'яўляюцца пытанні выключэння дублявання і фармалізму ў працы сілавікоў. Больш за тое, патрабаванні да функцыянавання праваахоўнай сістэмы будуць толькі павышацца. Падрабязнасці вялікай размовы – у Вольгі Макей.

За спінай Дзень абаронцы Айчыны, векавы юбілей беларускай міліцыі і цырымонія ўручэння генеральскіх пагон. Падстаў павіншаваць тых, хто штодня нясе службу ў самых розных падраздзяленнях, у апошнія дні было нямала. Але святочную тэматыку ў інфармацыйных стужках змяняюць навіны аб рабочых буднях праваахоўнікаў і вайскоўцаў. Бо няпростая, але, мабыць, найважнейшая праца - гарантаванне нашай бяспекі працягваецца. Як павысіць эфектыўнасць кожнага супрацоўніка і ўдасканальваць працу ў цэлым, абмяркоўваюць сёння ў Палацы Незалежнасці.

Для гэтай вялікай, мужчынскай размовы выбралі адну з самых змяшчальных зал Палаца Незалежнасці. Сюды запрасілі 260 чалавек. Акрамя праваахоўнікаў тут прадстаўнікі ўсіх галін улады. Такая шырокая прысутнасць была патрабаваннем Прэзідэнта. Бо для Беларусі, як і для любой дзяржавы, пытанне бяспекі - адно з найважнейшых.

Такія сустрэчы з прадстаўнікамі сілавых структур - мерапрыемствы традыцыйныя. Такія - па некалькі разоў на год. І гэтая нарада - планавая: падвесці вынікі працы за 2016-ты і абмеркаваць пытанні аптымізацыі праваахоўнай і судовай сістэм - вось цэнтральныя тэмы. За апошнія 10 гадоў узровень злачыннасці знізіўся амаль удвая, а Беларусь умацавалася ў першай дзясятцы самых бяспечных для жыцця краін і прасунулася ў рэйтынгу вяршэнства права і процідзеянні карупцыі. Гэта ў тым ліку і дзякуючы пераўтварэнням апошніх гадоў. Створаны Следчы камітэт і Камітэт судовых экспертыз, атрымалася размежаваць кампетэнцыю праваахоўных органаў і выразна арганізаваць іх працу. Але на дасягнутым спыняцца нельга. Прэзідэнт нацэльвае: патрабаванні будуць толькі павышацца. А асаблівую ўвагу трэба надаць прафілактыцы злачынстваў.

Сапраўды, пра гэта мала хто задумваецца, але Дэкрэт № 3 накіраваны, у тым ліку, і на нашу бяспеку. Папярэдзіць утрыманства - шмат у чым азначае папярэдзіць злачыннасць. Генеральны пракурор Беларусі прыводзіць аргументы.

Няпростая праца праваахоўнікаў беларусам часам не бачная. Але штогод людзі ў пагонах прыкметна прасоўваюцца ў барацьбе са злачынствамі. За мінулы год іх колькасць знізілася больш чым на 4%. Хтосьці скажа мала, але гэтыя 4% - гэта выратаваныя ад зламыснікаў людзі. Ды і колькасць загінуўшых ад злачынстваў знізілася на 3,5%, калі цэннае кожнае жыццё, гэты паказчык не такі ўжо і малы. Скараціўся і лік эканамічных махінацый. Дарэчы, сярод іх самыя папулярныя - гэта падробка грошай. Прыкметна менш стала пазапраўнага прадпрымальніцтва на 44,5%. А вось шкода ад карупцыі за мінулы год - 7 мільёнаў рублёў, і пакрыта яна толькі на 40%. Вядома, як і ўсюды, ёсць свае плюсы і мінусы, але ў цэлым працу праваахоўнай сістэмы лічаць эфектыўнай.

Праваахоўная сістэма павінна быць эфектыўнай, а значыць і аптымальнай. Але галоўнае, і гэта асабліва датычыцца тых, хто гарантуе бяспеку, - аптымізацыя павінна быць дбайна абдумана. Напрыклад, Прэзідэнту прапаноўваюць скараціць некаторыя РАУС краіны, маўляў, у асобных нагрузка невялікая, злачынстваў няма. Замест іх стварыць міжрайаддзелы, але Кіраўнік дзяржавы раіць не спяшацца.

Падрыхтаваныя кадры, вопытныя прафесіяналы, а галоўнае - паніжэнне ўзроўню злачыннасці ў краіне. Для аптымізацыі, якая дазволіць павысіць эфектыўнасць працы, сёння ёсць усе перадумовы. Акрамя таго, разглядаюць варыянт і рэатыстацыі некаторых спецыялістаў, якія ў праваахоўных структурах выконваюць выключна грамадзянскія задачы. Такую схему ў сваім ведамстве прапаноўвае і старшыня Вярхоўнага Суда.

На нарадзе Прэзідэнт агучвае праблемы і ставіць задачы перад кожным сілавым ведамствам. МУС. Аб выніках працы гэтай структуры ў першую чаргу сведчыць спакойная сітуацыя ў краіне. Але Кіраўнік дзяржавы зважае не толькі на пытанне парадку, але і прыстойнасці. Сярод людзей у пагонах сустракаюцца і тыя, хто часам пакідаюць пляму на рэпутацыі. Напрыклад, рэзананснае ДТЗ, калі пад коламі аўтамабіля, якім кіраваў міліцыянер у стане алкагольнага ап'янення, загінула дзяўчына. "Гэта сур'ёзны званок і факт, які нельга пакінуць без увагі", - рэзюмуе Прэзідэнт. Здараецца, што людзі ў пагонах, карыстаючыся становішчам, уступаюць і ў карупцыйныя сувязі, але такія злачынствы хутка выкрываюць.

Абмяркоўвалі сёння і рэзанансную справу, якая адбылася ў Мінску ў навагоднюю ноч. На шумнага суседа паскардзіліся жыхары пад'езда. З нарадам, які прыбыў, мінчанін паводзіў сябе агрэсіўна, і міліцыянеру прыйшлося скарыстацца табельнай зброяй.

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка ставіць задачы кожнаму ведамству. Савет Бяспекі - ключавы орган кантролю за ўсімі структурамі. Але сёння яму варта сканцэнтравацца менавіта на азначэнні пагроз нацыянальнай бяспекі, а не на кантролі падведамных арганізацый.

Следчы камітэт. Гэта ведамства пачало працаваць у 2012 годзе, і вынікі ўжо прыкметныя. Следства стала больш хуткім: большасць спраў расследуюць у тэрмін да двух месяцаў. Наблізіліся амаль да 100-працэнтнай раскрывальнасці забойстваў. Але Прэзідэнт зважае - да суда даходзіць у лепшым выпадку кожная другая крымінальная справа, раскрывальнасць крадзяжоў не дацягвае да 50%. І гэта пры створаных умовах і сучасных тэхналогіях.

А вось памежнаму ведамству варта ўзмацніць ваенны кампанент, забяспечанасць зброяй і паскорыць праходжанне пасажыраў праз мяжу.

Прэзідэнт ставіць задачы і Міністэрству па надзвычайных сітуацыях. Інспектары, праводзячы праверкі, павінны не перашкаджаць, а дапамагаць прадпрыемствам і кампаніям, нават падказваць, як пазбегнуць небяспечных сітуацый. Варта спрасціць і сістэму сертыфікацыі і выдачы ліцэнзій, звярнуць увагу на супрацьпажарнае страхаванне. Асобна гаварылі сёння і пра ўзброеныя сілы. Працу па аптымізацыі Мінабароны варта актывізаваць. А Камітэт дзяржбяспекі Прэзідэнт нацэльвае на контрразведвальную і антытэрарыстычную работу. Галоўная задача, не дапусціць у Беларусь тых, хто выношвае варожыя і экстрэмісцкія намеры.

Падводзячы вынік сустрэчы, Прэзідэнт скажа: "Галоўнае, што ў працы праваахоўных структур стратэгічных праблем не дапусцілі. Вынік ёсць, трэба рухацца далей".

Вялікую залу Палаца Незалежнасці ўдзельнікі нарады пакідаюць не адразу. Такі фармат сустрэчы, калі сабраліся прадстаўнікі ўсіх галін улады, - выдатная магчымасць абмеркаваць любыя пытанні. Усім разам. Бо дзейнасць кожнага з іх, як і ў цэлым усіх людзей у пагонах, накіраваная на тое, каб зрабіць наша жыццё спакойным.

Бяспека - гэта праца ў рэжыме нон-стоп. На вячэрняе дзяжурства ўжо заступілі тыя, хто забяспечвае ваш спакой, нават у гэтыя хвіліны, пакуль вы глядзіце сюжэт.