У Палацы Незалежнасці Прэзідэнт сустрэўся з лётчыкам-касманаўтам Алегам Навіцкім

16 августа 2017

У Палацы Незалежнасці Прэзідэнт сёння сустрэўся і са знакамітым на ўвесь свет беларусам - лётчыкам-касманаўтам Алегам Навіцкім. Пасля амаль 200 сутак на арбіце ён прывыкае да зямнога жыцця.

У пачатку чэрвеня касманаўт вярнуўся з МКС. Гэта ўжо другая місія беларуса. У яго - паўсотня навуковых эксперыментаў. Алег Навіцкі не забываў землякоў, радаваў цудоўнымі выглядамі беларускіх гарадоў з космасу, актыўна публікаваў іх у сацсетках. Да канца жніўня касманаўт у водпуску. Атмасфера сустрэчы настройвала на даверную і душэўную гутарку аб жыцці ў космасе і на зямлі. У размове з Кіраўніком дзяржавы Алег Навіцкі падзяліўся дэталямі экспедыцыі і распавёў аб сваіх планах.

Алег Навіцкі падарыў Кіраўніку дзяржавы фатаграфію экіпажа МКС і свой гадзіннік, які браў у космас. Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу ўручыў земляку першы экзэмпляр кнігі аб сімвале нашай дзяржаўнасці - Палацы Незалежнасці. Некалькі сімвалічных экспанатаў Алег Навіцкі нядаўна перадаў і для фондаў Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Сярод іх - асабістыя рэчы, імянны касцюм, выратавальныя сродкі, а таксама нацыянальны сцяг Беларусі, які Навіцкі браў з сабою ў космас.

У верасні наступнага года ў Беларусі пройдзе 31-ы міжнародны кангрэс асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў. Алег Навіцкі пацвердзіў свой удзел.