У Палацы Незалежнасці Прэзідэнт Беларусі прыняў даверчыя граматы паслоў

20 мая 2019

Гасціннасць, спакой і чысціня - гэта ўжо візітная картка Беларусі. Якая яна - аб'яднальная сіла спорту і беларуская гасціннасць - ужо зусім хутка змогуць адчуць тысячы гасцей. Месяц застаецца да старту II Еўрапейскіх гульняў. Зрэшты, і без гучных падстаў наша краіна заўсёды рада замежным партнёрам ці турыстам. Усё гэта - адлюстраванне міралюбнай і шматвектарнай палітыкі Беларусі. 

Сёння ў Палацы Незалежнасці Кіраўнік дзяржавы прыняў даверчыя граматы паслоў, якія толькі пачынаюць сваю місію ў нашай краіне. Інтэрнацыянальны пул прадстаўляюць дыпламаты дзевяці краін. Гэта Еўрапейскі саюз, Лацінаамерыканскі рэгіён, Афрыка, арабскі свет. Падстава - аб'ектыўна паглядзець на двухбаковыя адносіны, ацаніць іх якасць і вызначыць, куды рухацца далей. У знешнепалітычным курсе Беларусі няма развароту. Адкрытыя свету, а дыялог вядзём на аснове павагі, шчырасці і прыстойнасці. 

Тэму прадоўжыць Ілона Красуцкая.

Сустрэчы Кіраўніка беларускай дзяржавы з дыпламатамі - абавязковае мерапрыемства ў прэзідэнцкім графіку. Яны прыпадаюць не толькі на старт місіі, калі мы гаворым аб перазагрузцы адносін, перспектыве, але і каб падвесці вынікі супрацоўніцтва. Паслоў, якія завяршаюць работу ў нашай краіне, як правіла, чакае паўторная аўдыенцыя. Гэта добрая магчымасць аб'ектыўна паглядзець на вынік дыпмісіі і ацаніць якасць двухбаковых адносін.

Нядаўна ў Мінск прыбыў новы інтэрнацыянальны пул дыпламатаў. Бадай, май, сапраўды, лепшы час для старту місіі ў нашай краіне. Яркія фарбы, квітнеючы горад і самая камфортная тэмпература. Асабліва дыпламатам з афрыканскіх краін не варта непакоіцца аб тым, як пройдзе акліматызацыя. Зрэшты, спрыяльны клімат - гэта не толькі пра цяперашнюю вясну. Хутчэй, такі  цёплы прыём  пры любым надвор’і  - візітная картка Беларусі. 

Многія дыпламаты ўжо паспелі пазнаёміцца з нашай краінай, прыехалі крыху раней. І зусім хутка разам з беларусамі ў знакавы дзень - Дзень нашай Незалежнасці - адзначаць 75-ую гадавіну вызвалення Беларусі ад фашызму. Калі попыт на мір і спакой дагэтуль вялікі на планеце, гэтая дата - лепшы напамінак, якая дарагая цана за неразуменне і канфлікты. 

Сёння ў Палацы Незалежнасці прадстаўнікі  дзевяці дзяржаў. Гэта Еўрапейскі саюз, Лацінаамерыканскі рэгіён, Афрыка, арабскі свет. Журналісты, якія часта асвятляюць такія сустрэчы, ды і любы, хто пільна сочыць за навінамі, заўважыць: практычна кожны дыялог з прадстаўнікамі любой замежнай дзяржавы пачынаецца не з эканомікі. Гаворым пра мір. А як па-іншаму? Там, дзе ёсць месца варожасці, канфрантацыі,  немагчымыя трывалыя сувязі. І на гэтым фоне  размова  наконт лічбаў узаемнага тавараабароту здаецца бессэнсоўнай. Самы час аб'яднаць намаганні на шляху здабыцця спакою. Калі ў гэтым плане, што  назывецца, глядзім у адным напрамку - значыць разам ідзём далей. Развіваем інвестыцыйнае супрацоўніцтва і вызначаем перспектыўныя праекты.

На Беларусь у свеце глядзяць з асаблівай павагай. Незалежнасць, мір, бяспека - усё гэта ў нас ёсць, а на планеце, на жаль, у дэфіцыце. Мінск усё часцей выбіраюць пляцоўкай для абмеркавання самых надзённых пытанняў, бо мы адзін з самых актыўных ініцыятараў мірных працэсаў у рэгіёне. Данія  неаднаразова ўваходзіла ў тройку самых шчаслівых краін свету. Пра так званы "эфект Хюгэ" напісаны кнігі. З кім як не з гэтай краінай гаварыць аб падтрымцы міру ў еўрапейскім рэгіёне?!

Летась тавараабарот перавысіў 150 мільёнаў долараў, прыкметны рост. Да традыцыйных відаў  паставак драўніны і сметанковага масла, як па масле маглі б пайсці і іншыя кірункі супрацоўніцтва.

Умацоўваем партнёрства і з Іспаніяй.  Красамоўны факт - нядаўняе прызначэнне першага пасла Беларусі ў Мадрыдзе. Зараз разлічваем на крок у адказ.

Рынак ЕС - другі па значнасці для беларускага экспарту. Летась тавараабарот з  краінамі Еўрасаюза павялічыўся на 20 %, перавысіў 17 млрд  долараў.

Для далейшага росту гэтай лічбы Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае кіраўнікам дыпмісій Мальты і Славеніі некалькі перспектыўных праектаў.

Адзін з прыярытэтаў Беларусі ў Лацінаамерыканскім рэгіёне  -  развіццё супрацоўніцтва з Бразіліяй. Размова аб нарошчванні тавараабароту і стварэнні сумесных вытворчасцяў.

Пасол Бразіліі прызнаецца, наша краіна яго сапраўды здзівіла. Зусім іншая ежа, звычаі.  Але кантакт з мясцовымі дыпламатамі знайшоў адразу. Больш за тое, прыехаў у Беларусь яшчэ ў лютым, каб паспець пазнаёміцца з новай краінай да ўступлення на пасаду.

Паўла Фернанда Дыяс Ферэс, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Бразіліі ў Беларусі: "Паміж нашымі краінамі дзейнічае бязвізавы рэжым, ёсць дамоўленасці ў сферы грамадзянскай авіяцыі, мы купляем у вас угнаенні. Беларускія дыпламаты вельмі шчырыя   і заўсёды гатовы да адкрытага  дыялогу. Я ўпэўнены, мы гатовы паглыбляць супрацоўніцтва ў самых розных сферах".

Мір і парадак для еменцаў - пакуль мэта і мара. Наступствы грамадзянскай вайны,  якая забрала  людскія жыцці.  У даважку - вялізныя эканамічныя страты, упушчаныя магчымасці развіцця. Стабілізацыя і вяртанне да мірнага жыцця - працэс няпросты. І, безумоўна, не абысціся без саюзнікаў. Беларусь гатова падставіць плячо ў гэты няпросты час.

Пасол Карэі прыехаў у Беларусь усяго тыдзень назад. І з першага дня пачаў вывучаць дзве розныя культуры. Дыпламат бачыць сваю галоўную мэту - наладзіць кантакт паміж двума народамі. Далей - умацоўваць супрацоўніцтва ў сферах эканомікі, IT і навукі. Дарэчы, ужо на гэтым тыдні ў Беларусь прыедзе дэлегацыя карэйскіх навукоўцаў.

Тхэ Чжун Ёль, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Карэя ў Беларусі: "У нашых краінах ёсць шмат агульнага. Мы добра захавалі сваю культуру і традыцыі. Мы не можам пахваліцца прыроднымі рэсурсамі, але ў нас ёсць выдатныя людзі. У лічбавай эры мы сталі вядучымі  IT-дзяржавамі. Маючы такія агульныя рысы,  нашы краіны могуць цесна супрацоўнічаць, нягледзячы на тое, што геаграфічна мы знаходзімся далёка адзін ад аднаго".

Свет настолькі глабалізаваны, што выбар партнёраў, асабліва самых геаграфічна аддаленых, ужо нікога не здзіўляе. Сёння наша тэхніка ёсць практычна ва ўсіх афрыканскіх рэгіёнах. На рынку запатрабаваныя кар'ерныя самазвалы, металапрадукцыя, калійныя ўгнаенні. Супрацоўніцтва з краінамі гэтага кантынента мае палітычны і эканамічны інтарэс. 

І ўсё ж, у такой нязмушанай атмасферы значна прасцей весці дыялог. Цёплы прыём.  і сімвалічны бакал шампанскага, у першую чаргу, у гонар новых перспектыў.

Нарошчванне гандлю і паглыбленне інвестыцыйных сувязяў. Адкрыццё пасольстваў, новыя дамоўленасці, абмен візітамі - далёка няпоўны спіс таго, на што прыйдзецца ні адзін год працаваць дыпламатам, якія зноў прыбылі  ў  Мінск. Шматлікім з іх прыйдзецца жыць на некалькі краін - Беларусь, Расію, Польшчу. Бо свае абавязкі яны будуць выконваць па сумяшчальніцтве. Зрэшты, афіцыйны Мінск заўсёды адкрыты  для партнёраў і гатовы да любых узаемавыгадных праектаў. Наперадзе ІІ Еўрапейскія гульні - магчымасць прачуць аб'яднаўчую сілу спорту, ветлівасць  і гасціннасць - галоўныя якасці нашай народнай дыпламатыі.