У Палацы Незалежнасці абмеркавалі сітуацыю на калійным рынку

9 июля 2019

Прэзідэнт сустрэўся са старшынёй савета дырэктараў кампаніі "Слаўкалій" Міхаілам Гуцэрыевым. У Мінскай вобласці расійскі інвестар будуе  Нежынскі горна-ўзбагачальны камбінат. Падобны нацыянальны праект здзяйсняецца і ў Петрыкаве. З уводам гэтых аб'ектаў краіна ўмацуе першыя пазіцыі на сусветным рынку. Дарэчы, эксперты прагназуюць, што патрэбнасць у калійных угнаеннях будзе толькі павялічвацца, таму ўзвядзенне новых камбінатаў вельмі дарэчы. Разам з тым новым гульцам неабходна будзе весці ўзгодненую цэнавую палітыку з Беларускай калійнай кампаніяй, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Гэта датычыцца экспартных паставак. Прадпрыемствы не павінны быць канкурэнтамі адно аднаму.

Папярэднія дамоўленасці аб узгадненні цэн на знешніх рынках ужо ёсць. У размове з журналістамі інвестар адзначыў: пагадненне змацуюць подпісамі адразу пасля завяршэння будаўніцтва. Да 2023 года плануецца, што пачнуцца першыя пастаўкі ўгнаенняў. У цэлым Міхаіл Гуцэрыеў ад увядзення ў строй новага горна-ўзбагачальнага камбіната і продажу дадатковага аб'ёму калійнай прадукцыі чакае дадатнага эфекту для эканомікі краіны ў цэлым і ў прыватнасці для Любанскага раёна.

Міхаіл Гуцэрыеў, старшыня савета дырэктараў ІТАА "Слаўкалій": "Гэта дадатковая экспартная валютная выручка, якая спрыяе стабілізацыі эканомікі Беларусі, стабілізацыі валютнага курсу. Гэта новая добрая валютная скарбоначка, добры бізнес на 100 гадоў, гэта заўсёды будзе, нікуды не сыдзе. Акрамя таго, ужо зараз відавочныя плюсы для развіцця рэгіёна, дзе будуецца ГУК. Там з'явяцца новыя рабочыя месцы, будуюцца тры жылыя дамы, а ў будучыні павялічацца падатковыя паступленні і ў мясцовы бюджэт".

Не абышлі бокам і тэму дабрачыннасці. Міхаіл Гуцэрыеў рэалізуе ў Беларусі некалькі сацыяльных праектаў. Так, пад Мінскам за сродкі інвестара будуюць праваслаўную царкву. І гэта далёка не першы будынак мецэната.

У рамках дабрачыннай дапамогі ў сталіцы ўзводзіцца вялікая школа. На гэты праект, паводле слоў Гуцэрыева, ужо выдаткавана больш за 13 мільёнаў долараў.