У Палацы Незалежнасці дэталёва разгледзелі двухбаковае ваеннае супрацоўніцтва з Расіяй

20 марта 2017

Беларуска-расійскія вучэнні "Захад" стануць дэманстрацыяй нашага пастаянства ў гарантаванні бяспекі дзвюх краін. Гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. План маючых адбыцца манеўраў беларускі лідар абмеркаваў з кіраўнікамі Савета бяспекі і ўрада, міністрам абароны і высокапастаўленымі вайскоўцамі. Вучэнні намечаныя на верасень. Такія маштабныя трэніроўкі праходзяць раз на два гады. Задача, пастаўленая перад вайскоўцамі, - правесці манеўры абсалютна празрыста і максімальна адкрыта для назіральнікаў з іншых краін. Сёння ў Палацы Незалежнасці таксама дэталёва разгледзелі двухбаковае ваеннае супрацоўніцтва з Расіяй. І яго, па словах Кіраўніка дзяржавы, з-за рознагалоссяў у іншых сферах Беларусь згортваць не мае намеру. З падрабязнасцямі Сяргей Хамянтоўскі.

Апошнія месяцы ў Інтэрнэце то заціхае, то ўспыхвае зноў істэрыя з-за стратэгічных беларуска-расійскіх вучэнняў "Захад-2017". Ажыятаж падаграваюць паведамленні аб нібы масавай перадыслакацыі расійскай ваеннай тэхнікі на беларускую тэрыторыю. Так званыя канапавыя эксперты намякаюць на "аксамітавую акупацыю" Расіяй Беларусі падчас манеўраў. У пачатку лютага падчас Вялікай размовы з Прэзідэнтам Аляксандр Лукашэнка даў зразумець, што ў курсе гэтых гутарак.

Палітычныя і інфармацыйныя ўкіды непазбежныя, нават калі б вучэнняў не было. У беларуска-расійскіх адносінах пакуль не ўсё гладка. Але няпростая сітуацыя ў свеце абавязвае порах трымаць сухім і пастаянна павышаць узровень баявой вывучкі рэгіянальнай групоўкі войскаў для абароны заходніх межаў Саюзнай дзяржавы. Жартаваць з бяспекай недапушчальна.

На нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы ваеннае кіраўніцтва краіны і члены ўрада. Бадай, упершыню на такім узроўні ў Мінску вырашылі абмеркаваць план сумесных стратэгічных беларуска-расійскіх вучэнняў "Захад-2017", каб расставіць усе кропкі над i.

Маштаб вучэнняў будзе грандыёзным. Сем палігонаў ад Кольскага паўвострава Расіі да заходніх межаў Беларусі. У манеўрах "Захад-2017" возьмуць удзел 13 тысяч чалавек. Прыкладна 3 тысячы вайскоўцаў з Расійскай Федэрацыі. Наземную кампаненту падтрымаюць 300 адзінак ваеннай тэхнікі. У паветра ўзнімуць 25 самалётаў.

У адпаведнасці з Ваеннай дактрынай, сярод прыярытэтных напрамкаў у кааліцыйнай ваеннай палітыцы Беларусі на першым месцы ўмацаванне сістэмы калектыўнай бяспекі і далейшае развіццё адносін з Расіяй. Ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Мінска і Масквы застаецца адным з лакаматываў развіцця нашых сувязяў.

Беларускія генералы ўпэўненыя: сумесныя стратэгічныя вучэнні "Захад-2017" не нясуць пагрозы суверэнітэту рэспублікі. Сцэнарый вучэнняў, раёны правядзення, колькасць асабовага складу і ваеннай тэхнікі, якая ўдзельнічае ад Расіі, - усё гэта распрацоўваецца і ўзгадняецца з беларускім бокам. Усе перамяшчэнні войскаў таксама кантралююцца намі.

Няма пагрозы і заходнім дзяржавам, бо вучэнні маюць абарончы характар, не накіраваныя супраць трэціх краін і вырашаюць толькі задачы стратэгічнага стрымлівання.

Згодна з рашэннем прэзідэнтаў, сумесныя вучэнні праводзяцца раз у два гады па чарзе на тэрыторыях Беларусі і Расіі. Расія - наш стратэгічны саюзнік, з ёй мы будуем агульную абаронную прастору.

Дарэчы, пры правядзенні вучэнняў "Захад-2017" Беларусь поўнасцю выканае свае міжнародныя абавязацельствы, забяспечыць адкрытасць для сваіх партнёраў. Гэта жалезнае даручэнне Прэзідэнта. НАТА, дарэчы, ужо папрасіла паглядзець на манеўры.

Мінабароны запэўнівае: вучэнні "Захад-2017" нікому не пагражаюць. Беларускае кіраўніцтва неаднаразова падкрэслівала: любая ваенная актыўнасць на тэрыторыі Беларусі не павінна ўспрымацца знешнімі назіральнікамі як наступальная.

Па выніках мужчынскай гутаркі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў сцэнарый беларуска-расійскіх вучэнняў "Захад-2017".

Сустрэча з Саветам бяспекі яшчэ і добрая нагода абмеркаваць стан спраў у войсках, праблемы і знайсці шляхі іх вырашэння.

Манеўры пройдуць у верасні ў два этапы. Акрамя адпрацоўкі пытанняў прымянення груповак войскаў, будуць практычна выконвацца задачы тэрытарыяльнай абароны, узмацнення аховы дзяржмяжы. Галоўны меседж Прэзідэнта - мы гатовыя гарантаваць унутраную і знешнюю бяспеку.

За падрыхтоўкай да вучэнняў ужо ўважліва сочаць нашы заходнія партнёры. Манеўры "Захад-2017", па ўсёй бачнасці, будуць найбуйнейшымі ў гісторыі ля межаў НАТА.