У Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Зубайрам Махмудам Хаятам

17 декабря 2018

Яшчэ адна сустрэча ў Палацы Незалежнасці сёння прайшла пад знакам супрацоўніцтва Мінска і Ісламабада.

Пакістан - адна з самых буйных краін па колькасці насельніцтва ў свеце (больш за 200 мільёнаў чалавек). А яшчэ дзяржава Паўднёвай Азіі - ёмісты і перспектыўны рынак. Стаіць задача да канца 2020 павялічыць тавараабарот да мільярда долараў. Над гэтым працуе сумесная беларуска-пакістанская камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Таксама створаны профільныя рабочыя групы па ўзаемадзеянні ў навуцы, прамысловасці, АПК, адукацыі, ваеннай сферы.

Сёння Прэзідэнт Беларусі сустрэўся са старшынёй Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў Узброеных сіл Пакістана. Размова выйшла за рамкі толькі армейскіх тэм, бо наша краіна актыўна наладжвае адносіны з Пакістанам. У жніўні гэтага года там абралі новага кіраўніка ўрада, ім стаў Імран Хан. Нягледзячы на перамены, Беларусь цвёрда мае намер развіваць супрацоўніцтва. Тым больш што ў краін моцныя ўзаемаадносіны і вялікія перспектывы. Сёння наш Прэзідэнт перадаў запрашэнне для прэм'ер-міністра Пакістана наведаць Беларусь з афіцыйным візітам. Падстава годная: у 2019 Мінск і Ісламабад адзначаць чвэрцьвекавы юбілей усталявання дыпадносін.

Падчас сённяшняй сустрэчы абмеркавалі і глабальныя праекты ў рэгіёне. Зараз Ісламабад і Пекін будуюць Кітайска-пакістанскі эканамічны калідор. А Беларусь удзельнічае ў маштабным праекце "Адзін пояс і адзін шлях". Рэалізацыя гэтых ініцыятыў - добрая магчымасць для спалучэння эканамічных інтарэсаў. Што тычыцца ваеннага супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што партнёрам гатовы паказаць усё, што іх зацікавіць у Беларусі. Дарэчы, Узброеныя сілы Пакістана - больш чым проста армія. Людзі ў пагонах там рэалізуюць і важныя для краіны праекты ў сацыяльнай сферы.

Зубайр Махмуд Хаят, старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў Узброеных сіл Пакістана: "У першую чаргу дазвольце мне перадаць самыя цёплыя словы і найлепшыя пажаданні ад народа Пакістана, палітычнага і ваеннага кіраўніцтва краіны. Таксама я хацеў бы падзякаваць Вам за запрашэнне наведаць Беларусь, і за тую гасціннасць, якую адчуў я і члены маёй дэлегацыі. Сённяшняя сустрэча з Вамі - гэта вялізны гонар і прывілея для мяне. У наступным годзе дыпадносінам паміж нашымі краінамі спаўняецца 25 гадоў, за гэты час гэта першы візіт прадстаўніка Узброеных сіл Пакістана ў вашу краіну".

На памяць пра гэту сустрэчу Аляксандр Лукашэнка і Зубайр Махмуд Хаят абмяняліся падарункамі. Ад беларускага лідара ў дарунак - корцік і цукеркі "Прэзідэнт". Створаныя з натуральных інгрэдыентаў і без цукру, яны ўжо сталі традыцыйным гасцінцам для замежных дэлегацый.