Прэзідэнт прызначыў Уладзіміра Дворніка новым віцэ-прэм'ерам

4 апреля 2019

Сёння Прэзідэнт Беларусі прызначыў новага віцэ-прэм'ера. Гэтую пасаду ва ўрадзе зойме Уладзімір Дворнік. Да гэтага дня ён быў старшынёй Гомельскага аблвыканкама. Зрэшты, і на высокай пасадзе за кіраўніком застанецца куратарства над Гомельшчынай у першую чаргу ў кадравых пытаннях. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт. У цэлым Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў Уладзіміра Дворніка як вопытнага кіраўніка, які прайшоў добрую школу. Якія асноўныя задачы стаяць перад новым віцэ-прэм'ерам і цікавыя факты яго біяграфіі - у рэпартажы Вольгі Макей. 

Амаль увесь гэты тыдзень у рабочым графіку Кіраўніка дзяржавы праходзіць пад знакам развіцця рэгіёнаў і ўмацавання важнай для краіны галіны - сельскай гаспадаркі. У Магілёўскай вобласці новы губернатар і памочнік Прэзідэнта. Прызначаны міністр сельскай гаспадаркі. А сёння вырашана, хто будзе курыраваць АПК ва ўрадзе. Пасаду віцэ-прэм'ера займае Уладзімір Дворнік.

Яшчэ з раніцы, прыехаўшы ў Палац Незалежнасці, рэпарцёры прэзідэнцкага пула не здагадваліся, што вернуцца ў рэдакцыі з матэрыяламі пра новае кадравае рашэнне. Пасада віцэ-прэм'ера, якую да 1 красавіка займаў Міхаіл Русы, заставалася вакантнай нядоўга. Як аказалася, такое павышэнне Уладзіміра Дворніка абмяркоўвалі ўжо ў аўторак, на нарадзе па развіцці рэгіёнаў.

Ён быў губернатарам даўжэй за ўсіх сваіх цяперашніх калег. Гэтую пасаду займаў з 2010 года. І ўся кар'ера звязана менавіта з Гомельскай вобласцю. Вучыўся толькі ў Віцебску - у ветэрынарным інстытуце. Працаваў трактарыстам у родным Рэчыцкім раёне, галоўным ветурачом калгаса "Усход", намеснікам старшыні гаспадаркі "Дружба", кіраваў саўгасам-камбінатам "Зара". У 2009-м узначаліў Мазырскі райвыканкам, адкуль літаральна праз год і падняўся ў губернатарскі кабінет. 

Генерал-маёр запасу і заслужаны работнік сельскай гаспадаркі. Уладзімір Дворнік кіраваў вобласцю амаль восем з паловай гадоў. Настаў час рухацца далей.

Уся кар'ера экс-губернатара так ці інакш звязана з працай на зямлі, развіццём рэгіёна. Дарэчы, Гомельская вобласць па плошчы самая вялікая ў краіне. Тэрыторыя прыкладна як у Нідэрландаў. Пры гэтым у рэгіёне больш за 200 прамысловых прадпрыемстваў. Увогуле, ад кіраўнікоў на месцах сапраўды многае залежыць. Гэта пятая частка ўсёй краіны з насельніцтвам амаль паўтара мільёна чалавек. І, вядома, няпростыя землі, пацярпелыя ад Чарнобыля, але якія здолелі адрадзіць.

Зараз ужо ва ўрадзе Уладзіміру Дворніку трэба будзе актыўна ўключацца ў работу па выкананні даручэнняў Прэзідэнта, у тым ліку і тых, што прагучалі на тыдні падчас нарады па развіцці рэгіёнаў. Галоўнае - гэта парадак і дысцыпліна, а на зямлі - прытрымліванне ўсіх тэхналогій. Зараз для аграрыяў якраз напружаная пара пасяўной кампаніі.