Візіт сяброўства

15 мая 2016

Партнёрства - стратэгічнае, адносіны - сяброўскія. Гэта пра супрацоўніцтва Мінска і Ашхабада. На тыдні нашу краіну з афіцыйным візітам наведаў Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў. Штогадовыя сустрэчы лідараў дзвюх дзяржаў ужо сталі палітычнай традыцыяй. Першыя асобы нашых краін звязвае не толькі праца, але і шчырае сяброўства. Гэта пазітыўна адбіваецца ў першую чаргу на эканамічным супрацоўніцтве.

У Палацы Незалежнасці прайшло некалькі раўндаў перамоў на вышэйшым узроўні. Падпісаны пакет з дзясятка дакументаў. Гэта важкі дадатак да і так вялікага партфеля сумесных праектаў. Сярод якіх і туркмена-беларуская будоўля стагоддзя - узвядзенне ў пустыні горна-абагачальнага камбіната. Аб тым, як з хуткасцю ахалтэкінца рухаюцца насустрач адно аднаму Беларусь і Туркменістан - раскажа Аляксей Адашкін.

Конь цароў і палкаводцаў. Гэтай пародзе, як сцвярджаюць знатакі, ужо 5 тысяч гадоў. Ахалтэкінцы - нацыянальны гонар Туркменістана. Кошт аднаго такога прыгажуна можа даходзіць да двух мільёнаў долараў.

Засядлаць ахалтэкінца няпроста нават тым, хто мае навыкі верхавой язды. Бо гэтыя скакуны спрадвеку лічацца канямі аднаго гаспадара. Яны дрэнна пераносяць змену ўладальніка. Нораў у канёў гэтай пароды гарачы, паўднёвы. А адданасць чалавеку не ведае меж.

"Сталь, загорнутая ў шоўк". Так часта гавораць аб ахалтэкінцах. Вытанчаны і арыстакратычны знешні выгляд гэтага каня спалучаецца з неверагоднай жвавасцю і цягавітасцю. Імя пароды ідзе ад туркменскага племені "тэке" і назвы аазіса Ахкал, у якім і вывелі легендарных скакуноў. У гэтай фермерскай гаспадарцы пад Мінскам ёсць адразу чатыры ахалтэкінцы, якіх з гонарам паказвае ўладальніца стайні. Лілія Нікіцік - былая спартсменка і калісьці выступала менавіта на жарабцы такой пароды. З тых часоў і палюбіла туркменскіх "нябесных аргамакаў".

Лілія Нікіцік, фермер, уладальніца ахалтэкінскіх канёў: "Гэта самая старажытная парода, родапачынальнік усіх парод. Паглядзіце, якія ідэальныя лініі, як цудоўна складзены. Ахалтэкінцы вылучаюцца розумам, прыгажосцю, высакароднасцю, бляскам".

У снежні мінулага года картэж беларускага Прэзідэнта ў Ашхабадзе суправаджалі коннікі менавіта на ахалтэкінцах.

Праз паўгода ў Мінску ўжо не менш урачыста сустракалі туркменскага лідара. Аляксандр Лукашэнка асабіста прывітаў свайго калегу і сябра. Адной з першых тэм, якую змаглі абмеркаваць лідары па шляху ў залу перамоў, сталі менавіта ахалтэкінцы. Палац Незалежнасці сёння ўпрыгожвае карціна з легендарнымі скакунамі, падораная Прэзідэнтам Туркменістана два гады таму. Гурбангулы Бердымухамедаў - сапраўдны знаток канёў. Нават кнігу напісаў аб туркменскіх скакунах. Таму Аляксандр Лукашэнка прэзентаваў свайму калегу вось такі маляўнічы падарунак. Як перавесці ўзаемны тавараабарот на галоп? Аб гэтым гаварылі прэзідэнты. Спачатку - амаль дзве гадзіны ў фармаце адзін на адзін. Пасля - з удзелам дэлегацый.

Рэкордным па тавараабароце паміж Мінскам і Ашхабадам стаў 2013 год. Туркменістан займае чацвёртае месца ў свеце па здабычы газу. І падзенне цэн на вуглевадароды пагоршыла эканамічныя паказчыкі гэтай краіны. Прывяло гэта і да скарачэння гандлю з Беларуссю.

Аднак ужо ў 2016 годзе актыўнасць продажаў істотна павялічылася - больш як на 70 працэнтаў. Беларусь пастаўляе ў Туркменістан тэхніку, абсталяванне для электрычнай апаратуры, пад'ёмныя краны, лекі, трансфарматары, трубы і металаканструкцыі. У гэтай цэнтральна-азіяцкай краіны мы закупляем нафтапрадукты, баваўняную пражу, шэрсць і іншыя тавары.

Праўда, беларускі экспарт у бягучым годзе прыкладна ў 14 разоў пераўзыходзіць туркменскі імпарт. У Ашхабадзе разумеюць, што на адным газе далёка не паедзеш. Таму пачалі развіваць іншыя сферы эканомікі. Для перавядзення народнай гаспадаркі на інавацыйныя рэйкі неабходныя кадры, тэхналогіі і машыны са станкамі. Усё гэта ёсць у Беларусі.

Сельская гаспадарка, перапрацоўчая галіна, транспарт, ІТ-сфера і вытворчасць беспілотнікаў. А яшчэ маштабныя інфраструктурныя праекты. Вось стрыжневыя кірункі кааперацыі паміж дзвюма краінамі.

Самым маштабным беларуска-туркменскім праектам стала будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Асноўныя працы на аб'екце ў пустыні каля афганскай мяжы пачаліся ў 2012 годзе. Кошт кантракта на будаўніцтва камбіната пад ключ адзін мільярд долараў. Для нас гэта важны іміджавы праект, які для ўсёй Цэнтральнай Азіі стане дэманстрацыяй нашых магчымасцяў. Разам з тым гэта яшчэ і магчымасць замацавацца на рынку Туркменістана сур'ёзна і надоўга.

І ў эканоміцы, і ў палітыцы паміж нашымі краінамі поўнае разуменне. Пацвярджае гэта сумесная заява кіраўнікоў дзяржаў, завізаваная лідарамі па выніках перамоў. Усяго ж падпісана каля дзясятка дакументаў. У іх ліку пагадненні ў сферы гандлю, культуры, спорту, тэле- і радыёвяшчання, адукацыі. Так, спросціцца праца двух сумесных гандлёвых дамоў, адкрытых у Ашхабадзе і Мінску.

Вось гэты супермаркет туркменскіх тавараў працуе ў цэнтры беларускай сталіцы ўжо больш як пяць гадоў. Кожнага пакупніка тут сустракае партрэт усмешлівага прэзідэнта Бердымухамедава. На прылаўках - усё багацце туркменскай лёгкай прамысловасці. Ад баваўнянага адзення ўсіх фасонаў і расфарбовак і да ўнікальных дываноў ручной працы.

Дывановыя ўзоры - зараз і на беламармуровым будынку на праспекце Пераможцаў у Мінску. Праз паўтара года пасля пачатку будаўніцтва свае дзверы для наведвальнікаў адкрыла новае пасольства Туркменістана. Першыя і ганаровыя госці - лідары дзвюх краін. Урачыстая цырымонія наваселля прайшла з усходнім каларытам.

Пасольства з відам на Палац Незалежнасці стане цэнтрам прыцягнення беларуска-туркменскага супрацоўніцтва. Актыўнымі прыхільнікамі сяброўства дзвюх краін напэўна будуць і тыя 9 тысяч туркменскіх студэнтаў, якія зараз навучаюцца ў нашых ВНУ. А жывым сімвалам адносін паміж Мінскам і Ашхабадам, якія растуць, стане вось гэтая елка. Вечназялёнае дрэва Гурбангулы Бердымухамедаў пасадзіў на алеі ганаровых гасцей Палаца Незалежнасці. Не без сяброўскай падтрымкі свайго беларускага калегі.