"Вялікі камень" павінен стаць цэнтрам міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая

5 ноября 2015

Індустрыяльны парк "Вялікі камень" павінен стаць цэнтрам міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая. Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з намміністра камерцыі Кітая Чжунам Шанем. На перамовах гаворка ішла пра пашырэнне і паглыбленне ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж краінамі. У прыватнасці, абмяркоўваліся пытанні будаўніцтва індустрыяльнага парка.

Яго рэзідэнтамі з'яўляюцца восем кампаній, у тым ліку адна беларуская. На чарзе яшчэ паўтара дзясятка. Самы вялікі аб'ём інвестыцый на гэты момант плануе ўкласці China Merchants Group - паўмільярда долараў. Карпарацыя спецыялізуецца на аказанні транспартных, лагістычных паслуг і інвесціраванні ў нерухомасць.

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: "Дзякую за тыя цёплыя словы, якія выказаў старшыня КНР пасля абрання мяне Прэзідэнтам, а таксама за тую каласальную падтрымку, якую Кітай здзяйсняе ў дачыненні да Беларусі. Я таксама дзякую менавіта Вам за тое, што Вы прыбылі сёння ў Беларусь. У нас ёсць важныя праблемы, якія я хацеў бы з Вамі абмеркаваць, і не схаваю: я буду прасіць Вас, каб Вы аператыўна некалькі маіх просьб давялі да старшыні КНР. Што датычыцца нашых асноўных кірункаў супрацоўніцтва, у тым ліку, як назваў "Вялікі камень" старшыня КНР жамчужынай "Шаўковага шляху", то думаю, што тыя задачы, якія мы паставілі перад сабою разам са старшынёй КНР падчас яго візіту, будуць рэалізаваныя ў тэрмін, а калі мы аператыўна папрацуем, то будзем ісці са значным апярэджаннем".

Чжун Шань, намміністра камерцыі Кітая: "Спадар Прэзідэнт, у першую чаргу, дзякую Вам за гэтую сустрэчу. Перадаю Вам прывітанне і найлепшыя пажаданні ад старшыні Кітая Сі Цзіньпіна. Ваша перавыбранне на пасаду Кіраўніка дзяржавы з вялікай перавагай гаворыць пра тое, што Вы ўносіце важкі ўклад у развіццё эканомікі Беларусі, карыстаецеся вялікай падтрымкай у насельніцтва. Глыбокае асабістае сяброўства паміж Вамі і старшынёй КНР, а таксама абмен візітамі на вышэйшым узроўні сёлета надалі новы магутны імпульс далейшаму развіццю беларуска-кітайскага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства".

Апошнія два гады ўзаемны гандаль паміж Беларуссю і Кітаем стабільна бярэ планку на чатыры мільярды долараў. Сёння ўзровень крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва набліжаецца да 20 мільярдаў долараў. Для Беларусі, акрамя відавочных выгад ад сумесных прамысловых праектаў, не меней важным з'яўляецца паўнавартаснае ўключэнне ў кітайскі праект "Эканамічны пояс Шаўковага шляху". Гэта будзе транспартная сетка ад Ціхага акіяна да Балтыйскага мора. Пры гэтым скароцяцца бар'еры для гандлю і інвестыцый. Падрабязнасці ў наступных выпусках.