Важны інструмент у справе развіцця эканомікі

27 февраля 2014

Аб інвестыцыях і інвестарах ішла сёння размова на сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з дырэктарам швейцарскай кампаніі Штадлер. Сумесны беларуска-швейцарскі праект - прыклад паказальны. Гэта і ёсць адказ на пытанне: якім павінен быць узорны інвестар? У рэалізацыі вызначаных планаў зроблена нямала - у Фаніпалі будуецца завод па вытворчасці электратранспарту, зборку першых айчынных электрычак сумесна з сусветным брэндам плануюць пачаць ужо ў красавіку. Зрэшты, на сустрэчы не толькі дзеляцца планамі, гавораць і аб праробленай працы. Інвестар дзякуе за шырокамаштабную падтрымку, Прэзідэнт абяцае ўсялякае садзейнічанне і ў далейшым. З падрабязнасцямі Святлана Канапацкая.



Гэты поціск рукі ўжо далёка не першы ў гісторыі беларуска-швейцарскага праекта. У 2010 году быў падпісаны кантракт з фірмай Штадлер на пастаўку ў Беларусь 10 сучасных электрацягнікоў. Сёння гэтыя цягнікі ўжо даўно курсіруюць па чыгунках краіны.


У верасні 2011 падчас адкрыцця гарадскіх ліній Аляксандр Лукашэнка асабіста пракаціўся на хуткасным Штадлеры і ацаніў не толькі камфорт электрацягніка, але і перспектыву стварыць такі ж, але свой, айчынны, пры ўдзеле сусветнага брэнда.


У 2012 было зарэгістравана сумеснае прадпрыемства. Зараз яно называецца Штадлер-Мінск.


Красавік 2013. Кіраўнік Штадлера распавёў Прэзідэнту аб планах сабраць двухпавярховыя цягнікі для Расійскай чыгункі. Кампанія выйграла гэты тэндар. Гэтыя цягнікі будуць збіраць тут, на новым заводзе ў Фаніпалі. У снежні 2013 уведзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс. А да канца 2014 абяцаюць выпусціць першыя беларускія электрычкі новага класа.


Уладзімір Кароль, дырэктар ААТ Штадлер-Мінск: У прынцыпе з красавіка мы плануем пачаць поўны тэхналагічны працэс па вырабе цягнікоў і дадаткова яшчэ будуць пабудаваны некалькі цэхаў, у якіх будзе вытворчасць вагонаў метро і трамваяў.


Так наш Белкамунмаш у партнёрстве з сусветным вытворцам чыгуначнага саставу будзе заваёўваць новыя рынкі з інавацыйнымі распрацоўкамі. Прыклад удалага супрацоўніцтва і граматных інвестыцый. Такую ацэнку праекта даў Аляксандр Лукашэнка. У такім супрацоўніцтве Беларусь зацікаўлена.


Прэзідэнт растлумачыў, што цяперашняя сустрэча выклікана неабходнасцю неадкладнага вырашэння некаторых пытанняў, што тычацца рэалізацыі праекта і яго стратэгіі.


Петэр Шпулер, узяўшы слова, пачаў з тэмы перамог, але не вытворчых, а спартыўных, падкрэсліваючы тым самым, што агульных інтарэсаў у Беларусі і Швейцарыі сапраўды можа быць шмат. Гэту пазіцыю падзяляе і беларускі лідар.


Петэр Шпулер, генеральны дырэктар швейцарскай кампаніі Штадлер Рэйл Груп: Паважаны спадар Прэзідэнт, першым чынам хацеў бы ад імя Штадлера сардэчна падзякаваць вам за сапраўды добрую шырокамаштабную падтрымку. Вядома, я хацеў бы шчыра павіншаваць вас з 5 залатымі медалямі, якія заваявалі ў Сочы, у першую чаргу ў біятлоне. Першае месца заваявала беларуская спартсменка, другой стала дзяўчына са Швейцарыі, трэцяй зноў стала беларуска.



А затым да пытанняў вытворчых. Петэр Шпулер падрабязна праінфармаваў Прэзідэнта, як ідзе будаўніцтва завода і адміністрацыйна-вытворчага комплексу. Заўваг няма.


Адначасова з узвядзеннем карпусоў ідзе падрыхтоўка спецыялістаў. Зараз у Швейцарыі навучаецца 70 чалавек, неўзабаве адправяцца яшчэ 50. А калі пачнецца выпуск прадукцыі, са Швейцарыі прыедуць спецыялісты, каб ужо на месцы прадоўжыць навучанне персаналу. Петэр Шпулер ацэньвае гэта праект як шматабяцальны. Ацэнкі бакоў і тут супадаюць.


Электрычкі і цягнікі Штадлер калясяць па ўсім свеце. А ўжо ў недалёкай будучыні па чыгунках свету панясуцца і беларускія электрацягнікі.