У канцы рабочай паездкі Прэзідэнт пагутарыў з працоўным калектывам "Спартака"

17 июня 2016

Па традыцыі ў канцы рабочай паездкі Прэзідэнт пагутарыў з працоўным калектывам "Спартака". Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адразу падкрэсліў, што менавіта стабільная і эфектыўная праца такіх прадпрыемстваў як "Спартак", у першую чаргу, уплывае на магчымасць фінансаваць праекты ў сацыяльнай сферы і развіцці інфраструктуры. Прэзідэнт таксама акцэнтаваў увагу, што ў планах на пяцігодку - канчатковая рэканструкцыя ўсёй медыцыны і адукацыі. Адказаў Аляксандр Лукашэнка і на самыя вострыя пытанні, якія хвалююць усіх беларусаў, - дэнамінацыя, цэнаўтварэнне.

Расказвае Сяргей Хамянтоўскі: Рэдкая паездка Прэзідэнта па рэгіёнах праходзіць без зносін з людзьмі. Такія сустрэчы - гэта барометры не толькі таго, што цікавіць Беларусь сёння, але і таго, якія праблемы хацела б вырашыць краіна заўтра. Аб тым, як развіваецца Гомель, Прэзідэнту распавялі мясцовыя жыхары. А электрыфікацыю чыгункі і будаўніцтва дзіцячай абласной бальніцы Кіраўнік дзяржавы ўбачыў асабіста.

Сёлета на ўзвядзенне клінікі пойдуць тыя самыя 64 мільярды рублёў, заробленыя на рэспубліканскім суботніку. Гамяльчан турбуе, а што далей. Ці будуць інвестыцыі ў інфраструктурныя праекты ажыццяўляцца ў заяўленым дзяржавай аб'ёме? Прэзідэнт людзей абнадзеіў - няпростыя часы не падстава, каб не развіваць праекты для людзей. Праекты са статусам "сацыяльна значныя" не карэкціруюцца.

Праз два тыдні беларусы разам пазбавяцца сваіх мільёнаў. Дэнамінацыя беларускага рубля - галоўная навіна ва ўсіх цэхах, офісах і на кухнях краіны. Чатыры нулі адрэжуць ад зарплат, пенсій, стыпендый і дапамог. Лічыць і расплачвацца ў рублях будзе прасцей. Але людзей хвалюе, як працэс адаб'ецца на пакупніцкай здольнасці, ці не будзе росту цэн.

У Беларусі пачаўся асноўны этап уступнай кампаніі - цэнтралізаванае тэсціраванне. Сёлета на яго зарэгістраваліся больш за 100 тысяч чалавек. Як прайсці выпрабаванні без стрэсу, якой будзе рэформа вышэйшай школы? Аляксандр Лукашэнка адказаў як Прэзідэнт і як бацька.

Рэдкія гутаркі Прэзідэнта з людзьмі праходзяць без пытання аб спорце. Апошнія гады ўсе трывала звязваюць Аляксандра Лукашэнку з хакеем. Да клюшкі і шайбы лідар ставіцца з піетэтам. Але тут трэба ўспомніць, што сваё спартыўнае жыццё Аляксандр Лукашэнка пачынаў у футболе. У разгар чэмпіянату Еўропы ў Францыі пытанне ад усёй мужчынскай часткі краіны - за каго хварэе Прэзідэнт.

Кандытары не адпусцілі Прэзідэнта без падарунка. На памяць аб "Спартаку" Кіраўніку дзяржавы прэзентавалі шакаладны сноп.

Цяперашні прыезд Аляксандра Лукашэнкі ў Гомельскую вобласць - прымета таго, што праблемы рэгіёна, зрэшты, як і поспехі, на вачах кіраўніцтва краіны.