У цэнтры ўвагі Прэзідэнта - Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік

16 июня 2017

Развіваць і выкарыстоўваць землі, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, неабходна з улікам 30-гадовага вопыту нашай краіны. Гэта сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Хойніцкі раён Гомельскай вобласці.

У цэнтры ўвагі Кіраўніка дзяржавы - Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, найбуйнейшая прыродаахоўная ўстанова краіны. Аляксандру Лукашэнку далажылі аб радыялагічным становішчы ў рэгіёне, экалагічных працэсах у запаведніку. Размова таксама ішла аб эксперыментальна-гаспадарчай дзейнасці. Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы раней у запаведніку была створана вялікая і ўнікальная эксперыментальная база. У навуковых мэтах выкарыстоўваецца 700 гектараў былых сельгасугоддзяў. Тут ужо навучыліся вырабляць чыстыя кармы і вырошчваюць розныя культуры.

Тут жа Прэзідэнту прадэманстравалі і эксперыментальны пчальнік. Якасць мёда правяраюць у райцэнтры. Паказчыкі бяспекі - у дзясяткі разоў ніжэйшыя за норму, для гэтых зямель - гэтае вялікае дасягненне. Наведваючы запаведнік, Аляксандр Лукашэнка адхіліўся ад вызначанага плана паездкі і зрабіў прыпынак у адной з закінутых вёсак.

Прэзідэнт сёння таксама наведаў навуковую лабараторыю і музей на тэрыторыі запаведніка. Ужо пасля Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні журналістаў. Падрабязна ў нашых наступных выпусках навін.