У Сочы адбыліся саміты Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў

11 октября 2017

Галоўныя знешнепалітычныя навіны сёння прыходзілі з Сочы. Тут адбыліся саміты Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Па сутнасці - гэта два пакаленні постсавецкай эпохі. СНД - найстарэйшае міждзяржаўнае ўтварэнне, якому сёлета споўніцца 26 гадоў, і на базе якога вырасла самае маладое эканамічнае інтэграцыйнае аб'яднанне - ЕАЭС. Еўразійскі саюз у 2017-м спрацаваў у плюс: тавараабарот павялічыўся на траціну. Хоць у краін-удзельніц яшчэ шмат нявырашаных праблем, як, напрыклад, пытанні тарыфаў і канфіскацый. Гаварылі сёння і аб праблемах СНД. На іх завастрыў увагу наш Прэзідэнт. У рамках Садружнасці пытанні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння і бяспекі прасоўваюцца вельмі павольна. Дрэнна працуе і парламенцкае вымярэнне супрацоўніцтва: дзейнасць Міжпарламенцкай асамблеі не дае належнай аддачы. Кіраўнік беларускай дзяржавы, насуперак заклікам спісаць СНД з рахункаў, заўсёды настойваў на тым, што гэты фармат не зжыў сябе і яго трэба захаваць. Адгэтуль вырасла самае прасунутае інтэграцыйнае ўтварэнне - Саюз Беларусі і Расіі. Ну а сёння СНД застаецца той унікальнай пляцоўкай, дзе кіраўнікі дзяржаў могуць сабрацца разам і паспрабаваць выпрацаваць узаемавыгадныя рашэнні.

Аб чым дамовіліся ў Сочы, ведае Вольга Макей.

Сёлета месцам саміту СНД стаў Сочы, хоць насамрэч кіраўнікі дзяржаў сустракаюцца за 30 кіламетраў ад цэнтра курортнага горада - у Адлеры, гэта адзін з сочынскіх раёнаў. Уся справа ў тым, што сталіца зімовай Алімпіяды 2014 - самы доўгі горад у Расіі. Працягласць Сочы ўздоўж берагавой лініі Чорнага мора - 145 кіламетраў. Па сваёй тэрыторыі горад-курорт перасягае 28 дзяржаў.

Турыстычны сезон тут ужо завяршаецца, таму візіту дэлегацый СНД мясцовыя жыхары толькі рады - гэта чарговая магчымасць зарабіць на таксі, гасцініцах і ў магазінах. Таму і пастаяць трохі ў заторах, прапускаючы прэзідэнцкія картэжы, здаецца, ніхто не супраць.

Пакуль прэзідэнты толькі ехалі да кангрэса-цэнтра, у закуліссі перагаворнай пляцоўкі ўжо кіпела праца журналістаў. Невялікі прэс-цэнтр ледзь змяшчае ўсіх ахвотнікаў: на саміты, а іх сёння адразу два - СНД і ЕАЭС - акрэдытавалася больш за 200 рэпарцёраў.

Ля параднага ўвахода ўдзельнікаў перамоў вітае прэзідэнт Расіі. Рэпарцёры жартуюць, той выпадак, калі Пуцін не спазняецца. Усё ж гаспадар саміту і па пратаколе павінен сустракаць гасцей.

Дарэчы, пару дзён таму расійскі лідар адзначыў юбілей. З гэтай нагоды сёння раніцай Уладзіміру Пуціну падарылі шчаня алабая па мянушцы Верны. У Туркменістане сярэднеазіяцкіх аўчарак лічаць нацыянальным набыткам і нават забараняюць вывозіць з краіны, але дзеля такога выпадку….

Зрэшты, віншаванні з 65-годдзем у кулуарах напэўна прагучаць не раз, а пакуль палітыкі настроены на працу. Абмеркаваць трэба будзе нямала.

Саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД называюць самай значнай падзеяй Садружнасці сёлета. Для лідараў гэта магчымасць сустрэцца і асабіста абмеркаваць усе самыя вострыя пытанні. А іх нямала. СНД 26 гадоў. Па чалавечых мерках - узрост сталы, час прыняцця самастойных рашэнняў. Вось і Садружнасці пара пераходзіць да канкрэтных спраў. Яшчэ на мінулым саміце ў Бішкеку Аляксандр Лукашэнка агучыў галоўную мэту Садружнасці - стаць больш уплывовай структурай на міжнароднай арэне. Так, рашэнне аб адаптацыі СНД да сучасных рэалій прынята, прайшоў час, а воз і цяпер там. Ды і галоўная задача пляцоўкі - роўныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў - выконваецца не заўсёды. Прэзідэнт прыводзіць у прыклад пытанне доступу да дзяржзакупак. Агульныя правілы сфармуляваны, але працаваць па іх згодны не ўсе.

Пытанне ўдасканалення СНД - зараз адно з асноўных. Больш за чвэрць стагоддзя таму, калі шматлікім скептыкам здавалася, што дзяржавы СССР разышліся назаўжды, менавіта Садружнасць стала працягам інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Так, такая пляцоўка патрэбна, яе нават нярэдка называюць элітным клубам. Але такі статус трэба падмацоўваць рэальнымі дзеяннямі, глабальнымі праектамі. Аляксандр Лукашэнка гаворыць як ёсць: пры Садружнасці маса структур, у тым ліку і Парламенцкая асамблея, якія фінансуюцца з бюджэту, а вага пытанняў і эфектыўнасць іх працы - невысокая. Напрыклад, ні адзін праект не лёг у аснову нацыянальнага заканадаўства. Выходзіць, дэпутаты збіраюцца, але іх рашэнні не запатрабаваныя. Таму беларускі лідар прапануе рэфармаваць працу органаў СНД.

Праблем у СНД, як і ў любой інтэграцыі, сапраўды нямала. Садружнасць называюць "клубам 11", але за круглым сталом - не ўсе прэзідэнты. Не прыляцеў Алмазбек Атамбаеў - вымушаны застацца ў Кыргызстане і кантраляваць падрыхтоўку да выбараў, якія ўжо ў гэтую нядзелю. Замест яго прэм'ер. Не прадстаўлена на саміце і Украіна, ды і Кіеў перыядычна пагражае выхадам з СНД, хоць дэ-юрэ ў ім ніколі і не быў (статут Садружнасці не ратыфікаваны). Але з іншага боку, больш актыўна падключаюцца да працы Туркменістан і Узбекістан. Нягледзячы на крытыку эканамічнага вымярэння Садружнасці, тавараабарот паміж краінамі расце. Тым не менш застаюцца праблемы, якія перашкаджаюць дадаць у гандлі.

Па выніках перамоў прэзідэнты падпісваюць 18 дакументаў. Мабыць, самы вялікі пакет тычыцца тэмы бяспекі. У свеце не становіцца спакайней і гэта своеасаблівы прыклад аператыўнага рэагавання. Прэзідэнты паставілі подпісы пад дакументамі аб барацьбе з фінансаваннем тэрарызму і распаўсюджваннем зброі масавага знішчэння, аб процідзеянні карупцыі. Акрамя таго, краіны дамовіліся адаптаваць сістэму СПА дзяржаў СНД да вырашэння задач ваенна-касмічнай абароны. Зрэшты, аб барацьбе з пагрозамі гаварыў і будучы старшыня ў СНД. Прэзідэнт Туркменістана назваў прыярытэты ў Садружнасці на 2018.

Лідары паставілі подпісы і пад дакументамі аб удасканаленні працы Міжпарламенцкай асамблеі. Вялікі блок і гуманітарных тэм. Як вядома, 2017-ты ў Садружнасці - Год сям'і. Гэтай тэме прэзідэнты прысвяцілі сумесную заяву. У ёй гаворыцца, што захаванне традыцыйных каштоўнасцяў - адзін з галоўных прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі ў СНД. Акрамя таго, 2019-ты ў Садружнасці аб’явілі Годам кнігі, а 2020-ты - Годам 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай. Вызначылі і культурныя сталіцы на найбліжэйшы час. У 2019-ым такі статус дастанецца Брэсту.

Савет кіраўнікоў дзяржаў СНД для прэзідэнтаў, лічы, адзіная магчымасць сабрацца ў такім фармаце. Вядома, абмяркоўваюць не толькі глабальныя справы Садружнасці, але і двухбаковыя. У кулуарах беларускі лідар сустракаецца з Прэзідэнтам Узбекістана. Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў бачыліся роўна год назад, у Самаркандзе.

Узаемны гандаль паміж краінамі паказвае добры рост, але патэнцыял куды вышэй. Краіны распрацавалі дарожную карту супрацоўніцтва, Узбекістан гатовы да кааперацыі, зрэшты, такія прыклады ўжо ёсць - у будаўніцтве дарожнай тэхнікі. Ёсць ідэі супрацоўніцтва і ў іншых сферах. Для гэтага Ташкент гатовы адкрыць у Мінску дыппрадстаўніцтва - пакуль у Беларусі па сумяшчальніцтве пасол у Расіі.

Сёння палітычныя рэаліі такія, што фармат СНД - гэта найвышэйшая інтэграцыйная надбудова на постсавецкай прасторы. Менавіта яна стала прабацькам аб'яднанняў больш цесных, напрыклад, Еўразійскага эканамічнага саюза. Амаль палова ўдзельнікаў СНД зараз актыўна збліжаюцца, абапіраючыся на платформу ЕАЭС. Да пяцёркі ў якасці назіральніка імкнецца і Малдова. Даць такую ролю Кішынёву дамовіліся падчас мінулай сустрэчы. Засталося ўладзіць фармальнасці. Пакуль Прэзідэнт Ігар Дадон на саміце ў якасці госця.

У вузкім фармаце палітыкі мелі зносіны паўтары гадзіны. За зачыненымі ад прэсы дзвярамі. Увойдучы ў залу для сустрэчы ў пашыраным складзе, прэзідэнты доўга нешта абмяркоўвалі са сваімі камандамі, раіліся паміж сабою. Аб чым ішла размова, застаецца толькі здагадвацца. Тым не менш, слова ўзяў Уладзімір Пуцін. Прэзідэнт Расіі гаварыў пра дынаміку ЕАЭС. У 2017-ым яна паказвае дадатны рост. Напрыклад, гандаль паміж дзяржавамі дадаў 30 %.

Прэзідэнт Арменіі ў сваім выступленні гаварыў пра лічбавую трансфармацыю ЕАЭС. Гэта сапраўды самае актуальнае пытанне інтэграцыі. За паскарэнне гэтага працэсу і Беларусь. Карацей, гэта перавод эканомікі ў Інтэрнэт. Гэта дазволіць прасочваць рух прадукцыі і паслуг, перавядзе ў лічбу транспартныя калідоры і гэтак далей. Эксперты ўжо пралічылі эфект ад лічбавізацыі ЕАЭС да 2025 года. Гэта стварэнне да 8 мільёнаў рабочых месцаў, агульны рост ВУП дзяржаў інтэграцыі на 11 %. Плюсы адчуюць і ў Беларусі.

Калі не ўлічваць праблемы ўнутры інтэграцый, (а ёсць бар'еры ў руху тавараў, павольна ідзе праца па агульных рынках нафты і газу), то на міжнароднай арэне ЕАЭС сапраўды выглядае прывабна. Цікавасць ужо праяўляюць дзясяткі дзяржаў. Напрыклад, дагавор ЕАЭС аб зоне свабоднага гандлю з В'етнамам прынёс свой плён. Тавараабарот з краінамі пяцёркі павялічыўся амаль на 12 %. Паміж Мінскам і Ханоем - вырас на чвэрць. Стаць бліжэй да ЕАЭС імкнецца і Малдова.

Калі падагульніць, еўразійская пяцёрка сёння ўзгадніла 16 дакументаў. Сярод іх - супрацоўніцтва ў галіне геаінфармацыйных тэхналогій. У перспектыве - стварэнне агульнай для ЕАЭС групоўкі лятальных апаратаў. На першым этапе сумесна выпусцяць пілотны ўзор спадарожніка, серыйная вытворчасць і разгортванне групоўкі плануюць да 2023 года. Краіны адобрылі і бюджэт ЕАЭС на наступны год. Ён складзе больш за 8 мільярдаў расійскіх рублёў. Прэзідэнты падпісалі і заяву аб выкананні ўнутрыдзяржаўных працэдур, якія неабходны для ўступлення ў сілу новага Мытнага кодэкса. Па гэтым дакуменце на пляцоўцы ЕАЭС пачынаюць працаваць з 1 студзеня.

Ужо пасля насычанага перагаворнага дня лідары СНД адправіліся на вячэру, вядома, без прэсы. Але ў аб'ектывы трапілі падарункі ад Аляксандра Лукашэнкі да юбілею Уладзіміра Пуціна. Як вядома, Прэзідэнт Расіі калекцыяніруе маркі з малюнкам вядомых людзей. Зараз калекцыю папоўняць выдатныя персоны Беларусі. У падарунак - і бронзавая статуэтка каня.

Саміты хоць і падводзяць своеасаблівы вынік - гэта не падстава расслабляцца. Зараз праца будзе працягвацца на ўзроўні ведамстваў і камісій, каб падрыхтаваць парадак дня да наступнай сустрэчы прэзідэнтаў. У 2018-ым старшынёй у ЕАЭС стане Расія, а ў СНД - Таджыкістан. Дарэчы, ужо менш чым праз месяц больш за палова лідараў краін Садружнасці сядуць за стол перамоў ужо ў рамках АДКБ. Сустрэча назначана на канец лістапада ў Мінску. Беларусь сёлета - старшыня ў арганізацыі.