У Сочы пачаліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна

13 февраля 2019

На сустрэчы ў Краснай Паляне наш Прэзідэнт заявіў, што адносіны Беларусі і Расіі непарушныя, хто б што ні пісаў і ні гаварыў. З беларускага боку на сустрэчы таксама прысутнічае ўрадавы і міністэрскі пул - гэта віцэ-прэм'еры Ігар Ляшэнка, Ігар Петрышэнка, Міхаіл Русы, Міністр фінансаў Максім Ермаловіч, Міністр эканомікі Дзмітрый Крутой і пасол у Расіі Уладзімір Сямашка. З расійскага - першы намеснік старшыні ўрада - Міністр фінансаў Антон Сілуанаў, віцэ-прэм'ер Дзмітрый Козак, памочнік Прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў, Міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін і пасол Міхаіл Бабіч.

Беларуска-расійскія адносіны знаходзяцца на высокім узроўні з пункта погляду ўсіх магчымых кірункаў міждзяржаўнага ўзаемадзеяння - палітыкі, эканомікі, сацыяльнай сферы і культуры. Расія з'яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. Узаемны тавараабарот паказвае рост. Аб'ём агульнага гандлю па выніках мінулага года перавысіў 35 мільярдаў долараў. Гаворачы, напрыклад, пра супрацоўніцтва ў сферы паставак харчавання, Кіраўнік дзяржавы асобна падкрэсліў высокую якасць вырабленых у Беларусі прадуктаў і гатоўнасць пастаўляць іх у неабходных аб'ёмах на расійскі рынак.