У рэабілітацыі тэрыторый, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, бачны значны прагрэс

16 июня 2017

Такую думку выказаў Прэзідэнт падчас рабочай паездкі на поўдзень Гомельскай вобласці. Там размешчана найбуйнейшая ў нашай краіне прыродаахоўная зона - Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік. За 30-гадовую эпоху адраджэння Беларусь уклала ў гэтыя землі дзясяткі мільярдаў долараў, каб зараз некалі эвакуіраваныя населеныя пункты зноў пачалі ўдзельнічаць у эканамічным жыцці краіны. Сёння нават прагучала прапанова змяніць межы запаведніка. На эксперыментальных угоддзях навучыліся здабываць чысты мёд, вырошчваць сельскагаспадарчыя культуры, вырабляць кармы і нават прадукты харчавання, якія цалкам адпавядаюць санітарным нормам. Усяго ў навуковых мэтах выкарыстоўваецца 700 гектараў былых сельгасугоддзяў. Важную ролю ў гэтым паступальным руху адраджэння адыгралі даручэнні Кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка часта бывае ў пацярпелых ад аварыі раёнах і сёння падрабязна азнаёміўся з жыццём на гэтай складанай зямлі. Наведаў лабараторыю, пчальнік і каняферму, дзе разводзяць племянных коней. Адхіліўшыся ад запланаванага маршруту, Прэзідэнт пабываў і ў закінутай вёсцы, якую людзі пакінулі 30 гадоў таму.

Усе падрабязнасці - у матэрыяле Андрэя Крывашэева. З вышыні птушынага палёту - казачная прыгажосць беларускага Палесся. Так і не скажаш, што тры дзесяцігоддзі таму гэтая зямля атрымала чорна-аранжавую пазнаку чарнобыльскай бяды. Масавае адсяленне, калючы дрот па перыметры, спецпропускі і ўсе меры засцярогі, якія пры неспрактыкаванасці навукі былі нават залішнімі. Апякліся Чарнобылем страшна, таму дзьмулі і на ваду - мясцовую Прыпяць і азёры, і на лес, на раллю, закінуўшы ўсё, чым жыла палеская зямля стагоддзямі.

Вёска Бабчын - адна з 429 у Беларусі, якія спынілі сваё будзённае існаванне неўзабаве пасля чарнобыльскай трагедыі. Адселена ў 86-м. Напамінак - чорны валун, як знак бяды ўсяго беларускага Палесся.

Сёння тут на месцы вёскі - КПП і эксперыментальная база Палескага запаведніка. Меры засцярогі самыя строгія, але людзі ўжо прывыклі жыць і працаваць з дазіметрам у руках.

Магутнасць дозы сёння - 0,49 мікразіверта за гадзіну. У 2,5 раза вышэй за норму, і гэта адна з самых чыстых пляцовак. У запаведніку сустракаюцца ўчасткі, дзе лімітавая доза вышэйшая у 1000 разоў, месцы дагэтуль смяротна небяспечныя. Зрэшты, Беларусь не адмаўляецца ад гэтай цяжкай зямлі, што стала сусветнай лабараторыяй па пераадоленні ядзерных катастроф. Лабараторыяй, у якую Беларусь ужо ўклала звыш 25 мільярдаў долараў і кантралюе на вышэйшым прэзідэнцкім узроўні.

Постчарнобыльскія фобіі і страхі - гэта не пра Кіраўніка дзяржавы. На гэтай зямлі ён жыве і працуе рэгулярна з сярэдзіны 90-х. Асабістым прыкладам даказваючы, што гэтая багатая зямля пакінутая незаслужана, а міфы пра катастрофу чалавека і прыроды ў асноўным прыдумваюцьь тыя, хто вырас на асфальце і на вернутых тэрыторыях не быў ні разу.

Заложніцай чарнобыльскай трагедыі стала вялізная плошча - 216 тысяч гектараў, гэта самая вялікая прыродаахоўная тэрыторыя ў Беларусі. 65 кіламетраў з поўначы на поўдзень і 72 кіламетры з захаду на ўсход.

Ад месца пасадкі прэзідэнцкага борта да чарнобыльскай станцыі крыху больш за 50 кіламетраў па прамой. Менавіта пра гэта першае пытанне лідара - як суседства з аварыйным рэактарам уплывае на радыяцыйны фон, як ён змяняецца з цягам часу?

Гэтая тэрыторыя стала запаведнай праз 2 гады пасля трагедыі, але ахоўваць яе і развіваць навуку сталі ўжо ў суверэннай Беларусі пад пільнай увагай Аляксандра Лукашэнкі. Для яго гэта не толькі дзяржаўны абавязак і адказнасць. Гэта глыбока асабістае.

З мінскіх кабінетаў і праспектаў не разгледзець, як змяняюцца ландшафты і настроі людзей, таму прэзідэнцкі шлях сюды рэгулярны. Першы кіламетр пешкі - сапраўдны, не бутафорскі Чарнобыльскі шлях.

Па дарозе падрабязны іспыт губернатару - як уладкоўваюцца найбольш пацярпелыя райцэнтры і аграгарадкі, як прайшоў першы ўкос, якія прагнозы на ўраджай. У цэлым вобласць не дэпрэсіўная. Па інвестыцыях, вытворчасці і рэнтабельнасці – вышэй за план. Па экспарце і зусім рост на траціну. Але больш за гіперлічбы Прэзідэнта цікавіць ключавая тройка: цэны, занятасць, зарплата. Жыццёвыя лічбы.

Па сельскай гаспадарцы і прагнозах на ўраджай губернатар, вядома, не хоча сурочыць, але пакуль ідуць на рэкордны па збожжавых. І гэта таксама вынік барацьбы чалавека з катастрофай. Гамяльчане штогод адваёўваюць у закінутай зоны па 15 тысяч гектараў чыстай зямлі. Фантастычная настойлівасць і фантастычны вынік, на які працуе ўся рэспубліка. У выніку сёння пад забаронай каля 12 % беларускай зямлі. У 90-х было ўдвая больш.

Мы тое, што мы ядзім. Народную мудрасць у запаведніку ўспрымаюць сур'ёзна. Унікальныя не толькі для Еўропы, для свету чыстыя тэхналогіі - уласная распрацоўка. Калі ў 90-х выпадкаў перавышэння ў малаку і мясе было сотні, сёння - адзінкі. І тое навукоўцы гарантуюць: ні аднаго забруджанага кілаграма за межы запаведніка не выйдзе.

Як прыклад якасці і бяспекі мясцовай прадукцыі - мёд з эксперыментальнага пчальніка. Стварыць яго было даручэннем Прэзідэнта, таму і інспекцыя прыдзірлівая: ад характару - наколькі міралюбныя пчолы, да абавязковай дэгустацыі.

Гаспадароў нават некалькі крыўдзяць, калі прыезджыя распрытваюць аб бяспецы. Лепшая рэкамендацыя – ядзім самі, а заказваюць з райцэнтра.

З гэтага часу ў мясцовага мёду будзе новы брэнд: "Якасць праверана Прэзідэнтам". Але ёсць і даручэнне - развіваць пчалярства. Каб не 4 тоны, а салідныя аб'ёмы, так каб і людзей заняць, і зарплаты павысіць, і вярнуць землі да нармальнага жыцця.

Той жа падыход у дрэваапрацоўцы, рыбнай гаспадарцы, турызме і паляванні. Попыт вялізны. Бяспека гарантаваная. Але перашкаджаюць фармальныя загады т.з. Чарнобыльскай праграмы. Рашэнне перадаць усе паўнамоцтвы мясцовай улады Кіраўнік дзяржавы ўжо прымаў, але яно захраснула ў бюракратыі ўзгадненняў. Даручэнне неадкладнае - падрыхтаваць праект разам з навукоўцамі і вырашаць усе гаспадарчыя пытанні тут на месцы. Тут лепш бачна, чым з Мінска. А парадку і зацікаўленасці больш.

У запаведнай зоне прырода цалкам аднавіла свае правы. Жывёлы амаль не знаёмыя з чалавекам, і людзей не баяцца. Пакінутыя хаты абжываюць дзікія барсукі. У прысядзібных пабудовах замест кароў мірна пасуцца ласі. Можна сустрэць мядзведзяў, рысяў, чарапах… Папуляцыя зуброў за 30 гадоў вырасла ў 9 разоў. Прыродную існасць псуюць толькі пацямнелыя вясковыя хаты. У адну з іх, нумар 120, ламаючы маршрут, накіроўваецца Прэзідэнт.

Метровы быльнік ля ганка, разбітыя дзверы, але хата яшчэ трымаецца. Нібыта спадзяючыся - гаспадары вернуцца. У куту плеценая клапатлівам рукой этажэрка. Хтосьці ўклаў душу. Лідар рарытэт забірае з сабою. У яго маладосці была такая ж. Як і простая вясковая печ - карміцелька. Ну як пасля такога не ўспрымаць чарнобыльскую траўму Палесся як асабістую траўму.

Дарэчы, палескі запаведнік - адзінае месца ў краіне, дзе можна сустрэць каня Пржэвальскага, хоць з тэрыторыі Беларусі ён знік у 18 стагоддзі.

Ужо прыязджалі навукоўцы з Расіі, просяць прадаць хоць некалькіх коней для аднаўлення папуляцыі. Не меншым попытам, але ўжо ў беларусаў, карыстаюцца і звычайныя цяжкавозы з мясцовага эксперыментальнага цэнтра. Племянная конегадоўля павінна стаць брэндам раёна, упэўнены Прэзідэнт. І відавочна пад уражаннем ад прыгажосці жывёл просіць: прадай для асабістага падворка.

Аднавіць конегадоўлю пад Хойнікамі, дарэчы, першапачаткова была прэзідэнцкая задумка. І яна спрацавала. Сёння ў табуне звыш трох сотняў галоў. Толькі за год плюс 40 жарабят.

Палескі запаведнік ужо стаў сусветнай лабараторыяй вывучэння тэхнагенных катастроф. Па вопыт і тэхналогіі без аналагаў у Беларусь едуць з Расіі, Украіны, Еўрасаюза, Штатаў і Японіі. У планах - стварыць буйны даследчы цэнтр, дзе б свет спасцігаў навуку ўваскрэсення цяжкіх земляў.

Зрэшты, цяжкімі, яны застаюцца толькі да таго часу, пакуль не знаходзяць гаспадара. А ў Беларусі, на шчасце, зацятасць і гаспадарскі падыход - частка нацыянальнага характару, І яго не пад сілу змяніць нават самай страшнай тэхнагеннай катастрофе ў гісторыі чалавецтва.