У пятніцу Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з Пасланнем да беларускага народа і парламента

21 апреля 2013

Гэта тая падзея, якую потым увесь год успамінаюць чыноўнікі, звяраючы свае дасягненні з тымі планкамі, якія агучвае ў Авальнай зале Кіраўнік дзяржавы. І вось тут можа паўстаць пытанне,  пры чым тут свет, у Прэзідэнта, што ні пункт, то пра наша суверэннае быццё: мадэрнізацыя, інфарматызацыя, моладзь, а яшчэ зарплаты, дарогі і шмат чаго яшчэ, што складае наша, але ніяк не сусветнае жыццё. Аднак з гэтым цяжка пагадзіцца. Па-першае, Беларусь ужо даўно як мінімум эканамічна інтэграваная ў сусветную прастору, а па-другое, тыя ж дарогі - гэта як раз магутная частка той жа інтэграцыі, наш транзітны козыр, на які інвестары глядзяць з асаблівай цікавасцю. Зрэшты, гэта тактыка, а Пасланне, хутчэй, дакумент стратэгічны. Таму і ўвага да яго асаблівая. Якія ж задачы ставіць сёння перад сабою Беларусь? Дзе трэба быць гнуткімі, а ў якіх пытаннях мы не памяняем свае прынцыпы? Што гаварыў Прэзідэнт краіны, і што пачулі запрошаныя ў Авальнай зале.


Усе падрабязнасці ў Алесі Высоцкай.


Яго актыўна абмяркоўваюць  у калектывах…  Гавораць і на хатніх кухнях.    Пасланне закранула літаральна кожнага.


Было асаблівым па форме і змесце. І заявамі, годнымі загалоўкаў першапалосных артыкулаў.


Традыцыя звароту  Кіраўніка дзяржавы з Пасланнем ёсць у шматлікіх краінах свету, дзе развітая дэмакратыя. Але ў Беларусі ёсць вельмі адметная асаблівасць -  гэтае  Пасланне заўсёды звернутае да народа. Гэтыя красавіцкія тэзісы складаюць стратэгію, якая вызначае развіццё  краіны мінімум на год.


З гэтага ракурсу  Пасланне Прэзідэнта Зінаіда Мандроўская  раней яшчэ не бачыла. У гэтым скліканні памяняла месца ў зале…. У яе дэпутацкай кар'еры гэтае пятае Пасланне, але яна добра памятае і самыя першыя  выступленні Кіраўніка дзяржавы. Тады і прыярытэты былі іншыя, наогул і краіна іншая.


Сапраўды, за гісторыю пасланняў на працягу 17 гадоў добра бачныя прыярытэты на розных этапах станаўлення суверэнітэту.


Па пасланнях Прэзідэнта можна прачытаць нават эвалюцыю самой нацыянальнай свядомасці.


Так, у 2002-м галоўнае - вынікі прэзідэнцкіх выбараў і супрацьстаянне настойліваму націску звонку.


Сусветныя падзеі і месца Беларусі на міжнароднай арэне адкрывалі Пасланне ў 2003. Гаворка ішла пра двайныя стандарты, геапалітыку, але ў цэнтры, зразумела, заставаліся справы ўнутраныя.


Ні адно з пасланняў не абыходзілася без дэталёвага аналізу сітуацыі ў эканоміцы і сацыяльнага жыцця. Так, у 2005 галоўны пасыл - эканоміка для народа.


Марат Жылінскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: Такі прыцэл на найбліжэйшую перспектыву. Гэта, калі можна сказаць, як зверка гадзінніка. Мы бачым, як свет паскараецца, лакалізуецца. І гэта пасыл для выканаўчай улады, а таксама грамадству і парламенту.


У Пасланні 2010 года Аляксандр Лукашэнка крытыкаваў за няспрытнасць урад, цяганіну ў працы з інвестарамі. І для вырашэння праблем вылучае пяць  стратэгій.


Стаўка на сучасныя тэхналогіі, іх эфектыўнае ўкараненне. Гэтыя тэмы праходзяць праз усе пасланні. Актуальныя яны і сёння.


Зінаіда Мандроўская, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: Сёння, я лічу, прыярытэты ўжо расстаўленыя. Палітыка сацыяльная сфарміраваная, зараз час, каб развіваць вельмі сур'ёзна эканоміку. Мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, маем выдатныя рабочыя рукі. І галоўнае зараз  - даць раскрыцца патэнцыялу чалавечаму.


Задачы, пастаўленыя яшчэ тады, гэта поспех цяперашні. Так,  сярэдняя зарплата па краіне 500 долараў: пра гэта толькі марылі летась. На валютным рынку - спакойна, золатавалютныя рэзервы захаваныя. І больш за тое,  Беларусі ўдалося ўвайсці ў лік першых  пяцідзесяці дзяржаў па індэксе чалавечага развіцця. Гэта быў адзін з цэнтральных пасылаў  у 2010-м. А зараз гэта самы высокі паказчык па СНД. 


Але свет змяняецца хутка. І Прэзідэнт вылучае тры галоўныя патрабаванні часу: хуткасць, гнуткасць, творчасць.


Каб вынік замацаваўся, рос народны дабрабыт,  а тавары  былі канкурэнтаздольнымі на рынку, дзяржаве неабходна абнаўленне,  упэўнены Прэзідэнт. І ў гэтай ідэі  бачыць адразу тры магутныя нацыянальныя праекты: мадэрнізацыя, інфарматызацыя, падтрымка  моладзі. 


Пройдзем па пунктах.  Мадэрнізацыя.  Неабходнасць яе працягу  відавочная: пасля ўступлення Расіі ў СГА Беларусь ужо  фактычна працуе ва ўмовах Сусветнай гандлёвай арганізацыі. І крытэрый эфектыўнасці  застаецца  ранейшым  -  прадукцыя павінна даваць прыбытак. У ідэале гадавая выручка ад рэалізацыі   на аднаго чалавека - не менш за 60 тысяч долараў.


Сваім апанентам Прэзідэнт адказаў  канкрэтнымі прыкладамі.  У дрэваапрацоўку ў сваё час уклалі нямала сродкаў.  І ўжо падышлі да таго, што экспарт лесу-кругляка ўпершыню ў гісторыі будзе  цалкам спынены.  Радыкальная мадэрнізацыя  гарбарнай  і тэкстыльнай галін пазбавіць краіну ад дарагога імпарту.


Відавочныя плюсы  і ў мадэрнізацыі  нафтаперапрацоўкі.


Мадэрнізацыя ў сельскай гаспадарцы. Пасыл: браць не аб'ёмамі, а якасцю. Экспарт - 5 мільярдаў долараў за год Беларусь мае ўжо. Прэзідэнт патрабуе забяспечыць і фінансавую ўстойлівасць гаспадарак: закрэдытаванасць і стратнасць асобных - пакуль праблема.


Поспех  Прэзідэнт бачыць у беражлівым выкарыстанні рэсурсаў - матэрыяльных, фінансавых, працоўных. І перасцерагае ад карупцыі.


Другі маштабны нацыянальны праект -  інфарматызацыя грамадства.  Прэзідэнт даў даручэнне  стварыць  структуру, якая звяжа  інфармацыйна ўсю краіну  - ад эканомікі і адукацыі да кіравання і бяспекі.


Трэці праект  ужо ацанілі  і  ў ВНУ, і ў маладзёжных арганізацыях.  Надышоў час пераасэнсавання  ролі маладога пакалення ў палітыцы і  эканоміцы.


 Апроч пытанняў спорту, аптымізацыі сістэмы дзяржкіравання  Прэзідэнт спыніўся і на ўзаемаадносінах Беларусі з іншымі краінамі. Беларусь і Расія…. Палітычных рознагалоссяў няма. Беларусь і Еўропа - наша дзяржава скіравана на нармалізацыю дыялогу. І гарантуе, што  мост паміж Усходам і Захадам  будзе моцным.


  Імкненне зрабіць жыццё лепшым - галоўнае любой палітыкі. А галоўнае ў Год беражлівасці, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, берагчы адзін аднаго.