У Пекіне Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з шэйхам Мухамедам бен Рашыдам аль-Мактумам

26 апреля 2019

Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у ІІ Форуме міжнароднага супрацоўніцтва "Пояс і шлях", які сёння адкрыўся ў Пекіне.

Больш за пяць гадоў прайшло з моманту абвяшчэння Кітаем аднайменнай ініцыятывы -  платформы для супрацоўніцтва. Наша краіна адна з першых ацаніла і падтрымала ідэю стварэння транснацыянальных гандлёвых калідораў. І сёння Беларусь стала галоўным еўрапейскім лагістычным хабам у рамках кітайскай ініцыятывы. Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў удзел у працы сесіі на вышэйшым узроўні. У сваім выступленні наш Прэзідэнт занёс прапановы па развіцці глабальнай ініцыятывы і паглыбленні супрацоўніцтва на еўразійскай прасторы з акцэнтам на стварэнні раўнапраўнай і празрыстай сістэмы міжнароднага гандлю. Беларускі лідар заклікаў да каардынацыі дзеянняў краін - удзельніц ініцыятывы "Пояс і шлях", каб максімальна садзейнічаць пашырэнню эканамічнага супрацоўніцтва і зняццю наяўных бар'ераў.

На сёння больш за 150 краін і міжнародных арганізацый падпісалі з Кітаем пагадненні аб сумеснай рэалізацыі ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях". Беларусь з'яўляецца актыўным прыхільнікам удзелу ў гэтым глабальным праекце. Гэта прыносіць пэўныя дывідэнды ў выглядзе праектаў, якія рэалізуюцца як на тэрыторыі нашай краіны, так і пры яе ўдзеле на ўсім працягу "Пояса і шляху". У гэтыя дні  Пекін прымае кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў з 40 краін, уключаючы рэгіёны Азіі, Афрыкі, Еўропы, Лацінскай Амерыкі. Палітыкі выкарыстоўваюць гэтую магчымасць, каб правесці двухбаковыя перамовы. Учора ў Аляксандра Лукашэнкі адбылася сустрэча з вышэйшым кіраўніцтвам Кітая і Прэзідэнтам Узбекістана. А сёння - і з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам. Паміж краінамі склаліся трывалыя палітычныя адносіны. На такі высокі ўзровень трэба ўзняць і эканоміку. Летась узаемны тавараабарот склаў 148 мільёнаў долараў. Новыя кірункі ўзаемадзеяння і перспектыўныя праекты бакі абмяркуюць падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Сербію. Зараз фарміруецца яго праграма. 

На палях форуму "Пояс і шлях" Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся з Віцэ-прэзідэнтам, Прэм'ер-міністрам і Міністрам абароны ААЭ, кіраўніком эмірата Дубай шэйхам Мухамедам бен Рашыдам аль-Мактумам. Кіраўнік дзяржавы заявіў пра намер пашыраць супрацоўніцтва з гэтым рэгіёнам. Беларускі лідар неаднаразова здзяйсняў візіты ў ААЭ. Такі актыўны палітычны дыялог станоўча паўплываў і на рост узаемнага гандлю, і на прыток прамых інвестыцый з гэтай краіны. За мінулы год  яны склалі 44 мільёны долараў - гэта двухразовы рост за апошнія гады.