У Оршы праходзіць маштабная нарада з удзелам Прэзідэнта Беларусі

14 Жніўня 2018

Экзамен для Аршанскага раёна і лакмусавая паперка працы ўрада.

Што перашкаджае выконваць задачы па развіцці рэгіёна. Якая рэальная сітуацыя на прадпрыемствах і праблемы горада. Сёння ў Оршы праходзіць маштабная нарада з удзелам Прэзідэнта Беларусі. Прысутнічаюць кіраўнікі органаў дзяржкіравання і мясцовай вертыкалі, прадстаўнікі сфер прамысловасці, АПК, ЖКГ і іншых ведамстваў. Усяго больш за сотню чыноўнікаў.

Нагадаем, даручэнне Прэзідэнта па развіцці Аршанскага раёна гучала яшчэ ў леташнім Пасланні беларускаму народу і парламенту. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова адзначаў, што вынікі выканання гэтых задач стануць паказчыкам эфектыўнасці працы ўрада. Дарэчы, па гэтым рэгіёне лідар даў 126 даручэнняў. Для Беларусі Орша павінна стаць маяком у развіцці сярэдніх гарадоў. У краіне такіх 11. І звышзадача - раўнамернае размеркаванне прадукцыйных сіл па ўсёй краіне. А аршанскі прыклад павінен быў стаць узорам сістэмнай працы з такімі рэгіёнамі.

Напярэдадні Кіраўнік дзяржавы наведаў шэраг праблемных прадпрыемстваў у Оршы. Прычым, заехаў і туды, дзе Прэзідэнта зусім не чакалі. У выніку выявілася адкрытая безгаспадарчасць і павярхоўны падыход да даручэнняў. Напрыклад, на Аршанскім інструментальным заводзе людзі працуюць у жудасных умовах: сырыя цэхі, мінімум святла, станкі, часам удвая старэйшыя за спецыялістаў. На думку Аляксандра Лукашэнкі, гэта недапушчальна! Бо людзі - галоўнае! А памяшканні, дзе можна размясціць новыя сучасныя магутнасці, нават не рамантавалі: на сценах цвіль, ад вачэй утоеныя цэлыя могілкі старой тэхнікі. Але беларускі лідар зазірнуў і за зачыненыя дзверы! Даручэнні Прэзідэнта гучалі жорстка. За 4 месяцы прывесці плошчы ў парадак, цэхі абсталяваць станкамі вытворчасці завода "Чырвоны барацьбіт", які размешчаны побач. Такая сітуацыя і на Оршааграпраммашы. А ўбачанае на прадпрыемстве "Тэхніка сувязі" ў Барані інакш як бардаком не назавеш. Таму на нарадзе Прэзідэнт пазначае тэму нумар адзін - чаму не выкананыя даручэнні.

Падрабязнасці нарады, якая працягваецца гэтымі хвілінамі, у нашых наступных выпусках навін.