У Нур-Султане Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым

28 мая 2019

Прэзідэнт Беларусі прыбыў з рабочым візітам у Казахстан, дзе Кіраўнік дзяржавы ўжо заўтра прыме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Некалькі гадзін назад самалёт Аляксандра Лукашэнкі прызямліўся ў міжнародным аэрапорце ў Нур-Султане. 

Акрамя пашыранага саставу, на саміце чакаюцца і перамовы лідараў "еўразійскай пяцёркі" ў фармаце тэт-а-тэт. І адразу пасля прылёту   Прэзідэнт Беларусі сустрэўся са сваім калегам Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым. Лідары абмеркавалі адносіны дзвюх  краін і пацвердзілі намеры развіваць іх у такім жа прадукцыйным і добрым ключы, бо Казахстан - блізкі гандлёвы і прамысловы партнёр нашай дзяржавы. Сумесны тавараабарот перавысіў 900 мільёнаў долараў. Больш за тое, сетка беларускіх прадпрыемстваў уключае звыш 40 кампаній. 

Прайшла ў беларускага лідара яшчэ адна сустрэча: з першым кіраўніком Казахстана. Нурсултан Назарбаеў уручыў Аляксандру Лукашэнку аднайменны ордэн першага Прэзідэнта Казахстана - важную дзяржаўную ўзнагароду. Што да саміту ЕАЭС, то ўдзельнікі аб'яднання сабраліся ў пяцігоддзе саюза нездарма: кіраўніцтва "пяцёркі" абмяркуе прамежкавыя вынікі развіцця альянсу і вызначыць далейшыя перспектывы сумеснай работы. У першую чаргу гэта пытанні сумеснай эканамічнай інтэграцыі: фарміраванне агульнага і празрыстага рынку энергарэсурсаў, ухіленне перашкод у мытнай сферы. І праект "інтэграцыя інтэграцый" - стварэнне адзінай, безбар'ернай для гандлю і эканомікі прасторы ад Лісабона да Уладзівастока. Ідэя, дарэчы, належыць беларускаму боку. І ўжо па традыцыі, менавіта ў маі, лідары ЕАЭС зацвярджаюць асноўныя макраэканамічныя арыенціры на наступны год. 

Падрабязнасці важных палітычных перамоў - у нашых наступных выпусках.