У Мінску прайшло пасяджэнне Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў Садружнасці

5 июня 2014
Не толькі пытанні гарантавання харчовай бяспекі Саюзнай дзяржавы патрабуюць сумесных намаганняў… Новыя выклікі і пагрозы прымушаюць максімальна выкарыстаць інтэграцыйныя магчымасці СНД. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на яшчэ адной сустрэчы ў Мінску. У беларускай сталіцы прайшло чарговае пасяджэнне Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў Садружнасці. Пытанні барацьбы з міжнародным тэрарызмам, гарантаванне бяспекі падчас правядзення буйных міжнародных форумаў, процідзеянне кіберзлачыннасці і падвядзенне вынікаў працы антытэрарыстычнага цэнтра. Усяго на парадку дня было абмеркавана больш як 20 пытанняў.

З падрабязнасцямі Сяргей Шуманскі.

Пасяджэнне Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў - удзельнікаў СНД праходзіць ужо 36 раз. Сёлета кіраўнікі спецслужбаў Садружнасці сабраліся ў Мінску. 5 гадоў таму Беларусь ужо прымала ўдзельнікаў падобнага форуму. Але з тых часоў адбыліся сур'ёзныя змены як у свеце, так і ў самой СНД, у сістэмах глабальнай і рэгіянальнай бяспекі. Пачынаючы сённяшняе пасяджэнне, Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем адзначыў скарачэнне ўдзельнікаў сустрэчы, што ў першую чаргу абумоўлена выхадам з Садружнасці Незалежных Дзяржаў Грузіі. Аб падобных намерах сёння заяўляе і Украіна.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што органы бяспекі краін СНД павінны фарміраваць сумесныя механізмы рэагавання на дэстабілізуючыя фактары. Пры гэтым Прэзідэнт канстатаваў, што ў апошні час традыцыйныя міжнародныя інстытуты гарантавання бяспекі, на жаль, не заўсёды здольныя эфектыўна супрацьстаяць глабальным выклікам. Прычым гэтыя пагрозы не могуць быць нейтралізаваныя на ўзроўні асобных дзяржаў, процідзейнічаць ім можна толькі разам, шляхам аб'яднання намаганняў. І асаблівая роля ў дадзеным працэсе адведзеная спецслужбам, іх уменню аналізаваць і прагназаваць развіццё становішча, якое складваецца.

У сваім выступленні Прэзідэнт таксама адзначыў, што беларускі бок гатовы падзяліцца з калегамі вопытам гарантавання бяспекі маштабных мерапрыемстваў. Зусім нядаўна наша краіна прадэманстравала і даказала ўсяму свету, што здольная праводзіць найбуйнейшыя сусветныя форумы, падобныя чэмпіянату свету па хакеі.

Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на праблему міжнароднага тэрарызму. Яго ачагі найболей трагічна выяўляюцца на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы. Аднак усё актыўней экстрэмісцкія ідэі пранікаюць у Еўропу і, на жаль, у краіны СНД. Прэзідэнт падкрэсліў, што тэрарыстычныя праявы правакуюць маштабныя сацыяльныя канфлікты, тым самым наносячы шкоду міждзяржаўным адносінам. Не менш пільную ўвагу Аляксандр Лукашэнка заклікаў звярнуць і на пытанні барацьбы з карупцыяй.

Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам кіраўнікі службаў бяспекі СНД пачалі абмеркаванне бягучых і будучых сумесных праектаў. Аднымі з асноўных сталі пытанні гарантавання бяспекі падчас правядзення буйных міжнародных форумаў, процідзеянне кіберзлачыннасці і падвядзенне вынікаў працы антытэрарыстычнага цэнтра летась. Усяго ж на парадку дня знаходзілася каля 20 пытанняў.

За 17 гадоў працы Савет кіраўнікоў органаў бяспекі і спецслужбаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў падрыхтаваў і разгледзеў больш як 60 праектаў дакументаў аб узаемадзеянні, абмене інфармацыяй, выпрацоўцы шляхоў сумеснага гарантавання нацыянальнай і калектыўнай бяспекі на прасторы СНД. За гэты час Савет прасунуўся ў лік самых паспяховых і эфектыўных органаў Садружнасці.

У 2015 годзе ўсе краіны СНД будуць адзначаць 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. З улікам гэтага кіраўнікі дзяржаў Садружнасці аб'явілі наступны год Годам ветэранаў, зацвердзілі адзіную юбілейную ўзнагароду і адзіны план асноўных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і святкаванні гадавіны. Гэтым планам прадугледжваецца каля 90 сумесных праектаў. Менавіта памяць аб агульнай перамозе і трагічныя ўрокі мінулай вайны, на думку ўдзельнікаў сённяшняй сустрэчы, павінны згуртаваць усе краіны Садружнасці і не дапусціць новых кровапраліццяў.