У Мінску абмяркоўвалі новыя ўзаемавыгадныя шляхі супрацоўніцтва Беларусі і Чалябінскай вобласці Расіі.

27 апреля 2015

Беларусь і Чалябінская вобласць Расіі - партнёры даўнія і надзейныя. Сёння ў Мінску абмяркоўвалі новыя ўзаемавыгадныя шляхі супрацоўніцтва. Як адзначыў падчас сустрэч Прэзідэнт Беларусі, бакі звязвае багаты вопыт сумеснай працы ў машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, іншых галінах. Але тэндэнцыя апошніх двух гадоў - скарачэнне тавараабароту - падштурхоўвае да пошуку шляхоў выхаду. І тут узровень развіцця машынабудавання і абаронна-прамысловага комплексу Беларусі і Чалябінскай вобласці і могуць стаць добрай базай для стварэння сумесных прадпрыемстваў і атрымання высокатэхналагічнага, канкурэнтаздольнага прадукту. У прыватнасці, нашай краіне цікавы ўдзел у станкабудаўнічым кластары ў Чалябінскай вобласці. Беларускі бок гатовы падзяліцца паспяховым вопытам у галіне сельскай гаспадаркі. Апроч эканамічнага складальніка краіны звязваюць моцныя гістарычныя карані. І пра гэта таксама ўспаміналі сёння. Падрабязнасці сустрэчы - у Вольгі Макей.

Мінск зноў упрыгожвае расійскі трыкалор. Дэлегацыя Чалябінскай вобласці толькі за гэты год стала ўжо 7-м расійскім рэгіёнам, што прыбыў на перамовы ў беларускую сталіцу. Афіцыйную частку візіту губернатар Чалябінскай вобласці пачынае з ускладання вянкоў да манумента Перамогі. Вялікі подзвіг, якому ўжо 70, як ні што іншае аб'ядноўвае дзве дзяржавы.

Да Беларусі ў Барыса Дуброўскага стаўленне асаблівае, ужо пазней распавядзе губернатар Прэзідэнту. Бацька родам з Віцебскай вобласці. Таму ў Беларусь ён прыбывае на дзень раней, каб без мітусні і тэлекамер пабываць у родных месцах.

Каб дрэва эканамічнага супрацоўніцтва расло і прыносіла плён, бакі і садзяцца за стол перамоў. Толькі разам можна пераадолець любыя негатыўныя тэндэнцыі. Тавараабарот Беларусі і Чалябінскай вобласці больш за 300 мільёнаў долараў. Але можа быць і большы, упэўнены палітыкі.

Чалябінская вобласць у Беларусі купляе шыны, халадзільнікі, запчасткі для аўто і прадукты харчавання. Асаблівым попытам карыстаецца малочка. З Паўднёвага Урала нам вязуць часткі для машын і трактароў, жалеза і сталь, нікель, цынк і іншае.

Па індустрыяльнай моцы Чалябінск уваходзіць у дзясятку гарадоў Расіі. І вырабляе амаль палову металаў краіны. На тэрыторыі вобласці паўтара дзясятка металургічных прадпрыемстваў. Сярод іх і найбуйнейшы ў СНД - Магнітагорскі камбінат. На гэтым прадпрыемстве Барыс Дуброўскі прапрацаваў 35 гадоў. Выпускаюць у рэгіёне трактары, вагоны, дарожныя машыны і знакамітыя грузавікі "Урал".

Такая развітая, як і ў Беларусі, прамысловасць - трывалы фундамент для будаўніцтва вытворчай кааперацыі. На вузлах і агрэгатах з Чалябінска ўжо даўно ездзяць БелАЗы, беларускія трактары і сельгастэхніка. Каб тавараабарот рос, трэба знайсці новыя шляхі супрацоўніцтва.

Чалябінская вобласць - магутны сельскагаспадарчы рэгіён Расіі. Як і ў Беларусі, развіта тут малочная і мясная жывёлагадоўля. У асобных рэгіёнах ёсць танкарунная авечкагадоўля. Дарэчы, гэты вопыт могуць запазычыць беларускія спецыялісты, бо ў нашай краіне не першы год рэалізуецца праграма па развіцці гэтай галіны. На чарназем'ях паўднёвага Урала вырошчваюць пшаніцу. І тэхніка на палях у асноўным беларуская. Праўда, парк значна знасіўся, патрабуе абнаўлення. Беларусь гатовая падставіць плячо.

Барыс Дуброўскі, губернатар Чалябінскай вобласці Расіі: "50% тэхнікі, якая працуе ў нас у аграпрамысловым комплексе, выраблена на беларускіх прадпрыемствах. Вы заўважылі нашу мару аб стварэнні станкабудаўнічага кластара. Разглядаем супрацоўніцтва з заводам Кастрычніцкай рэвалюцыі. У плане гэтай ідэі ёсць разуменне. У распрацоўцы тэхнічных рашэнняў - стварэнне ліцейнай вытворчасці".

Аб стварэнні сумеснага прадпрыемства сёння гаварылі ў антуражы цэхаў. Дэлегацыі Чалябінскай вобласці паказалі, што можа беларускае станкабудаванне. Абсталяванне гэтай вытворчасці выкарыстоўваюць у 40 краінах свету. Сёння дамовіліся аб рэалізацыі першых этапаў супрацоўніцтва, на заўтра запланавана падпісанне дакумента аб стварэнні сумеснага прадпрыемства ў Чалябінскай вобласці.

Станкабудаванне ў Расіі пакуль у зародкавым стане, распавядае губернатар. Толькі 5% рынку забяспечана ўласнай вытворчасцю, астатняе імпарт.

У сярэдзіне мая ўжо беларускія спецыялісты адправяцца ў Чалябінскую вобласць, каб пазнаёміцца з вытворчасцю, абмеркаваць выпуск неабходных мадэляў станкоў, умовы пастаўкі дэталяў і навучанне спецыялістаў.

Віктар Бутко, генеральны дырэктар ААТ "МЗОР" - кіруючая кампанія холдынга "Белстанкаінструмент": "Уральскі рэгіён - гэта самы буйны рэгіён Расіі па машынабудаванні. А калі губернатар Чалябінскай вобласці прапаноўвае, давайце будзем супрацоўнічаць, я вам акажу падтрымку - гэта дарагога варта. Таму мы ўжо даўно прапрацоўваем, не сёння, а з мінулага года аб стварэнні сумеснага прадпрыемства ў Чалябінску. Падрыхтавалі дакументы і перамовы сённяшнія - гэта такі штуршок для таго, каб перайсці ў актыўную фазу працы".

Чалябінск - адзін з самых добраўпарадкаваных гарадоў суседняй краіны. Займае 5 месца па колькасці жылля, якое ўзводзіцца. А па даступнасці кватэр для насельніцтва - на 1 месцы ў Расіі. Толькі за мінулы год у вобласці, дзе жывуць 3 з паловай мільёны чалавек, пабудавалі больш за 2 мільёны квадратных метраў жылля. У планах расійскага рэгіёна і абнаўленне гарадскога транспарту - ад аўтобусаў да электрычак. Беларусь гатовая дапамагчы.

Чалябінск - гэта яшчэ і спартыўна-культурны цэнтр Урала. Таму ёсць цікавасць да беларускага вопыту ўзвядзення сацыяльна-забаўных аб'ектаў. Такіх, напрыклад, як аквапарк або "Мінск-Арэна". Заўтра дэлегацыя наведае гэты найбуйнейшы спартыўны аб'ект Беларусі.

Сумесныя праекты абмяркоўвалі і на сустрэчы ва ўрадзе. Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў чарговы раз канстатуе, што супрацоўніцтва з рэгіёнамі - моцны падмурак беларуска-расійскіх адносін. Сёння бакі падпісалі своеасаблівую дарожную карту супрацоўніцтва да 2017 года. А Гомель і Магнітагорск сталі пабрацімамі.

У расійскім рэгіёне разлічваюць на ўмацаванне эканамічных мастоў. Таму ўжо заўтра дэлегацыя наведае беларускія прадпрыемствы па вытворчасці сельскагаспадарчай і дарожнай тэхнікі. У планах і будаўніцтва мастоў паветраных, бо паміж Мінскам і Чалябінскам 2,5 тысячы кіламетраў, а прамых авіязносін пакуль няма. Гэты прабел плануюць выправіць.