У мерапрыемствах да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС возьме ўдзел Прэзідэнт Беларусі

26 апреля 2017

Сёння спаўняецца 31 год са дня самай страшнай катастрофы ў гісторыі атамнай энергетыкі. У мерапрыемствах да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС возьме ўдзел Прэзідэнт Беларусі.

Сёння Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка разам з украінскім калегам Пятром Парашэнкам наведаюць атамную станцыю і найбліжэйшыя аб'екты. Асноўную ўвагу нададуць працам па падтрыманні радыяцыйнай бяспекі, што, безумоўна, у інтарэсах жыхароў абедзвюх краін. Лідары азнаёмяцца з будаўніцтвам новага саркафага і захоўваннем адпрацаванага ядзернага паліва, ушануюць памяць ліквідатараў і пацярпелых падчас аварыі. Наступствы катастрофы закранулі многія краіны Еўропы. Але больш за ўсё пацярпелі Украіна і Беларусь, асабліва Гомельская вобласць. Усяго ж ў зоне забруджання апынуліся больш як двзе з паловай тысячы населеных пунктаў нашай краіны.

Сёння ж Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка правядуць перамовы на тэрыторыі Беларусі. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць двухбаковае супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы, а таксама палітычнае ўзаемадзеянне, міжнародны парадак дня і далейшыя намаганні па мірным урэгуляванні канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны.