У Касцюковічах Аляксандр Лукашэнка гарантаваў развіццё спецпраграмы для пацярпелых ад Чарнобыля раёнаў Магілёўшчыны

15 августа 2019

Гістарычнае перараджэнне паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці. Ад буйных вытворчых комплексаў  да сацыяльнага жылля, школ, бальніц і спартыўных аб'ектаў: Прэзідэнт учора пабываў з рабочай паездкай у гэтым рэгіёне.

У Касцюковічах Аляксандр Лукашэнка гарантаваў развіццё спецпраграмы для пацярпелых ад Чарнобыля раёнаў Магілёўшчыны. Апошнія чатыры гады  гэтым рэгіёнам займаліся ўрад і мясцовая ўлада. Надалей жалезны кантроль над рэалізацыяй кожнага праекта будзе ісці з вышэйшага ўзроўню. Цэнтральным звяном у ланцужку развіцця гэтых земляў павінны стаць эфектыўныя прадпрыемствы. Гаворка ідзе пра будаўніцтва вялікіх жывёлагадоўчых комплексаў і буйны рыбны кластар (толькі каштоўныя і экзатычныя для Беларусі стронга і асятровыя). У дадатак  праз раёны плануюць пусціць  другі еўразійскі транспартны калідор. Ён злучыць Еўрасаюз, Расію і Казахстан, а паралельна палепшыць усю сетку мясцовых дарог.

Ведаючы, што Кіраўнік дзяржавы знаходзіцца ў рэгіёне, на галоўнай вуліцы Касцюковіч сабралася шмат людзей. Падчас размовы Аляксандр Лукашэнка растлумачыў мэту свайго візіту, гаварылі пра ператварэнне гэтых земляў і пра тое, калі людзі адчуюць эфект перамен. У гутарцы прымалі ўдзел і мясцовыя жыхары, і госці райцэнтра.

Абнавіць нацыянальную праграму рыбагаспадарчай дзейнасці - такое даручэнне Прэзідэнт даў падчас наведвання аднаго з участкаў холдынга "Лахва" па вытворчасці стронгі. На тэрыторыі знаходзіцца рыбагадавальнік, дзе штогод выгадоўваюць 700 тон таварнай рыбы. І ёсць рэзервы для павелічэння аб'ёмаў. Прэзідэнт пакаштаваў стронгу гарачага і халоднага вэнджання, чырвоную ікру і адзначыў іх высокія смакавыя якасці. Абноўленыя прапановы для развіцця рыбгасдзейнасці ў краіне  павінны падаць Прэзідэнту ўжо сёлета.