У гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС пацярпелыя рэгіёны па традыцыі наведвае Прэзідэнт

26 апреля 2013

Cёння Беларусь успамінае чарнобыльскую трагедыю. Аварыя ў суседняй Украіне  ў 1986 закранула тры краіны, у тым ліку і нашу суседку Расію. Але сёння мы зноў гаворым пра тое, што тады Беларусь апынулася з трагедыяй адзін на адзін. Вялізныя сродкі дзяржава вылучала і працягвае вылучаць на рэабілітацыю пацярпелых тэрыторый, на тое, каб абараніць забруджаныя землі, абараніць для жыцця. І, самае галоўнае, на адрасную дапамогу людзям.


Усе гэтыя гады землі пад няпростым штампам забруджаная тэрыторыя не былі кінутыя. Тут трэба ўспомніць пра дзяржпраграму развіцця рэгіёну. І найважнейшае – пра пастаянную ўвагу з боку кіраўніцтва краіны. І сёння, у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС, пацярпелыя рэгіёны па традыцыі наведвае Прэзідэнт. Працоўны дзень Аляксандра Лукашэнкі прайшоў у Гомельскай вобласці. Хойніцкі раён. Гаворка ішла не столькі пра дапамогу, колькі пра перспектывы. Сёння тут вырошчваюць чыстую прадукцыю, мяняецца аблічча гарадоў і вёсак. Тут, на сваёй зямлі, жывуць і працуюць людзі. І Кіраўнік дзяржавы ставіў перад імі канкрэтныя задачы: па пасяўной (завяршыць да пачатку мая), па вытворчасці прадукцыі, па стварэнні працоўных месцаў. Падрабязнасці - у Алесі Высоцкай.


 


Дагледжаныя прыгожыя вулачкі... Маці, якія бестурботна гуляюць з каляскамі. Старыя, што адпачываюць на вясновым сонейку. Пра тую аварыю сёння нагадваюць, бадай, толькі папераджальныя знакі ў лясах. Хоць яшчэ 27 гадоў  таму існаванне тут хоць якога-небудзь жыцця здавалася неймаверным. Але мясцовы ЗАГС - добры барометр.


У нейкай ступені  ў гэтых зямель перавагі перад усімі іншымі. Бо яны пад асаблівым кантролем Кіраўніка дзяржавы. Вось і  гэты раз адразу пасля прылёту Аляксандр Лукашэнка  перш за ўсё пацікавіўся не ў чыноўнікаў, а ў дэпутата   Палаты прадстаўнікоў Святланы Чакан, як тут ідуць справы і што гавораць людзі.


Кожны год, пачынаючы з 1995, Аляксандр Лукашэнка прыязджае сюды, каб асабіста пагутарыць з простымі жыхарамі і праінспектаваць, як выконваюцца даручэнні, дадзеныя падчас мінулых паездак.


Напрыклад, 2001. Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.  Маршрут ад Нароўлі да Хойнікаў. Шэраг дакладных акцэнтаў:   рацыянальнае выкарыстанне гэтых багатых зямель, радыялагічная бяспека  людзей. І галоўнае - стварэнне нармальных умоў для жыцця і вядзення гаспадаркі. 


Да гэтых жа тэм вяртаюцца  праз год ужо ў Мазыры і Гомелі. Пад кантроль узяты даўгабуд з часоў перабудовы - спецдыспансер. Сёння  гэта адна з лепшых  клінік з унікальным  абсталяваннем і спецыялістамі.   Створаны першым чынам для беларусаў у дыспансеры лечаць зараз  і ўкраінцаў, і расіян. Пераймаць вопыт прыязджалі японцы.


Пералічыць усе даручэнні, дадзеныя Кіраўніком дзяржавы падчас рабочых паездак па так званых  чарнобыльскіх рэгіёнах, а галоўнае, вынік іх выканання - нерэальна. Паказальны 2004  год – 10-дзённая кропкавая работа. І калі  зірнуць на карту  поўдня краіны, на ёй сёння практычна не застанецца не ахопленых увагай тэрыторый.  А гэта дазваляе гаварыць ужо не аб рэабілітацыі, а аб аднаўленні  гэтых зямель,  гаворыць  дырэктар мясцовай гаспадаркі Судкова. Неабходныя меры засцярогі - і на выхадзе экалагічна чысты прадукт.


Стаўку тут зрабілі на кукурузу. Яна  практычна не збірае радыяцыю. На ўрадлівай  палескай зямлі яна дае  высокія ўраджаі - распавялі Кіраўніку дзяржавы.  На дапамогу аграрыям прыйшлі тэхналогіі.


Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ходам пасяўной у  рэгіёне. Падыход, як усюды ў краіне: пасеяць максімальна хутка, бо на тэрміны і так  паўплывала зацяжная зіма.


Прэзідэнт нагадаў пра меліярацыю. Неаднаразова давалася даручэнне  распарадзіцца  гэтымі землямі разумна.  Яшчэ адна тэма - угнаенні. Прэзідэнт запатрабаваў спыніць купляць іх за валюту.


Сельскагаспадарчая тэма прадоўжылася на малочна-таварным комплексе. Гэта эксперыментальная база Стрэлічава. Яе  пабудавалі два гады таму, завезлі племянную жывёлу. Рэнтабельнасць малака нядрэнная. Чакана Аляксандр Лукашэнка задаў пытанне: як выконваецца даручэнне па будаўніцтве і мадэрнізацыі такіх комплексаў у цэлым у краіне.  Крытыкі чыноўнікам пазбегнуць не ўдалося.


Як на гэтых землях можна   атрымліваць чыстую і  прыбытковую прадукцыю, паказалі і на прадпрыемстве Малочныя прадукты. Якасць тэстуецца ў лабараторыі. Робіцца ўсё з выкананнем дзяржаўных стандартаў.


Рэалізуюцца два буйныя праекты. Адзін з іх - па перапрацоўцы сыроваткі -  дазволіць стварыць  50 новых  працоўных месцаў. А ўжо сёння гадавая выручка на аднаго работніка  больш за 120 тысяч долараў. У перспектыве і зусім 280.  Аб гэтым, дарэчы,  гаварылася ў Пасланні Прэзідэнта  беларускаму народу і парламенту, дзе ўсім ставілася задача -  дасягнуць 60 тысяч долараў.


Сёння гэта адзін з самых паказальных у краіне холдынгаў. Прыклад буйных кампаній, на  стварэнні якіх Кіраўнік дзяржавы  акцэнтаваў увагу  ў Пасланні.  Стварэнне ланцужка ад сыравіннай базы да цэха рэалізацыі прадукцыі і яе прасоўвання тут  дае вынік.


Тут вырабляюць  глазураваныя сыркі, смятану, тварог,  сыры, сухую малочную сыроватку.  І ёсць  перспектыва на пашырэнне асартыменту.


Такая моцная вытворчая база, зразумела, дае магчымасць развіваць і сацыяльную сферу.   На невялікі гарадок ёсць і два стадыёны, амфітэатр, уладкаваны парк, спартыўны бар.


Грошы ўкладваюцца  і ў ахову здароўя. Як вынік - паніжэнне дзіцячай смяротнасці.  Развіваецца спорт.  Любімы від спорту жыхароў Хойнікаў - футбол. Мясцовая Славія, дарэчы, прабілася ў вышэйшы дывізіён, чым  прыцягнула да  футбола   моладзь. Ведаючы аб   захапленні дзяцей спортам, Прэзідэнт падарыў    спортінвентар.


Упадабаным месцам  адпачынку мясцовых жыхароў  даўно стаў гэты прыгожы парк. У летнім амфітэатры, які пабудаваны напярэдадні Дня пісьменнасці два гады таму,  Аляксандра Лукашэнку чакалі тыя, хто хацеў асабіста задаць пытанне  Прэзідэнту.  Пытанняў было мала, у асноўным гаварылі дзякуй за тое, што жыццё тут наладзілася.


Пыталіся аб газіфікацыі. Прасілі ўключыць Хойнікі ў дзяржпраграму па паводках - раён пастаянна падтапляе.  Гаварылі і аб замацаванні  на месцах маладых спецыялістаў, выдзяленні ім жылля.  Прэзідэнт паабяцаў да гэтай тэмы вярнуцца ў найбліжэйшы час.


Кіраўнік дзяржавы запэўніў: улада працягне актыўнае развіццё пацярпелых тэрыторый. Зрэшты, пабываўшы ў Хойніках,  можна зрабіць выснову: там, дзе жывуць і працуюць людзі, чарнобыльская праблематыка  адыходзіць.