У чацвер Кіраўнік дзяржавы прыняў шэраг важных кадравых рашэнняў

8 декабря 2019
Будаўніцтва ўнутранай вертыкалі ўлады - у цэнтры ўвагі на гэтым тыдні. Выбудоўваць палітыку будучыні Беларусі трэба будзе  і новым прызначэнцам. У чацвер Кіраўнік дзяржавы прыняў некалькі важных кадравых рашэнняў. Прызначэнне новых асоб  стала для шматлікіх, у тым ліку і для нас, нечаканасцю. 

Так, Адміністрацыю Прэзідэнта з гэтага часу ўзначальвае  былы намеснік старшыні КДБ Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адкрыта распавёў, чаму кіраўніком па сутнасці свайго палітычнага штаба ён выбраў менавіта сілавіка (такое адбываецца ўпершыню, і ваганняў, паводле слоў  Прэзідэнта, было шмат.) Адным з прыярытэтаў работы на новым месцы для Ігара Сергеенкі  стане кадравае пытанне. 

А вось пасада намесніка кіраўніка Адміністрацыі была вакантнай. Валерыя Міцкевіча абралі ў парламент сёмага склікання. На яго месца Прэзідэнт прызначыў Вольгу Чупрыс. Яна прафесар, да гэтага працавала прарэктарам БДУ. Зрэшты, яе запал і любоў на ўсё жыццё - юрыдычны факультэт БДУ. А таму зусім не дзіўна, што Аляксандр Лукашэнка даручыў ёй узяць на кантроль менавіта пытанні заканадаўства і адміністрацыйна-прававыя рэжымы. 

У Наталлі Качанавай,  а яна на пасадзе  кіраўніка палітычнага штаба адпрацавала  3 гады,  з гэтага часу новая пасада, прычым не менш адказная. Яна заняла адно з 8-мі месцаў Савета Рэспублікі па квоце Прэзідэнта. І ўжо ў пятніцу была абраная спікерам верхняй палаты парламента. Па рашэнні беларускага лідара, кампанію ёй у Савеце Рэспублікі складуць Анатоль Ісачанка - яго, дарэчы, выбралі віцэ-спікерам, Міхаіл Русы і Сяргей Рачкоў  узначаляць профільныя камісіі.

Вызначыліся ў канцы тыдня і са старшынёй ніжняй палаты парламента. А вось тут ніякай інтрыгі -  чацвёрты раз месца спікера зойме Уладзімір Андрэйчанка. Яго кандыдатуру шляхам таемнага галасавання падтрымалі 109 са 110 дэпутатаў.