У Вялікай размове з Прэзідэнтам закранулі ўвесь спектр пытанняў: ад знешнепалітычных да эканамічных і сацыяльных

4 февраля 2017

Адкрыта і шчыра на ўсе тэмы і самыя вострыя пытанні. Кіраўнік дзяржавы напярэдадні сустрэўся з прадстаўнікамі грамадскасці і сродкаў масавай інфармацыі - беларускіх і замежных.

У Вялікай размове з Прэзідэнтам, якая доўжылася рэкордныя 7 гадзін 20 хвілін, прынялі ўдзел паўсотні журналістаў, якія прадстаўляюць дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ, а таксама каля ста экспертаў. Быў закрануты ўвесь спектр пытанняў, якія хвалююць грамадства, - ад знешнепалітычных да эканамічных і сацыяльных. Адно з асноўных - рост зарплат і пенсій у Беларусі. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, яны могуць быць павышаныя толькі за кошт эфектыўнай працы эканомікі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што атрымліваць больш будзем тады, калі вырабім больш і якасней, а пасля прададзім па больш высокай цане.

Блок пытанняў датычыўся спраў у беларуска-расійскіх адносінах. Што адбываецца паміж Мінскам і Масквой? У апошні час назапасіўся шэраг нявырашаных праблем.

Яшчэ адна тэма - увядзенне Расіяй пагранічнай зоны на межах з Беларуссю. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, гэта з'яўляецца чыста палітычным выбрыкам. У свой час наша краіна неаднаразова прымала рашэнне не закрываць мяжу з Расіяй, нягледзячы на розныя знешнія фактары. Прэзідэнт падкрэсліў, бязвізавы ўезд у Беларусь ніяк не адаб'ецца на нацыянальнай бяспецы Расіі. Мытны і пагранічны кантроль замежнікаў мы адмяняць не будзем.

У рамках маштабнага дыялогу абмяркоўваліся і іншыя актуальныя тэмы: вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за мінулы год, праблематыка смяротнай кары, становішча ў сферы бяспекі, турыстычны патэнцыял дзяржавы, будаўніцтва БелАЭС і шматлікія іншыя.