У Бішкеку завяршыўся саміт АДКБ

29 Лістапада 2019
Лідары краін - удзельніц Арганізацыі на спецыяльнай сесіі абмеркавалі самыя актуальныя тэмы і вострыя пытанні. І хоць для журналістаў пасяджэнне прайшло за зачыненымі дзвярамі, прэс-службы апублікавалі тэзісы выступленняў. Прэзідэнт Беларусі заклікаў калег зрабіць упор на мірныя ініцыятывы. Асабліва гэта датычыцца палітычнага супрацьстаяння вядучых сусветных дзяржаў. Абмеркавалі і тэму НАТА. Альянс актыўна нарошчвае войскі на сваіх усходніх межах, а гэта мяжа краін АДКБ. Адзначыў Аляксандр Лукашэнка і рэгіянальныя канфлікты. Адна з галоўных бед Еўропы - вайна ў Данбасе. Спыніць яе і вярнуць мір усходу Украіны - прыярытэтная задача. 

Таксама з першага студзеня наступнага года пасаду Генеральнага сакратара АДКБ зойме Станіслаў Зась - сакратар Савета бяспекі Беларусі. У цэлым жа глабальны парадак дня Арганізацыі - сур'ёзная падстава экспертам і палітолагам абмеркаваць, якія крокі ў далейшым зробіць ваенна-палітычны блок.

Дарэчы, ужо праз месяц старшынства ў АДКБ пяройдзе Расіі. Аднак менавіта саміт у Бішкеку азначыў галоўныя мэты аб'яднання на наступныя 12 месяцаў: лічбавы нейтралітэт, абмен вопытам з міжнароднымі арганізацыямі, узаемадзеянне з ШАС. Беларусь прапанавала прыняць шматбаковую палітычную дэкларацыю аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці, каб знізіць градус напружання паміж геапалітычнымі гульцамі.